Рэспубліка Боснія і Герцагавіна
Рэспубліка Боснія і Герцагавіна — дзяржава-папярэднік сучаснай Босніі і Герцагавіны. Існавала з моманту дэкларацыі незалежнасці ад СФРЮ ў 1992 годзе да поўнага ўступлення ў сілу Дэйтанскага пагаднення ў 1997 годзе. Большая частка гісторыі дзяржавы прыпадае на Баснійскую вайну, незадоўга да пачатку якой харвацкай і сербскай меншасцямі на тэрыторыі Рэспублікі былі ўтвораны непрызнаныя дзяржавы Рэспубліка Герцаг-Босна і Рэспубліка Сербская. Фактычна, першыя 2 гады свайго існавання кіраўніцтва Рэспублікі Боснія і Герцагавіна прадстаўляла інтарэсы толькі аднаго народа — баснякоў, і кантралявала толькі малую частку тэрыторыі Рэспублікі. Сітуацыя змянілася ў 1994 годзе, калі ў выніку падпісання Вашынгтонскага пагаднення, была ўтворана баснійска-харвацкая Федэрацыя Босніі і Герцагавіны. Пасля заключэння Дэйтанскага пагаднення ў канцы 1995 года да альянсу далучылася і Рэспубліка Сербская. У 1997 годзе Рэспубліка была ператворана ў сённяшнюю Боснію і Герцагавіну. ГісторыяХраналогія
Ход падзейНа парламенцкіх выбарах у Сацыялістычнай Рэспубліцы Боснія і Герцагавіна, якія адбыліся ў 1990 годзе, перамогу атрымалі прадстаўнікі трох нацыяналістычных партый, якія ўтварылі свабодную кааліцыю з мэтай адхіліць ад улады камуністаў. Праз некаторы час спачатку Славенія, а затым і Харватыя абвясцілі пра сваю незалежнасць ад СФРЮ, што выклікала раскол у парламенце Босніі і Герцагавіны: харвацкія і баснійскія дэпутаты выступалі за выхад з СФРЮ, у той час як сербы былі за знаходжанне ў Югаславіі. У кастрычніку 1991 года парламентам была прынята дэкларацыя незалежнасці, а 29 лютага і 1 сакавіка 1992 года адбыўся рэферэндум, на якім 98 % выказаліся за выхад з СФРЮ. Большасць баснійскіх сербаў рэферэндум байкатавала. Хоць існуюць дыяметральна супрацьлеглыя пункты гледжання адносна этнічнай прыналежнасці першых ахвяр вайны, вядома, што першы сур’ёзны наступ быў зроблены сербскім бокам у сакавіку 1992 года ва Усходняй і Паўночнай Босніі. У выніку хуткай эскалацыі канфлікту 6 красавіка (дзень афіцыйнага абвяшчэння незалежнасці) у Сараеве пачаліся поўнамаштабныя баявыя дзеянні. Міжнароднае прызнанне незалежнасці Рэспублікі Боснія і Герцагавіна прымусіла Югаслаўскую Народную Армію пакінуць яе межы. Але многія салдаты і афіцэры засталіся ў Рэспубліцы Сербскай і далучыліся да Арміі Рэспублікі Сербскай, якая ўзброілася на складах ЮНА і атрымала падмацаванне ў выглядзе добраахвотнікаў. На працягу 1992 года Армія Рэспублікі Сербскай змагла ўсталяваць кантроль над большай часткай тэрыторыі Рэспублікі Сербскай. 6 мая 1992 года ў аўстрыйскім горадзе Грац паміж прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай Радаванам Караджычам і прэзідэнтам Харвацкай рэспублікі Герцаг-Босна Матэ Бобанам было складзена пагадненне, каб спыніць баявыя дзеянні паміж сербамі і харватамі, а потым засяродзіцца на ўзяцці тэрыторый, кантралюемых афіцыйным баснійскім кіраўніцтвам.[1] На той момант пад кантролем сербаў знаходзілася ўжо 70 % тэрыторыі Босніі і Герцагавіны. Пагадненне стала асноўнай перадумовай да пачатку 19 чэрвеня 1992 года Харвацка-баснійскага канфлікту. Падпісанае ў сакавіку 1994 года Вашынгтонскага пагаднення паміж баснійцамі і харватамі прывяло да спынення ўзброенага супрацьстаяння паміж імі і ўтварэння баснійска-харвацкай Федэрацыі Босніі і Герцагавіны. Падпісанае 14 снежня 1995 года ў Парыжы прэзідэнтам Рэспублікі Боснія і Герцагавіна Аліяй Ізетбегавічам, прэзідэнтам Сербіі Слабаданам Мілошавічам і прэзідэнтам Харватыі Франья Туджманам Дэйтанскае пагадненне спыніла Баснійскую вайну і стала пачатковым пунктам інтэграцыі Рэспублікі Сербскай у Боснію і Герцагавіну. За тры гады баявых дзеянняў загінула ад 95 да 100 тысяч чалавек, больш за 2 мільёна чалавек сталі бежанцамі. Гл. таксама
ЗноскіЛітаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia