Міхаіл Антонавіч Гаўсман

Міхаіл Антонавіч Гаўсман
Дата нараджэння 17 лістапада 1817(1817-11-17)
Месца нараджэння
Дата смерці кастрычнік 1889 (71 год)
Род дзейнасці гісторык, краязнавец, археолаг, калекцыянер
Месца працы
Альма-матар

Міхал Антонавіч Гаўсман (1817 — 1889) — беларускі гісторык, краязнавец, археолаг і калекцыянер.

Біяграфія

Міхал Леапольд фон Даманьскі Гаўсман нарадзіўся 17 лістапада 1817 г. у Рэчыцкім павеце, пра што сведчыць адпаведны запіс у метрычнай кнізе царквы Брагінскага кляштара базыльянаў. Яго бацька, Антон, таленавіты музыкант, кіраваў аркестрам у Гарадзішчы — маёнтку Ракіцкіх недалёка ад Брагіна[1].

Пасля заканчэння ў 1834 годзе Мазырскага павятовага вучылішча, Міхаіл Гаўсман у 1841 годзе паступіў на службу ў канцылярыю Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу. Ён хутка прасоўваўся па службе і ў 1850 г. стаў сакратаром канцылярыі[1].

Зімой 1854 года Гаўсман дапамагаў Уладзіславу Сырокомлю ў зборы матэрыялаў для гістарычнай манаграфіі пра Мінск. Сырокомля з удзячнасцю адзначыў у сваёй кнізе, што ён «…паказаў нам, дзе працякала Няміга, паведаміў некалькі фактаў з мясцовай гісторыі…»[1].

У 1857 г. ён пабудаваў новы мураваны дом на рагу Новага Места і Кашарнай вуліцы (сучасны Аляксандраўскі сквер і вул. Чырвонаармейская). У ім размяшчаўся гарадскі клуб з бібліятэкай і залай для балаў і канцэртаў[1].

У ліпені 1863 года Міхаіл Гаўсман быў арыштаваны за прыналежнасць да рэвалюцыйнай арганізацыі і высланы спачатку ў Вільню, а затым у г. Тоцьму Валагодскай губерні. Пасля судовага разбору ў 1864 г. ён быў рэпрэсаваны. Далейшы яго лёс невядомы[1].

Вядома толькі, што ў 1867 г. ён жыў у Варшаве і, верагодна, у 1876—1877 гг. пасля зняцця абвінавачвання вярнуўся ў Мінск. Тут ён усё сваё вольнае ад службы жыццё прысвяціў вывучэнню гісторыі роднага краю[1].

У «Мінскіх губернскіх ведамасцях» за 1877—1878 гг. выйшла некалькі яго краязнаўчых артыкулаў пра гісторыю Мазыра, Слуцка, Навагрудка і Заслаўя. У 1877 годзе была выдадзена яго кніжка пра Тураў[1].

Сучаснікі ўспаміналі, што М. Гаўсман «…капашыўся ў архівах, працаваў над гістарычнай манаграфіяй пра Мінск, мінулае якога вывучаў з вялікім захапленнем…», але гэты твор так і не быў надрукаваны. Відаць, працаваць над кнігай пра гісторыю Мінска ён пачаў яшчэ ў 1850-х гг., пра што сведчаць яго кантакты з У. Сырокомлем[1].

А. Ельскі сведчыць, што М. Гаўсман займаўся археалогіяй: калі ў Мінску ў 1880 г. была арганізавана археалагічная выстаўка, «…Гаўсман прымаў у ёй актыўны ўдзел як арганізатар і сакратар…», ён таксама згадваецца як вялікі знаўца старажытнасцяў і іх збіральнік[1]. Збіраў матэрыялы па археалогіі, прадметы побыту беларусаў, творы мастацтва. У адным са сваіх будынкаў у Мінску арганізаваў хатні музей. Дапамагаў яму ў зборах бацька Янкі Лучыны — Люцыян Неслухоўскі[2].

Памёр Міхал Гаўсман у Мінску ў кастрычніку 1889 г. Газета «Kraj» апублікавала некролог, падпісаны беларускім пісьменнікам і гісторыкам А. Ельскім[1].

«Гістарычнае апісанне губернскага горада Мінска і губерні»

У аддзеле рукапісаў Інстытута рускай літаратуры Расійскай акадэміі навук (Пушкінскі дом) у фондзе часопіса «Русская старина» захоўваецца рукапіс пад назвай «Гістарычнае апісанне губернскага горада Мінска і губерні». Гэта копія працы невядомага аўтара, перададзеная ў рэдакцыю часопіса 9 сакавіка 1882 г. для публікацыі. Рукапіс уяўляе сабой тоўстую вялікага фармату сшытую кнігу ў якасным цвёрдым пераплёце, якая складаецца са 120 аркушаў, запоўненых з абодвух бакоў тэкстам. Фактычна гэта краязнаўчая манаграфія, прысвечаная гісторыі Мінска і падрыхтаваная да друку[1].

«Гістарычнае апісанне губернскага горада Мінска і губерні» з’яўляецца кампіляцыяй ранейшых публікацый і з’яўляецца краязнаўчай працай, тыповай для другой паловы XIX ст. Найбольшы інтарэс уяўляе частка, прысвечаная апісанню Мінска, дзе аўтар шмат увагі надае архітэктурным помнікам і іншым славутасцям. Тут фактычна дадзены гістарычна-культурны і этнаграфічны партрэт Мінска 1850-1870-х гг. Праўда, у многіх месцах М. Гаўсман пераказвае апісанне Мінска, пададзенае П. Шпілеўскім у вядомай кнізе «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1858), аднак ён дадае і шмат новых, раней не апублікаваных звестак[1].

Праца пачынаецца з кароткага апісання панарамы Мінска з боку Барысаўскага і Ігуменскага трактоў, а затым усяго горада — ад Новага Рынку да Траецкай гары. Затым аўтар пераходзіць да выкладання гісторыі Мінска, якую ён спрабуе падаваць на шырокім фоне палітычнай гісторыі Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага. Пасля агляду гістарычных падзей Х—ХVI стст. шмат увагі надаецца помнікам манументальнай архітэктуры ХVI—XVIII стст. Прыводзяцца даты, хоць не заўсёды дакладныя, фундацый каталіцкіх кляштараў. Больш падрабязна выкладзена гісторыя мінскіх праваслаўных храмаў і манастыроў; тут аўтар упершыню аспрэчвае гіпотэзу клерыкальных гісторыкаў пра дату заснавання ў Мінску Уваскрасенскага манастыра. Абапіраючыся на аналіз тэксту адной з мемарыяльных пліт, якая знаходзілася ў Уваскрасенскай царкве, ён досыць пераканаўча даказвае, што гэтая пліта адносіцца, хутчэй за ўсё, да мяжы XVI—XVIII стст., а не да 1000 года, як, напрыклад, сцвярджаў царкоўны гісторык архімандрыт Мікалай. У рукапісе таксама прыведзены арыгінальны тэкст на гэтай пліце. Прыведзены з кароткімі каментарамі спіс цэркваў і манастыроў, што існавалі ў Мінску ў XIX ст[1].

Далей выкладаюцца гістарычныя падзеі да далучэння Мінска да Расійскай імперыі ў 1793 г. і стварэння Мінскага намесніцтва і губерні. Дадаецца падрабязны агляд Мінска другой паловы XIX ст. Завяршаецца праца дэталёвым апісаннем падзей, звязаных з утварэннем Мінскай губерні[1].

Аўтарства

Праца не падпісана і не датаваная, аднак, час напісання даволі лёгка вызначыць, напрыклад, паводле згадкі пра «…цяперашняга губернатара г. Чарыкава…», які кіраваў Мінскай губерняй з 1875 па 1879 г[1].

Упершыню спробу вызначыць аўтара працы зрабіў М. Асмалоўскі ў сваёй кнізе пра архітэктуру Мінска, дзе ён прывёў наступны аргумент: «…Рукапіс мае подпіс С. Г. … Аўтарам згаданага рукапісу, верагодна, з’яўляецца мінчанін С. Гаўсман». Гісторыку Уладзіміру Дзянісаву пры ўважлівым вывучэнні рукапісу ніякага подпісу «С. Г.» выявіць не ўдалося. Аўтарства Міхала Гаўсмана (а не С. Гаўсмана, як сцвярджаў М. Асмалоўскі) пацвярджаюць два біяграфічныя факты, якія маюцца ў тэксце рукапісу. У самым пачатку працы ён кажа пра сябе: «…упершыню я наведаў гэты горад [Мінск] у 1834 годзе, будучы яшчэ юнаком і маючы ўяўленне пра веліч толькі такіх гарадоў, як Рэчыца і Мазыр…». Другі факт сведчыць, што ён займаўся археалогіяй і ўдзельнічаў у 1850-х гг. у археалагічных раскопках у Астрашыцкім Гарадку разам з К. Тышкевічам, «…уласнымі рукамі здабыў больш за 20 прадметаў з бронзы»[1].

У «Летапісе горада Мінска», апублікаваным А. Смародскім у «Памятнай кніжцы Мінскай губерні» за 1891 і 1892 гг., многія фрагменты рукапісу «Гістарычнае апісанне губернскага горада Мінска і губерні» перапісаныя амаль даслоўна. У пераліку крыніц, выкарыстаных Смародскім, указваецца і «…рукапіс Гаўсмана», што пацвярджае яго аўтарства[1].

Крыніцы

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Денисов В. Н. К истории одной неопубликованной рукописи // Книга в Белоруссии. — Мн., 1988. — С. 123—140.
  2. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.

Літаратура

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya