Піянер (кінатэатр, Мінск)
«Піянер» — кінатэатр у цэнтры Мінска, размешчаны па адрасе вуліца Энгельса, 20. Дзеліць будынак з тэатрам лялек. Будынак кінатэатра і тэатра лялек — прыклад арганічнага сінтэзу архітэктуры і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва[1]. Гісторыя![]() Пабудаваны ў 1965 годзе па праекце архітэктараў Г. Заборскага і Л. Левіна як спецыялізаваны дзіцячы шырока-экранны кінатэатр[1]. Першапачаткова «Піянер» праектаваўся як двухзальны кінатэатр. Аднак у выніку праект быў зменены і будынак падзялілі на тэатр лялек і ўласна кінатэатр[2]. Кінатэатр адкрыўся ў лютым 1966 года фільмам рэжысёра Льва Голуба «Пушчык едзе ў Прагу», які быў зняты на «Беларусьфільме» і пражскай студыі «Барандаў»[2]. У 1980-я кінатэатр арганізаваў кінаклуб «Профіль», дзе праводзіліся рэтраспектывы знакамітых аўтараў. У 2000-я ў кінатэатры паказвалі знакамітыя індыйскія фільмы пры падтрымцы пасольства Індыі[2]. Станам на 2016 год у калектыве кінатэатра быў прафесійны мастак, які працягваў маляваць гуашай афішы. Такім чынам «Піянер» заставаўся адзіным кінатэатрам у Мінску, дзе захоўвалася гэтая практыка[2]. АрхітэктураПастаўлены па рэльефе са значным перападам вышынь, што абумовіла ўзвядзенне падпорнай сценкі, умацаванай бутавым каменем, і шырокай лесвіцы[1]. Асноўная частка будынка ўяўляе сабой значны па памерах лаканічны прамавугольны аб’ём, да якога з тыльнага фасада прылягаюць больш нізкія дапаможныя прыбудовы. Архітэктурны акцэнт зроблены на галоўным фасадзе, які вырашаны паглыбленым перспектыўным парталам з двума сіметрычнымі ўваходамі па баках. Цэнтральная частка фасада мае суцэльнае зашкленне, рытмічна расчлянёна металічным каркасам. Верхні схіл партала аформлены мазаікай на казачныя і навукова-фантастычныя тэмы[1]. Строга сіметрычнае вырашэнне фасада адпавядае арганізацыі ўнутранай прасторы. Будынак уключае дзве залы на 400 месцаў кожная (для кінапаказаў і тэатра лялек), вялізнае фае з зімовым садам, дэкаратыўным басейнам і дробнай скульптурнай пластыкай. Аздобу інтэр’ера дапаўняюць пано «Шчаслівае дзяцінства» (мастакі Яўген Зайцаў і Іван Ціханаў), дзе дзеці розных народаў у акружэнні птушак і звяроў цешацца мірным жыццём[3], і каваныя металічныя рашоткі з выявамі жыхароў падводнага і ляснога царстваў, якія аддзяляюць антрэсольныя паверхі па баках фае[1].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia