Усевалад Сцяпанавіч Фальскі
Усе́валад Сцяпа́навіч Фа́льскі (7 сакавіка 1886, або 8 сакавіка 1887 — пасля 1926) — беларускі грамадска-палітычны, дзяржаўны і культурны дзеяч, акцёр; адзін са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра. Біяграфія![]() Нарадзіўся ў вёсцы Лошыца Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер у межах горада Мінска)[1]. Скончыў тры курсы Ляснога інстытута ў Пецярбургу. У 1906 годзе далучыўся да беларускага руху. На працягу 1915—1918 гадоў удзельнічаў у арганізацыі і быў старшынёй Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Мінскага таварыства працаўнікоў мастацтва[2]. Быў жанаты[1]. Выканаўца вядучых роляў у спектаклях «Паўлінка» Янкі Купалы, «Пашыліся ў дурні» Марка Крапіўніцкага, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Бязвінная кроў» Уладзіслава Галубка і інш. Быў членам Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, прадстаўніком Беларускай рады на Дэмакратычнай нарадзе 1917 года на Усебеларускім з’ездзе адзін з лідараў фракцыі левай плыні. У 1918 годзе працуе ў Беларускім дзяржаўным тэатры пры ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Са жніўня 1918 года ў Маскве, удзельнічаў у стварэнні маскоўскай беларускай секцыі РКП(б). Узначальваў камісарыят замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (студзень 1919). У 1919 годзе двойчы арыштаваны савецкімі ўладамі, у тым ліку летам 1919 года быў сярод расстрэльных заложнікаў, якіх чэкісты вывезлі ў Смаленск пры адступленні бальшавікоў з Беларусі[3]. Быў вызвалены са Смаленскай катаржнай турмы 7 мая 1919, перайшоў фронт і вярнуўся ў заняты польскімі войскамі Менск[4]. У часе польскай акупацыі Беларусі (1919—1920) намеснік начальніка раёна эксплуатацыі лясоў[2]. Выконваў вядучыя ролі ў «Паўлінцы» Янкі Купалы, «Модным шляхцюку» Каруся Каганца, іншых пастаноўках Таварыства беларускай драмы і камедыі. Браў удзел у грамадскіх арганізацыях, быў сябрам Беларускай арганізацыі дапамогі ахвярам вайны. Пасля стварэння ў кастрычніку 1919 Беларускай вайсковай камісіі працаваў там перакладчыкам[4]. У 1921 годзе намеснік загадчыка аддзела мастацтваў, вучоны сакратар Акадэмічнага цэнтра Наркамата асветы Беларускай ССР. Арыштаваны 3 верасня 1921 года ў Менску і асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 23 верасня 1921 года за «дапамогу ў шпіянажы»[1] да расстрэлу, замененага на 5 гадоў зняволення, якія адбываў у смаленскай катаржнай турме[3]. Вызвалены ў 30 мая 1923 годзе[1], працаваў справаводам рабфака пры Смаленскім універсітэце. Са снежня 1925 года жыў у Кіеве[3], працаваў дырэктарам драматычнага тэатра імя Марыі Занькавецкай, перапісваўся з Інбелкультам. Неаднаразова хадайнічаў перад урадам Беларусі, каб дазволілі вярнуцца дамоў. Апошняе вядомае дакументальнае сведчанне пра Усевалада Фальскага датуецца 26 студзеня 1926 года. Далейшы лёс невядомы[2][3]. Пасмяротна рэабілітаваны Ваеннай пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6 жніўня 1996 года[2]. Асабовая справа У. Фальскага № 20479-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[1]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia