Знаходзіцца за 4 км на захад ад Нароўлі (на аўтадарозе Нароўля — Ельск), за 18 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (на лініі Калінкавічы — Оўруч), за 182 км ад Гомеля[2].
Пачаткова вёска-слабада з сялянамі, вядомая з канца XVIII ст., мела назву «Кныроўка». Паводле аповедаў жыхароў, новаствораная вёска-слабада атрымала такую назву па волі мясцовага пана-землеўласніка, якому ў гэтым месцы дзік (ці як кажуць па-мясцоваму «кныр») перабег дарогу. У XIX—XX стст. у рускамоўных афіцыйных дакументах назва вёскі часта пісалася як «Кнуровка» (замест «Кныровка»).
30 ліпеня 1964 г. вёска Кныроўка была перайменавана ў Калінічы.
Вёска-слабада «Кнуровка» на схематычнай карце-плане Рэчыцкага павета 1800 г. (фрагмент карты-плана)
У 1826 г. маёнтак Барбароў (разам з вёскай Кныроўка) паводле куплі перайшоў ад удавы Андрэя фон Гольста і яго дзяцей ва ўласнасць дваран Горватаў. Пры падзеле сямейнай спадчыны паміж чатырма сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764 — каля 1826), вёска Кныроўка стала ўваходзіць у склад буйнога маёнтка Нароўля, які атрымаў Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868).
Вёска «Кнуровка» на расійскай карце Ф. Шуберта, 1850 г. (фрагмент)
Паводле сялянскай рэформы 1861 г. у Расійскай імперыі, сяляне атрымалі вызваленне ад прыгонніцтва і права на частку зямель маянткоўца Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868)[5]. Па Устаўной грамаце 1862 г. маянткоўца Даніэля Горвата маёнтак Нароўля складаўся з пяці сельскіх таварыстваў: Нараўлянскага (мястэчка Нароўля і вёска Кныроўка), Вяжышчанскага (вёска Вяжышча), Карпавіцкага (вёска Карпавічы), Цешкаўскага (вёска Цешкаў) і Кажушкоўскага (вёскі Кажушкі і Ломачы (Ламачы))[5]. 31 ліпеня 1866 г. быў падпісаны выкупны акт за зямлю паміж маянткоўцам Даніэлем Ігнатавічам Горватам (1810—1868) і былымі прыгоннымі сялянамі з Нараўлянскага сельскага таварыства (мястэчка Нароўля, вёскі Кныроўка і Ласка)[6], а 17 сакавіка 1870 г. паміж маянткоўцам і сялянамі з Нараўлянскага сельскага таварыства падпісаны ўводны ліст на зямлю — атрыманай сялянамі ад маянткоўца: 2 298 дзесяцін 1959 сажняў прыдатнай і непрыдатнай зямлі — за 24 518 рублёў 44 капеек, якія сяляне атрымалі ў пазыку ад дзяржавы[7].
У 1901 г. прадстаўнікі Паўднёвага рускага лесапільнага таварыства атрымалі дазвол ад мінскага губернатара на адкрыццё Нараўлянскай калегіяльнай кампаніі па распрацоўцы лесу, якую ўзначаліў яўрэй Ілья Кушалевіч Пайкін[8][9]. Па замове кампаніі і Эдварда Горвата, ад вёскі Красноўка да мястэчка Нароўлі фірма «Альшэрн і Керн» праз вялікія лясныя масівы ў 1902 г. праклала вузкакалейную чыгунку (Красноўка-Лубень-Дзямідаў-Будкі-Кныроўка(Калінічы)-Нароўля), па якой лесаматэрыялы перавозілі да Прыпяці, куды таксама гналі драўніну па рэчках Жалонь і Славечна[8][9]. Драўніну вязалі ў плыты і пасля гналі па Прыпяці на Украіну. Горваты атрымалі дазвол і адкрылі свой лесапільны завод у Красноўцы[9]. Жыхары Кныроўкі і мястэчка Нароўлі ў 1902 г. скардзіліся расійскім уладам, што чыгунка адрэзала ім падыход да месцаў выгану жывёлы[8]. Скардзіліся і яўрэі-нараўлянцы, якія непакоіліся аб пагрозе пажараў. Улады пастанавілі, што неабходна пабудаваць перагон для жывёлы шырынёй 6 сажаняў каля Максімава балота[8].
Вёска «Кнуровка» на карце БССР 1924 г. (фрагмент карты)
У 1931 г. жыхары вёскі ўступілі ў мясцовы калгас[10].
Падчас Другой сусветнай вайны мужчынскае насельніцтва мабілізавалася ў 1941—1944 гг. у Чырвоную армію. Вёска была акупавана нацыстамі ў жніўні 1941 г., а вызвалена ад нямецкіх акупантаў 29 лістапада 1943 г. у ходзе Нараўлянскай аперацыі часцямі 415-й стралковай дывізіі Чырвонай арміі[10]. 16 мабілізаваных у 1941—1944 гг. жыхароў-чырвонаармейцаў загінулі на франтах вайны[10].
У 1940—1950-ыя гг. у вёсцы існавала сельскагаспадарчая арцель (калгас) «Чырвоная змена»[11].
Паводле перапісу 1959 года вёска ў складзе калгаса «Чырвоны Баец» (цэнтрам якога была вёска Завайць)[10].
Планіровачна вёска складаецца з прамой шыротнай вуліцы Карла Маркса, да якой з паўднёва-заходняга кірунку далучаецца просталінейная вуліца Леніна з завулкам Леніна[10]. Забудова вёскі няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу[10].
Вядомыя асобы
Міхаіл Рыгоравіч Беразоўскі (1900—пасля 1945), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, гвардыі яфрэйтар, узнагароджаны двума медалямі «За адвагу», медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», ордэнам Славы III ступені[14].
Адам Андрэевіч Кажадуб (1903—пасля 1985), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, старшы сяржант, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі» і «За адвагу»[15], ордэнам «Айчыннай вайны II ступені»[16].
Аляксей Міхайлавіч Кажадуб (1923—каля 1953), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, старшы сяржант, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», кавалер ордэнаў Славы III ступені, Славы II ступені, двух ордэнаў «Чырвонай Зоркі»[17].
Рыгор Фёдаравіч Кажадуб (1926—2005-?), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, малодшы сяржант, узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені і «Айчыннай вайны II ступені»[20][21].
Пётр Анісімавіч Крыкун (1904/1907—1945), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, радавы, узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі»[22][23].
Аляксандр Васілевіч Крыкуноў (1908—пасля 1985), ваентэхнік 1 рангу (маёр тэхнічнай службы), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», юбілейным медалём «30 гадоў Савецкай Арміі і Флоту», кавалер ордэнаў «Чырвонага сцяга», «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны I ступені»[24][25][26][26].
Уладзімір Філіпавіч Ломач (1914—1945-?), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, гвардыі старшы лейтэнант, кавалер ордэна Чырвонага сцяга, кавалер ордэна Аляксандра Неўскага[27][28].
Крыніцы
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Кныро́ўка, ж.
↑ абвгдеёжГарады і вёскі Беларусі. — Т. 2 : Гомельская вобласть, кн. 2. — 2005. — С. 144.
Гарады і вёскі Беларусі / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Т. 2 : Гомельская вобласть, кн. 2. — 2005. — 517 с.
Наровля и Наровлянский район / сост.: Н. В. Кузьменкова, Н. И. Данильченко, С. В. Коновод. — Мозырь : Колор, 2005. — 25 с.
Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты «Гомельская правда», [б. д.]. — 26 с.
Наровлянщина самобытная и современная / под общ. ред., пред. В. В. Шляги. — Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2015. — 119 с.
Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П. П. Рабянок, К. Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.