Рыга Мастэрс 2017 (англ.: Riga Masters 2017, таксама вядомы як Kaspersky Riga Masters 2017 ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 23 па 25 чэрвеня 2017 года на арэне Рыга ў Рызе, Латвія. Турнір стаў чацвёртым розыгрышам турніру, які быў заснаваны ў 2014 годзе і да 2015 года праходзіў у рамках нізкарэйтынгавай серыі Players Tour Championship. Кампанія Kaspersky lab у чацвёрты раз запар спансавала Рыга Мастэрс. Прызавы фонд турніру склаў £227,000, з якіх £50,000 атрымаў пераможца.
Пераможцам турніру стаў Раян Дэй, які перайграў на сваім шляху да тытула Дэвіда Джона ў кваліфікацыі (4:1), Бары Хокінса (4:3), Роберта Мілкінса (4:1), Кайрэна Уілсана (4:3), Джо Пэры ў чвэрцьфінале (4:0), Марка Уільямса ў паўфінальным матчы (5:4) і Стывена Магуайра ў фінальным паядынку з лікам 5:2. Такім чынам, 37-гадовы валіец выйграў першы рэйтынгавы турнір у сваёй кар'еры пасля чатырох паразаў у фінальных паядынках. Апроч таго, гэтая перамога паспрыяла ўздыму Дэя ў сусветным рэйтынгу на тры пазіцыі (з 18-й на 15-ю).
Прызавыя грошы
Прызавы фонд турніру павысіўся прыблізна на £77,000 у параўнанні з леташнім спаборніцтвам, склаўшы £227,000. Колькасць прызавых грошай пераможцы турніру павысілася ў параўнанні з леташнім розыгрышам прыкладна на £12,500, склаўшы £50,000.
Згодна з грашовай рэйтынгавай сістэмай, якая прыняла статус афіцыйнай з сезона 2014/2015, прызавыя грошы сталі эквівалентнымі рэйтынгавым ачкам. Такім чынам, рэйтынг снукерыста стаў адлюстроўваць суму прызавых грошай, якія ён зарабіў на рэйтынгавых турнірах за апошнія два гады.
Дасягненне
Прызавыя
Пераможца
£50000
Фіналіст
£25000
Паўфіналісты
£15000
Чвэрцьфіналісты
£6000
1/8 фіналу
£4000
1/16 фіналу
£2000
1/32 фіналу
£1000
Найвышэйшы брэйк
£2000
Агульны прызавы фонд
£227000
Максімальны брэйк
£10000
Максімальны брэйк у кваліфікацыі
£500
Фармат турніру
На Рыга Мастэрс 2017 прынялі ўдзел 128 гульцоў, з якіх 116 — удзельнікі мэйн-тура і 12 — аматары (2 — уладальнікі ўайлдкард). 120 гульцоў — усе, акрамя удзельнікаў адкладзеных матчаў стартавага раўнда, — пачалі турнір з адзінага кваліфікацыйнага раўнда ў фармаце матча на выбыванне, які праходзіў на працягу трох дзён з 31 мая па 2 чэрвеня 2017 года (за 3 тыдні да асноўнай стадыі) на арэне Гільд Хол у Прэстане, Англія. Адкладзеныя матчы кваліфікацыі гуляліся ўжо ў першы дзень турніру на асноўнай арэне, у выніку чаго лічыліся матчамі асноўнай стадыі. У 1/64 фіналу пары былі размеркаваныя паводле выпадковага лёсавання. Такім чынам, у асноўную стадыю праз кваліфікацыю прайшлі 60 снукерыстаў, да якіх далучылася 8 удзельнікаў адкладзеных матчаў 1/64 фіналу.
60 пераможцаў кваліфікацыйнага этапа і 4 пераможцы адкладзеных матчаў кваліфікацыі гулялі ў асноўнай стадыі на выбыванне, пачынаючы з 1/32 фіналу. Улічваючы, што пары 1/32 фіналу вызначаліся паводле лёсаваня кваліфікацыі, то ўся сетка турніру была сфарміравана паводле выпадковага лёсавання. Шэсць раўндаў асноўнай стадыі (а таксама адкладзеныя кваліфікацыйныя паядынкі) праходзілі на працягу трох дзён (другі і трэці раўнды праходзілі ў адзін дзень, таксама як і тры апошнія стадыі) на Арэне Рыга.
У 54 матчах кваліфікацыйнай стадыі Рыга Мастэрс 2017 было выканана 14 соценных серый. Сяа Гадун і Джымі Робертсан аформілі па два сэнчуры-брэйкі ў сваіх матчах. Тыя ж самыя Сяа Гадун у матчы супраць Роры Мак-Лаўда і Джымі Робертсан у матчы супраць Мартына О'Донэла выканалі брэйкі ў 132 ачкі, якія сталі найвышэйшымі ў кваліфікацыі спаборніцтва.
Ніжэй прадстаўлены ўдзельнікі, упарадкаваныя па іх найвышэйшай серыі на турніры. Насупраць пералічаны ўсе соценныя брэйкі кожнага гульца.
У 62 матчах асноўнай стадыі Рыга Мастэрс гульцы аформілі 24 соценныя брэйкі. Колькасць брэйкаў, вышэйшых за 50 ачкоў, дасягнула 190 серый, што ў сярэднім азначае каля 3.1 паўсоценных серый у матчы.
Лідарам па колькасці соценных серый стаў фіналіст спаборніцтва Стывен Магуайр з трыма сэнчуры-брэйкамі. Па колькасці серый «50+» лідарам стаў пераможца турніру Раян Дэй, які зрабіў 18 паўсоценных серый, дзве з якіх перавысілі 100 ачкоў. Стывен Магуайр аформіў 14 паўсоценных серый, а паўфіналіст Марк Уільямс — 10. Эндру Хігінсан выканаў найвышэйшы брэйк на спаборніцтве ў 140 балаў ў матчы другога раўнда супраць Джона Эстлі.
Ніжэй прадстаўлены ўдзельнікі, упарадкаваныя па іх найвышэйшай серыі на турніры. Насупраць пералічаны ўсе соценныя і паўсоценныя брэйкі кожнага гульца.