Калючынская вуліца (Гродна)

Калючынская вуліца
Гродна
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Ранейшыя назвы Калючынская, Калюжынская, Калужанская, Каложанская, Турэмная, Каложская, Вендзэнная, Злотарская, Марыенбургштрасэ, Пасіянарыі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Калючынская вуліца - вуліца ў цэнтральнай частцы горада Гродна. Размешчана паміж вуліцай Тэльмана і Савецкай плошчай. Працягласць - каля 500 метраў. Вуліца мае гістарычную назву, за час свайго існавання змяніла больш за дзесятак назваў: Калючынская (1560), уліца Калючынская, якая ідзе ад Гарадніцы да Рынку (1680), вуліца Калючынская, якая ідзе з Рынку каля школ (1775), Калюжынская (1775-1783 гг.), Калужанская (1824), Каложанская, Турэмная (1903), Каложская + Вендзэнная(1922), Калючынская + Злотарская (1937), Марыенбургштрасэ, Пасіянарыі, Калючынская.

Упершыню вуліца ўзгадваецца ў "Памеры на валокі горада Гродна" ў 1560, аднак яна магла ўтварыцца значна раней. Вуліца выходзіяа з паўночна-ўсходняга рагу рынку у кірунку Гарадніцы. Сваю назву атрымала ад прозвішча самага буйнога домаўладальніка - Калючыны (у "Памеры..." адзначалася: "Калючына мае дом дваранскі"). У XVI ст. забудова была драўлянай, на ёй, акрамя шляхціча Калючыны, жылі рамеснікі: каваль Іванка, Марцін хлебнік, кушнер Міхалка, Сеўка чабатар, Мацей рагознік, Хведар замочнік.

У XVII - XVIII ст. вуліца ператварылася ў другасную гарадскую артэрыю і стала выконваць ролю дадатковай адносна вуліцы Віленскай і вуліцы Златарскай. Камісарская рэвізія 1680 г. адзначала больш шчыльную забудову вуліцы, але дамы таксама былі драўлянымі. Тады ж паступова пачалося выцясненне з ліку ўладальнікаў нерухомасці мяшчан: восем надзелаў належала гарадскім рамеснікам, а чатыры - магнатам і царкве. Сядзібамі на Калючынскай валодалі езуіты, дамініканцы, а таксама Радзівілы, юрыдыка якіх раскінулася ўздоўж усходняга боку вуліцы. У XVIII ст. склад насельніцтва значна памяняўся: тут былі пабудаваны дамы гродзенскага маршалка Юндзіла, Віленскага біскупа, магнатаў Тызенгаўзаў і Александровічаў.

У XIX ст. назва Калючынская трансфармавалася спачатку ў "Калужанскую" а затым "Каложанскую", а частка сучаснай вуліцы Калючынскай каля цяперашней Савецкай плошчы называлася Турэмнай вуліцай ці завулкам Турэмным. БУдынкі на вуліцы моцна пашкоджаны пажарам 1885, пасля якаго вуліца пачала забудоўвацца каменнымі дамамі, і ў 1910 большасць будынкаў былі ўжо каменныя.

На 1907 г. па вул. Калажанскай дамамі валодалі: № 1 (скрыжаванне з вул. Іванаўскай) - Салавейчык; № 2 - Карасік; № з - Ратнер; № 4 - Зідранскі; № 5 - Рыман; № 6 - Ліпшыц; № 7 - Чарток; № 8 - Катхе; № 9 - Катхе; № 10 - Ліфшыц; №11 - Левандоўскі; № 12 - Сокал; № 13 - Пік; № 14 - Катхе (з 1910 - Паплаўскі); № 15 - Фрумкін; № 1б - Кнотц; № 17 (скрыжаванне з Гімназічным завулкам) - Сірэйскі; № 18 - Гажанскі; № 20 (скрыжаванне з вул. Паліцэйскай) - пляц лютэранскага таварыства. У 1907 па вул. Турэмнай дамамі валодалі: № 8 - Яноўскі; № іо - Фрайдовіч; а ў 1910 па вул. Турэмнай ад вул. Параднай да вул. Паліцыйнай, дамамі валодалі: № 1 (скрыжаванне з вул. Паліцэйскай) - турма; № 2 - Курляндскі; №4 - Яноўскі; №6 (скрыжаванне з завулкам Гімназічным) - Фрайдовіч.

На Калючынскай у розны час мясціліся даходныя дамы, канторы, дзяржустановы, гатэль "Пецярбург", электрамлын, дзве харчовыя, мануфактурная і тытунёвая крамы, а таксама камера судовага прыстава Шастакоўскага пры Акружным судзе (1894), кватэра прыватнага паверанага Лінке (1895), упраўленне начальніка артылерыі 2-га корпуса(1903); агенцтва 2-га Расійскага страхавога таварыства, агенцтва Паўночнага страхавога таварыства (дом Кнота). Па вул. Турэмнай мясцілася прыватнае яўрэйскае жаночае вучылішча.

3 1930-х гг. пачалася называцца зноў Калючынская, а з прыходам савецкая ўлады ў 1944 вуліца перайменавана Пасіянарыі.

Асноўная гістарычная забудова адносіцца да перыяду пасля пажару 1885 - пачатку 20 ст. У 1960-х гг. у сувязі з будаўніцтвам кінатэатра "Гродна" па вуліцы Савецкая, будынак якога стаў акурат пасярод вуліцы, вуліца аказалася падзеленай на дзве часткі - да кінатэатра і пасля.

Напачатку 1990-x быў пад выглядам рэканструкцыі амаль поўнасцю быў знесены квартал насупраць турмы (былой вуліцы Турэмнай) - дамы Прэйскага, Фрайдовіча і Яноўскага. Таксама існуе пагроза, што з магчымым зносам дома па вул. Калючынскай № 23 пад выглядам рэканструкцыі і будаўніцтвам гандлёвага цэнтра, найбольш старадаўняя частка вуліцы поўнасцю страціць сваю гістарычную планіроўку.

Літаратура

  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы - 17-я кніга кніжнай серыі ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА. ISBN 978-83-61617-77-8

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya