Незалежная Дзяржава Харватыя
Незалежная Дзяржава Харватыя (харв.: Nezavisna Država Hrvatska) — дзяржава-сатэліт нацысцкай Германіі, абвешчаная ўсташамі 10 красавіка 1941 г. пры ваеннай і палітычнай падтрымцы краін восі і іх саюзнікаў. У 1941 годзе насельніцтва 6640000 чалавек, плошча 102,7 тыс. км². У склад новай дзяржавы ўвайшла частка сучаснай Харватыі без Істрыі і большай часткі Далмацыі, а таксама ўся сучасная Боснія і Герцагавіна, некаторыя раёны Славеніі і Срэм. Уся Істрыя і вялікая частка Далмацыі (з гарадамі Шыбенік і Спліт) па Рымскіх пагадненнях былі ўключаныя ў склад фашысцкай Італіі. НДХ межавала на захадзе і паўднёвым усходзе з Італіяй, на поўначы — з Германіяй і Венгрыяй, на ўсходзе з Сербіяй (Урад нацыянальнага выратавання) і Чарнагорыяй, якая з’яўлялася італьянскім пратэктаратам. Пасля капітуляцыі Італіі нямецкі ўрад аб’явіў Рымскія пагадненні несапраўднымі і далучыў Далмацыю да Харватыі. Аднак Істрыя, а таксама далмацінскі горад Задар, які ў міжваенны перыяд з’яўляўся італьянскім анклавам, былі акупаваныя Нямеччынай і не ўваходзілі ў НДХ. У краіне разгарнуўся тэрор, накіраваны галоўным чынам супраць праваслаўных сербаў, а таксама яўрэяў і цыган. У выніку масавага знішчэння (на тэрыторыі НДХ існавалі канцлагеры) падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі НДХ загінула, паводле розных ацэнак, ад 330 000 да 1,2 млн сербаў[1]. У кнізе Браніміра Станаевіча «Усташскі міністр смерці» гаворыцца, што ў НДХ у 1941—1945 гадах загінула 800 тысяч чалавек. Спроба фізічнага знішчэння сербаў вылілася ва ўзброены супраціў. У выніку ўрад Незалежнай дзяржавы Харватыя фактычна ніколі не кантраляваў значную частку ўласнай тэрыторыі; увесь перыяд яго існавання ў краіне ішла грамадзянская вайна з партызанскімі фарміраваннямі камуністаў і чэтнікаў з аднаго боку, і фарміраваннямі НДХ і нямецка-італьянскімі войскамі — з другога. У канцы 1944 года пад кантролем НДХ і нямецкіх войск знаходзіўся толькі шэраг буйных гарадоў, а таксама найбольш важныя аўтамабільныя дарогі і невялікія ўчасткі тэрыторыі ўздоўж іх. Харвацкія войскі бралі ўдзел у баявых дзеяннях на Усходнім фронце на баку нацысцкай Германіі. У 1943 г. з паланёных пад Сталінградам харватаў былі сфарміраваны прасавецкія часткі. У ліпені-жніўні 1944 г. узнікла змова Ларковіча-Вокіча, падчас якой шэраг вышэйшых саноўнікаў распачалі спробу сфарміраваць кааліцыйны ўрад на чале з Аўгустам Кошуцічам, намеснікам лідара папулярнай да вайны Сялянскай партыі В. Мачака, які б разарваў саюз з Германіяй і выйшаў з вайны. Яшчэ да пачатку актыўных дзеянняў з боку змоўшчыкаў усе яны былі арыштаваныя, а ў траўні 1945 г. частка іх была пакараная. 6 траўня 1945 гады, калі германскае войска амаль цалкам адступіла з Балкан, харвацкі ўрад пакінуў Заграб. У гэтым жа месяцы Народна-вызваленчая армія Югаславіі пад камандаваннем Іосіпа Броз Ціта цалкам устанавіла кантроль над тэрыторыяй НДХ. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia