Перамога (кінатэатр, Мінск)
Кінатэа́тр «Перамо́га» — кінатэатр у горадзе Мінску, помнік архітэктуры пасляваеннага перыяду аўтарства Іосіфа Лангбарда і Міхаіла Бакланава ў стылі сацыялістычнага класіцызму. Месціцца па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 20. ГісторыяДа 1920 года на месцы кінатэатра месціўся кляштар бенедыкцінак XVII стагоддзя. У 1920-я гады было прынятае рашэнне пра будаўніцтва ў Менску клуба харчавікоў на месцы былога кляштара бенедыктынак, праект распрацаваў Андрэй Бураў. Будынак клуба харчавікоў (пазней клуб імя Сталіна) быў пабудаваны ў 1929 годзе ў стылі канструктывізму і меў складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю з глыбокім курданёрам. Будынак клуба быў моцна пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны ў 1944 годзе[1]. Праектныя работы па аднаўленні і рэканструкцыі будынка клуба пад кінатэатр «Перамога» пачаліся на пачатку 1946 года ў інстытуце «Белдзяржпраект» пад кіраўніцтвам Палкоўнікава[2]. Праектная прапанова прадугледжвала размяшчэнне кінатэатра з захаваннем і аднаўленнем усяго аб’ёму былога клуба. Варыянт праекта Палкоўнікава не прынялі. У 1947—1948 гадах праект аднаўлення быў перапрацаваны пад кіраўніцтвам Іосіфа Лангбарда. Ён скарэктаваў папярэдняе праектнае рашэнне, значна скараціў бакавыя крылы галоўнага фасада ў даўжыні і правы рызаліт у шырыні, раскрыў плошчу перад будынкам і выдзеліў цэнтральную частку порцікам. Праектнае заданне, распрацаванае Лангбардам, было зацверджана Архітэктурным саветам Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР 16 лістапада 1947 года. На яго аснове ў 1948 годзе распрацаваны тэхнічны і рабочы праекты рэканструкцыі былога клуба ў кінатэатр «Перамога». На гэтым этапе праектавання разам з Лангбардам узялі ўдзел архітэктар Міхаіл Бакланаў і інжынер-канструктар Арлоў[2]. Былі захаваны асноўныя канструктыўныя элементы былога клуба (акрамя часткі па вуліцу Інтэрнацыянальнай), а фасады былі выкананы ў формах сацыялістычнага класіцызму. Заканчэнне будаўніцтва і адкрыццё кінатэатра адбылося ў 1950 годзе[1]. У 1986—1989 гадах праведзены капітальны рамонт кінатэатра са заменай канструкцый і пакрыцця даху[2], поўнай зменай інтэр’ернага аздаблення. З 1 студзеня 2017 года будынак быў на рэканструкцыі, але фактычна работы пачаліся ў лютым 2022 года. Падчас работ адноўлены гістарычны выгляд фасадаў помніка, а таксама аздабленне і каларыт часткі памяшканняў. Перад будынкам адрознай па колеры брукоўкай паказаны страчаныя крылы клуба харчавікоў, якія выступалі да вул. Інтэрнацыянальнай і ўтваралі ўваходны курданёр. З пачатку ліпеня 2024 года кінатэатр зноў адкрыты. Цяпер гэта мультыплекс (5 залаў, самы вялікі на 184 месцы)[3]. АрхітэктураПры будаўніцтве выкарыстаныя рэшткі разбуранага ў Другую сусветную вайну клуба харчавікоў (архітэктар Андрэй Бураў, 1929). Да прамавугольнага ў плане аб’ёму з 2 бакоў далучаныя больш нізкія аб’ёмы, якія выступаюць за агульныя контуры збудавання. Цэнтральная частка галоўнага фасада прыўзнятая, выканана ў выглядзе манументальнага чатырохкалоннага порціка, перад ёй высокі ганак. Бакавыя фасады расчлянёныя лапаткамі, дэкараваныя ляпнымі элементамі. Вокны прамавугольныя. Асновай кампазіцыі будынка ёсць глядзельная зала (першапачаткова на 600 месцаў), злучаная агульным фае з малой лекцыйна-канцэртнай залай. У малой зале 2 рады квадратных калон, уздоўж сцен вестыбюля калоны карынфскага ордара з развітым антаблементам, на які апіраюцца крыжападобныя скляпенні. У астатніх частках будынка столь плоская. У архітэктуры будынка, аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаныя элементы класіцызму[4]. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia