Манастыр базыльян (Орша)
Манастыр базыльян — помнік архітэктуры позняга барока ў Оршы. Размешчаны па адрасе Музейны завулак, 12, на правым беразе р. Аршыца. Ансамбль складаўся з царквы Апекі Маці Божай (1758—1774; не захавалася) і прыбудаванага да яе жылога корпуса. Гісторыя![]() ![]() Быў заснаваны ў 1642 г. уніяцкім мітрапалітам Антоніем Сялявам. Першапачаткова будынкі былі драўляныя[1]. У 1758—1774 гг. на сродкі старосты пеліканскага Іосіфа Ляпкоўскага[2] і са згоды яго брата ротмістра Міхаіла[3] на іх месцы змураваны двухпавярховы жылы корпус і ўніяцкая царква ў імя Пакрова Божай Маці[1]. Пасля заснавальнік уступіў у базыльянскі ордэн, прыняў імя Іосіф (Юзаф), у 1771 годзе стаў архіепіскапам смаленскім і пасля смерці быў пахаваны ў манастыры ў 1778 годзе[2]. У вопісе 1798 г. паведамляецца аб мураваным манастыры з царквой Пакрова Прасвятой Божай Маці. Жылы корпус двухпавярховы, мае два крылы, прычым адна частка не завершана. Тэрыторыя манастыра была абгароджана мураванай сцяной[1]. У 1832 годзе базыльянскі комплекс перададзены праваслаўным[1] — мужчынскаму Пакроўскаму манастыру. У жылых карпусах размясцілася духоўнае вучылішча. Царква была перабудавана і набыла рысы класіцызму[1]. У 1850-я гг. над сяродкрыжжам пабудаваны высокі драўляны барабан з купалам[1][2]. Зроблены новы іканастас[1]. 19 кастрычніка 1904 года на зямлі, якая належала манастыру, пры здабычы вапняковага каменю на глыбіні не больш за аршын знойдзены парэшткі костак маманта — нага з чашкаю і галёнкай, велічынёй у рост чалавека, дзве часткі сківіцаў з зубамі, рабро і некалькі дробных разламаных костак[4]. 8 чэрвеня 1905 года ўраган знёс драўляны купал над сяродкрыжжам. У 1930-я гг. комплекс перададзены краязнаўчаму музею[1]. У 1967[1] годзе царква была ўзарвана. Жылы корпус выкарыстоўваўся пад жыллё. Архітэктура![]() Складаўся з аб’яднаных у адзіны асіметрычны архітэктурны комплекс царквы Пакрова Божай Маці і жылога корпуса. Тэрыторыя манастыра была абгароджана мураванай сцяной. Царква ўяўляла сабой трохнефавую крыжова-купальная двухвежавую базіліку. Над сяродкрыжжам быў узведзены высокі драўляны барабан з купалам. Мела мураваныя алтары ў імя Пакрова Багародзіцы, Распяцця Гасподняга і велікамучаніка Васіля[2]. Манастырскі копус вырашаны Г-падобным у плане 2-павярховым на высокім паўпадвальным паверсе будынкам пад вальмавым дахам. Сцены метровай таўшчыні крапаваны слаістымі пілястрамі і руставанымі лапаткамі, расчлянёны пазбаўленымі ліштваў прамавугольнымі аконнымі праёмамі і нішамі-блендамі паміж імі. Абодва паверхі маюць галерэйную планіроўку. У паўднёва-ўсходняй частцы размешчана лесвічная клетка і зала-трапезная. Астатнія памяшканні плошчай да 36 м² адводзіліся для жылля і працы. Моцныя сцены таўшчынёй 1 м аблегчаны нішамі. Перакрыцце 1-га паверха — крыжовыя скляпенні, 2-га — плоская бэлечная столь, паўпадвальнага паверха — цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia