Ксенія Алегаўна Луцкіна
Ксенія Алегаўна Луцкіна (нар. 14 лютага 1984) — беларуская журналістка, стваральніца цыкла «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)», былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі. Палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. БіяграфіяКсенія нарадзілася ў расійскім горадзе Перм, дзе яе бацька-беларус вучыўся ў Вышэйшым вучылішчы ракетных войск і пасля служыў, і дзе ажаніўся з маці Ксеніі, якая працавала ў Пермі настаўніцай. Пасля бацьку перавялі ў Петрыкаў (Ксеніі тым часам было толькі 5 месяцаў), а адтуль — у Слуцк, дзе Ксенія вучылася ў 10-й слуцкай школе: «Чарнобыльскі пясок Ксенія ў прамым сэнсе ела ў 1986 годзе ў Петрыкаве, дзе я спачатку служыў. Потым мяне перавялі ў Слуцак, а сям’я яшчэ заставалася ў Петрыкаве. І калі адбылася аварыя, я быў на дзяжурстве, камандзір палка даведаўся, што сям’я ў зоне, і загадаў мне тэрмінова ехаць і забіраць родных. Я ўбачыў Ксенію ў пясочніцы, схапіў дзіця пад пахі і павёз сям’ю ў Слуцак»[1]. У школе вельмі цікавілася гісторыяй, па якой займала прызавыя месцы на алімпіядах. Пасля навучалася на гістарычным факультэце БДУ, які скончыла з адзнакай. Пасля заканчэння ўніверсітэту ад свайго аднагрупніка, Аляксандра Мацяса, які тым часам ужо працаваў на тэлебачанні, атрымала запрашэнне таксама паспрабаваць працу на тэлебачанні[2]. У Белтэлерадыёкампаніі Луцкіна займалася стварэннем дакументальных фільмаў на гістарычныя тэмы. У 2008 годзе стала шэф-рэдактарам «Студыі дакументальнага кіно». Аўтарка праектаў «Terra incognita» («Невядомая Беларусь)» (у 2013—2016 гадах было знята і паказана больш за 140 праграм, у 2013 годзе каманда «Terra incognita» атрымала дзве нацыянальныя прэміі «Тэлевяршыня» — за найлепшую тэматычную праграму і за найлепшы дызайн[3]) і серыі дакументальных драматычных фільмаў «Сямейныя гісторыі», таксама стварыла больш за 20 дакументальных фільмаў і каля 50 кароткаметражных стужак, рыхтавала рэпартажы з Чарнобыльскай зоны «Зямля страчаная. Зямля здабытая», якія прысвяціла сваёй бабулі, якая была ў ліку ліквідатараў наступстваў аварыі (за гэты цыкл з чатырох фільмаў Луцкіна таксама атрымала «Тэлевяршыню» ў 2017 годзе)[1][4]. У 2012 годзе Луцкіна перанесла складаную неўралагічную аперацыю: ёй выдалілі дзве пухліны ў мозгу. У 2013 годзе Луцкіна скончыла аспірантуру гістарычнага факультэта БДУ. Падзеі вакол выбарчай кампаніі 2020 года вымусілі Луцкіну ў канцы жніўня 2020 года звольніцца з тэлебачання пасля 15 лет працы там, яна далучылася да асноўнага складу Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай. Таксама планавала стварыць альтэрнатыўны канал аб’ектыўных навін, з праектам якога ёй дапамагала ў тым ліку Акадэмія Прэс-клуба[2], першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені 2021 на Youtube. За некалькі дзён да затрымання Луцкіна запісала відэазварот да былых калег з дзяржаўных СМІ, які яе сябры выклалі ўжо пасля яе затрымання: «Мы абвясцілі забастоўку, бо хочам займацца журналістыкай, а не прапагандай. Мы сыйшлі, бо было сорамна называць сваё месца працы»[5]. Сын — Мацвей. Палітычны пераследЛуцкіна была затрымана 22 снежня 2020 года на Бульвары Мулявіна ў Мінску, у яе кватэры правялі ператрус (на момант пачатку ператрусу ў кватэры быў толькі сын Луцкінай, дзесяцігадовы Мацвей) канфіскавалі камп’ютар, тэлефон, флэшкі і дакументы, яе змесцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Першапачаткова Луцкінай было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), яна праходзіла па так званай справе «Press Club Belarus». 13 студзеня 2021 года сумеснай заявай адзінаццаці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, Луцкіну разам з іншымі арыштаванымі па справе прэс-клубу прызналі палітычнай зняволенай[6]. 18 лютага 2021 шэфства над палітвязынкай узяў дэпутат Нацыянальнага Савета Федэральнага Сходу Швейцарыі Бэнджамін Родуі , які заявіў «Свабода слова, у прыватнасці прэсы, з’яўляецца адным з асноўных правоў любой дэмакратыі. Мы не можам мірыцца з тым, што дзяржава, якая прэтэндуе на дэмакратычнасць, не паважае гэтае права. З гэтай прычыны журналістку Ксенію Луцкіну трэба неадкладна вызваліць»[7]. 19 жніўня 2021 года супрацоўнікі Прэс-клуба выйшлі на волю паводле памілавання да суда, дзеля чаго яны прызналі віну і падпісалі прашэнні на імя Аляксандра Лукашэнкі, а іх родныя сплацілі 200 тысяч беларускіх рублёў (палову сумы сплацілі родныя заснавальніцы Прэс-клуба Юліі Слуцкай, прадаўшы нерухомасць, другая часта была сплачаная з рахунку Прэс-клуба). Луцкіна нічога не падпісвала, бо, па словах Слуцкай, «яна не можа прыняць віну ў тым, да чаго не мае ніякага дачынення. На ўсіх допытах мы заўжды гаварылі, што Ксенія і яе аператар Дзяніс Сакалоўскі не маюць ніякага дачынення да дзейнасці „Прэс-клуба“. Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, які праводзіў „Прэс-клуб“, і яе праект быў у ліку пераможцаў», і засталася пад арыштам[8]. Пасля закрыцця справы Прэс-клуба Луцкінай выставілі новае абвінавачанне паводле арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Вядома, што нейкі час Луцкіну трымалі ў адной камеры СІЗА разам з галоўнай рэдактаркай tut.by Марынай Золатавай. У СІЗА-1 у Луцкінай сур’ёзна пагоршыўся стан здароўя: зноў пачала расці пухліна ў мозгу, праз што Ксенія адчувала вялікі боль, некалькі месяцаў атрымлівала ўколы абязбольвальных, таксама праз умовы ў камеры абвастрылася бранхіяльная астма. 28 верасня 2022 года Луцкіну асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі[9]. У межах вызвалення палітвязняў у Беларусі ў 2024 годзе ў жніўні выйшла на волю па памілаванні[10]. У 2025 годзе была эвакуяваная з Беларусі[11]. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia