Ядвіга Антонаўна Чарняўская

Ядвіга Антонаўна Чарняўская
Дата нараджэння 15 сакавіка 1914(1914-03-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 14 снежня 2005(2005-12-14) (91 год)
Грамадзянства
Муж Ігнацій Іванавіч Зянько[d]
Род дзейнасці літаратуразнаўца, педагог
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Навуковае званне
Альма-матар
Партыя
Узнагароды

Ядвіга Антонаўна Чарняўская (15 сакавіка 1914(1914-03-15), Аляксандраўка, Магілёўская губерня14 снежня 2005(2005-12-14)) — беларускі педагог, літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Заслужаны работнік культуры БССР.

Біяграфія

Нарадзілася 15 сакавіка 1914 г. у вёсцы Аляксандраўка Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Гомельскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і рабочага. Скончыла школу-сямігодку, кароткія настаўніцкія курсы і ў шаснаццаць гадоў стала настаўніцай. У 1930—1932 гг. працавала ў пачатковай школе вёскі Пучын Брагінскага раёна. У 1933—1937 гг. вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце, пасля яго заканчэння выкладала рускую мову і літаратуру ў Мсціслаўскім педагагічным вучылішчы. У сакавіку 1940 г. пераведзена ў Брэсцкае педагагічнае вучылішча, якое рыхтавала настаўнікаў пачатковых класаў[1].

Вайна і «лясныя школы»

У гады Вялікай Айчыннай вайны была ўжо са жніўня 1941 года падпольшчыца. Каб пазбегнуць адпраўкі ў Германію на прымусовыя працы, уладкавалася грузчыцай на складах, па заданні падполля на сабе выносіла медыкаменты, бінты. Летам 1942 г. яе адпраўлялі ў Германію, збегла з-пад варты, хавалася. З-за пагрозы арышту напачатку 1944 г. разам з сяброўкай Верай Івановай выбраліся з горада за Антопаль, перайшлі ў партызанскі атрад імя Я. Р. Макарэвіча брыгады імя Свярдлова Брэсцкага партызанскага злучэння. Камандзірам атрада быў Іван Калілец[1].

Да восені 1943 г. партызаны Брэсцкага злучэння стварылі тры сямейныя лагеры, у кожным з якіх было больш за 1500 чалавек, у т. л. шмат дзяцей школьнага ўзросту. Па рашэнні падпольнага абкама КП(б)Б у сямейных лагерах для дзяцей былі створаны «лясныя школы». З сакавіка 1944 г. Ядвіга Чарняўская разам з Верай Івановай настаўнічалі ў адной такой школе, якая называлася «Другая лясная школа», альбо «школа пад дубам», знаходзілася ў глыбіні Спораўскіх балот (цяпер Бярозаўскі раён). Тут навучаліся 93 вучні, з іх 61 першакласнік[1].

Асаблівую ролю Ядвігі Чарняўскай у арганізацыі наогул усёй сістэмы «лясных школ» адзначыў камандзір партызанскай брыгады Уладзімір Якавенка:[2]

З асаблівай цеплынёй успамінаюць былыя дзеці і партызаны адну лясную школу, мабыць самую буйную ў партызанскіх краях. Яна размяшчалася на невялікім астраўку ў глыбіні Спораўскіх балот, за паўкілометра ад другога сямейнага лагера атрада імя Макарэвіча. Яе арганізатарамі сталі дзве юныя берасцейкі Ядвіга Чарняўская і Вера Іванова, даўнія сяброўкі, а ў недалёкім мінулым — выпускніцы абласнога педагагічнага вучылішча. …

Мінула зусім мала часу з дня пачатку заняткаў, як Другая лясная ператварылася ў базавую для ўсіх астатніх школ партызанскай зоны. Сюды за метадычным вопытам выкладання ва ўмовах ляснога жыцця прыязджалі настаўнікі Алена Несвятаева (Першая лясная школа), Анастасія Прадун (Трэцяя лясная школа), Вера Харужая і Галіна Рабчэўская (Чацвёртая лясная школа), Зінаіда Пяскоўская (школа сямейнага лагера атрада імя Жданава) і многія іншыя.

Вера Іванова развучвала з малышамі вершы Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна і Якуба Коласа, словы і мелодыі любімых савецкіх песень, старэйшая піянерважатая Алена Мулярчук рыхтавала іх да прыёму ў піянеры, а Ядвіга Чарняўская праводзіла рэпетыцыі літаратурнага мантажу «Быліны для дзяцей» Сяргея Міхалкова, а таксама напісанай ёю п’есы «Юныя мсціўцы». …

З 1 верасня 1944 года, ужо пасля вызвалення Беларусі ад акупацыі, усе «выпускнікі» партызанскіх школ з поспехам сталі працягваць вучобу ў нармальных умовах, з іх не было ніводнага другагодніка. Усім гэтым яны бясспрэчна былі абавязаны сваім выдатным педагогам — Ядвізе Антонаўне Чарняўскай і Веры Георгіеўне Івановай. Менавіта ім, іх выдатнаму вопыту і дзелавым якасцям абавязана Другая лясная школа той вядомасцю, якой яна цалкам заслужана карысталася сярод партызан і жыхароў навакольных вёсак і сёлаў.

Пасляваеннае жыццё

З верасня 1944 г. Я. А. Чарняўская працавала ў Брэсцкім педагагічным вучылішчы, якое аднавілася пасля акупацыі. У 1957 г. у сувязі з ліквідацыяй вучылішча пераведзена ў педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. Была выкладчыкам, старшым выкладчыкам на кафедры рускай літаратуры. У 1961 г. абараніла дысертацыю «Драматургія Кузьмы Чорнага», атрымала ступень кандыдата філалагічных навук. У 1963—1969 гг. загадвала кафедрай тэорыі і гісторыі рускай літаратуры, замяніўшы таленавітага літаратуразнаўца Аляксея Рубцова (1923—1963), які заўчасна памёр[1].

У 1969—1994 гг. — дацэнт. Была спецыялістам у рускай літаратуры другой паловы ХІХ ст., сабрала багатую бібліятэку класікі гэтага перыяду. Аўтар і суаўтар шэрага дапаможнікаў для настаўнікаў і хрэстаматый па дзіцячай літаратуры. На працягу сямнаццаці гадоў загадвала навукова-метадычным саветам па прапагандзе літаратуры і мастацтва Брэсцкага таварыства «Веды». У 1985 г. склала даведку да 40-годдзя інстытута, бо добра ведала яго гісторыю[1].

Памерла 14 снежня 2005 г[1].

Узнагароды

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалямі «За адвагу», «20 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «25 гадоў Перамогі ў вайне 1941–1945 гг.», «50 гадоў Узброеных Сіл СССР», «За працоўную адзнаку», «За доблесную працу ў адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна», знакам «Выдатнік народнай асветы Беларускай ССР» (1971), граматай Вярхоўнага Савета БССР (1972). У 1980 г. ёй прысвоена ганаровае званне Заслужанага работніка культуры Беларускай ССР. У 2000 г. уручаны знак «Ветэран вайны 1941–1945 гадоў»[1].

Сям’я

Муж, Ігнацій Іванавіч Зянько (1891—1965), удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. накіраваны ў Брэст, працаваў выкладчыкам рускай мовы ў педінстытуце, тады яны і пазнаёміліся. Пятнаццаць гадоў загадваў кафедрай рускай і беларускай моў, а пасля іх раздзялення — кафедрай рускай мовы. У 1953 г. І. І. Зянько абараніў кандыдацкую дысертацыю. Распрацаваў і вёў складаныя курсы: стараславянскую мову, агульнае мовазнаўства, гісторыю рускай мовы, методыку выкладання рускай мовы. У снежні 1963 г. з-за цяжкой хваробы выйшаў на пенсію, памёр у лютым 1965 г., пахаваны на Трышынскіх могілках[1].

Памяць

У 2007 г. яе калегі і вучні выдалі кнігу «Свет доброты», прысвечаную педагогу. У сакавіку 2014 г. у БрДУ імя А. С. Пушкіна прайшлі ХІІ «Горкаўскія чытанні», прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Я. А. Чарняўскай[1].

На доме па праспекце Машэрава, 57 у Брэсце, дзе яна жыла з 1 лютага 1965 года, 11 лістапада 2014 г. урачыста адкрыта мемарыяльная дошка(скульптар Аляксей Паўлючук[3])[1].

У Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі зроблена экспазіцыя «Лясная партызанская школа», дзе са школьнікамі праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі[1].

У культуры

Разам з іншымі настаўнікамі «лясной школы» з’яўляецца персанажам апавядання Л. Ачакоўскай «Азбука на берасце»[4]. У 1969 годзе студыяй «Дыяфільм» па апавяданні была створана дыястужка, мастак Р. Саяшнікаў (прагляд даступны на сайце РДДБ[5]).[6]

Працы

  • Уроки внеклассного чтения в V—VIII классах : пособие для учителя / [Я. А. Чернявская и др.]. — Минск : Народная асвета, 1989. — 142 с.
  • Русская советская детская литература : [учеб. пособие для фак. педагогики и методики нач. обучения пед. ин-тов] / Я. А. Чернявская, И. И. Розанов; под ред. В. В. Гниломедова. — 2-е изд., перераб. и доп. — Минск : Вышэйшая школа, 1984. — 512 с.
  • Преподавание русской литературы : книга для учителя / [Е. Я. Ленсу, Я. А. Чернявская и др.]. — Минск : Народная асвета, 1984. — 80 с.
  • Детская литература : хрестоматия : [учеб. пособие для пед. ин-тов по спец. № 2101 «Русский язык и литература»] / сост. Я. А. Чернявская, Г. В. Регушевская. — Москва : Просвещение, 1980. — 464 с.
  • Советская детская литература : учебное пособие для факультетов педагогики и методики начального обучения педагогических институтов / Я. А. Чернявская. — Минск : Вышэйшая школа, 1971. — 343 с.
  • Драматургия Кузьмы Чорного : автореферат диссертации … кандидата филологических наук / Я. А. Чернявская ; Институт литературы имени Янки Купалы. — Минск, 1960. — 19 с.

Крыніцы

  1. а б в г д е ё ж з і к 15 сакавіка 2019 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Ядвігі Антонаўны Чарняўскай (1914–2005), педагога, літаратурназнаўца, заслужанага работніка культуры БССР(нявызн.). kb.brl.by. Праверана 11 мая 2025.
  2. Владимир Кириллович Яковенко — Партизанки. — М.:Воениздат, 1980—269 с. — стр. 197
  3. Мемарыяльная дошка Ядвізе Чарняўскай усталявана на вуліцы Машэрава | Брестский государственный университет имени А.С. Пушкина (руск.). www.brsu.by. Праверана 10 мая 2025.
  4. Л. Очаковская — Азбука на бересте // Дети военной поры / Сост. Э. Максимова. — М.: Политиздат, 1984. — 352 с.
  5. Л. Очаковская — «Азбука на бересте». Художник Г. Сояшников. Москва, «Диафильм». 1969 год. Архіўная копія ад 31 сакавіка 2019 на Wayback Machine // РГДБ
  6. Л. Очаковская - "Азбука на бересте". Художник Г. Сояшников. Москва, "Диафильм". 1969 год.. Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2019. Праверана 17 красавіка 2018.

Літаратура

  • Свет доброты : книга о Ядвиге Антоновне Чернявской / УО «Брестский государственный университет им. А. С. Пушкина»; [авт.-сост.: Ю. В. Потолков, Л. В. Асташенок, С. А. Королевич; под общ. ред. В. А. Степановича]. — Брест : Альтернатива, 2007. — 166 c. : ил.
  • ХII Горьковские чтения, посвященные 100-летию со дня рождения Я. А. Чернявской : сб. науч. трудов / [науч. ред. Т. В. Сенькевич]. — Брест : БрГУ, 2014. — 185 с. : ил.
  • Заслужаныя работнікі культуры: Чарняўская Ядвіга Антонаўна // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 627.
  • Сенькевич, Т. В. Самоотверженное служение делу : педагогическая и научная деятельность Я. А. Чернявской / Т. В. Сенькевич // В мире литературы : сб. науч. трудов. Брест, 2009. Вып. 8. C. 103—108.
  • Карпеш, Р. Школа под дубами : [воспоминания Елены Мулярчик, которая во время Великой Отечественной войны была пионервожатой в лесной партизанской школе, где учителями были Я. Чернявская и В. Иванова] / подготовила Розалия Карпеш // Маяк. Берёза, 2016. 22 июня. С. 5.
  • Лопатникова, Я. По инициативе питомцев : мемориальная доска педагогу появилась в Бресте : [об открытии мемориальной доски заслуженному работнику культуры БССР, филологу, педагогу Я. А. Чернявской (1914—2005) на доме, где она жила (пр-т Машерова, 57)] / Яна Лопатникова // Брестская газета. 2014. 14 ноября (№ 46). С. 2.
  • Саченко, В. Мемориальная доска в память о педагоге : [об открытии мемориальной доски Я. А. Чернявской] / Виктория Саченко // Брестская газета. 2014. 14 ноября (№ 46). С. 2.
  • Свиридович, О. Памяти учителя : [об открытии мемориальной доски Я. А. Чернявской] / Ольга Свиридович // Заря. 2014. 13 ноября. С. 2.
  • Яскевич, С. Падпісчыца «Звязды» з 1945 года адзначыла свой юбілей : [да 90-годдзя Я. А. Чарняўскай] / С. Яскевіч; фота С. Краўчук // Звязда. 2004. 22 мая. С. 6.
  • Мiшчанчук, М. Настаўніца «зялёнай школы» : падпольшчыцы, партызанцы, літаратуразнаўцу, педагогу Ядвізе Антонаўне Чарняўскай — 90 гадоў / М. Мiшчанчук, Ю. Паталкоў // Настаўнiцкая газета. 2004. 17 красавiка. С. 5.
  • Потолков, Ю. Жизнеутверждение : [к 90-летию подпольщицы, педагога, литературоведа Я. А. Чернявской] / Юрий Потолков // Заря. 2004. 16 марта.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya