Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр
Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр — мужчынскі манастыр у Навагрудскай і Слонімскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, самы старадаўні па часе заснавання дзеючы мужчынскі манастыр Беларусі. Першы з беларускіх манастыроў, які, паводле гісторыка-дакументальных звестак, называлі лаўрай. МесцазнаходжаннеРазмешчаны каля р. Нёман, паблізу в. Гнесічы (Шчорсаўскі сельсавет, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць). Манастырскае падвор'е знаходзіцца ў суседняй в. Лаўрышава, ля рэчкі Валоўкі — левага прытоку Нёмана. Пошукі першапачатковага месцазнаходжання манастыра праводзілі М. А. Ткачоў у 1971 г., і А. М. Кушнярэвіч у 1988 г. у 4 км ад Лаўрышава, насупраць в. Гнесічы, на пясчанай дзюне, на правым беразе р. Нёман (урочышча Нязвішча). Аднак слядоў манастыра там не выяўлена. Легенда аб яго першапачатковым знаходжанні тут, магчыма, звязана з выдатным рэльефным становішчам пагорка — найвышэйшага пункта ў ваколіцы, даволі прыкметнага на шырокім і нізкім поплаве р. Нёман (шырыня каля 1,5—2 км). Але існаванне тут буйнога манастыра уяўляецца немагчымым з-за рэгулярных паводак, падчас якіх пагорак з усіх бакоў абкружаецца вадой[1]. Паштовы адрас: в. Гнесічы, п/а Лаўрышава, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл., 231427. Праезд аўтобусам: з аўтобуснага вакзалу Навагрудак да прыпынкаў Лаўрышава, Гнесічы. Расклад багаслужэнняўПа будзённых днях, калі напярэдадні (пачатак у 18 гадзін) здзяйсняліся багаслужэнні ўсядзённыя, славаслоўныя альбо паліелейныя, то ранішняе багаслужэнне ў манастыры пачынаецца ў 6 гадзін і працягваецца да 9 гадзін. Вячэрняе багаслужэнне (напярэдадні) пачынаецца ў 18 гадзін, працягваецца да 20:20 — 20:40, пасля чаго здзяйсняецца хрэсны ход вакол манастыра. Калі напярэдадні (пачатак у 18 гадзін) здзяйснялася ўсяночнае трыванне, то ранішняе багаслужэнне ў храме манастыра пачынаецца ў 6 гадзін 30 хвілін, працягваецца да 9 гадзін. Па святочных (у тым ліку ў нядзелю) непрацоўных днях ранішняе багаслужэнне пачынаецца ў 7:30 (нядзеля) ці ў 7:47, працягваецца да 10:50. Кожную сераду ў 16 гадзін (за выключэннем перыяду Вялікага посту) у Свята-Успенскім храме в. Лаўрышава здзяйсняецца акафіст іконе Божай Маці "Неўпеваемая чаша". Гэты малітоўны зварот да Багародзіцы здзяйсняецца за сроднікаў, якія знаходзяцца ў алкагольнай, наркатычнай ці іншай залежнасці. ГісторыяЗаснаванне манастыра![]() Паводле Іпацьеўскага летапісу, манастыр заснаваў сын вялікага князя літоўскага Міндоўга — Войшалк (у інацтве Лаўрыш або Лаўрын, вялікі князь літоўскі ў 1264—1267). Перад тым ён прыняў пострыг і 3 гады жыў у Паланінскім манастыры (Галіцка-Валынскае княства), адтуль выправіўся да Святой Гары ў Грэцыю, але не змог дайсці з-за мяцяжа ў тых землях, і вернуўся ў Панямонне:
У летапісу не названы год заснавання манастыра, але ўказана, што гэта адбылося прыблізна праз 3 гады пасля 1254 года. Гэта значыць, манастыр заснаваны, хутчэй за ўсё, у 1257 ці 1258 гг. Магчыма, пазней мясцовасць атрымала назву Лаўрышава ад імя заснавальніка манастыра. Сустракаюцца таксама немясцовыя варыянты Лаўрашава, Лаўрушава. Назва можа паходзіць і ад слова лаўра. Паводле падання, першым настаяцелем манастыра быў Елісей. Ён быў забіты (23 кастрычніка/ 5 лістапада) нейкім звар'яцелым паслушнікам. Паслушнік вылечыўся ад вар'яцтва, дакрануўшыся да Елісея падчас забойства. Елісей быў пахаваны ў манастырскай царкве. Згодна паданню, ад яго мошчаў адбывалася шмат вылячэнняў. Манастыр у XIV стагоддзі![]() Лаўрышаўскі манастыр з’яўляўся адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэння ВКЛ. Да 1329 года для манастыра было перапісана Лаўрышаўскае евангелле — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі XIV стагоддзя (зараз захоўваецца ў Бібліятэцы Чартарыйскіх, г. Кракаў, Польшча). З запісаў, якія ўкладзены ў Евангелле, вядома, што манастыр у той час зваўся «Найсвяцейшай Багародзіцы Лаўрышаўскі манастыр». У «Вопісу дакументаў, якія адносяцца да Лаўрышаўскага манастыра» (захоўваецца ў Інстытуце рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. І. Вернадскага), запісана, што ўжо ў хуткім часе пасля заснавання манастыра яму належала сяло Лаўрышава, якое сфарміравалася з сялян, што паступова пасяліліся каля манастыра. Дакумент, які пацвярджае ўтварэнне вёскі, не захаваўся[4]. XV стагоддзеДа кан. XIV — пач. XV ст. адносіцца дакумент «Абмежаванні спрэчных земляў Лаўрышаўскага манастыра, якое выканана навагародскім намеснікам Петрашам Мантыгірдавічам па загадзе вялікага князя Вітаўта». У дакуменце пазначана, што ён «писанъ у Лавришовое»[5] (старабелар.). Дакумент быў складзены па прычыне шкоды, якую людзі вялікага князя прычынілі манастырскім землям пракладкай дарогі для перавозкі з лесу дроў. Арыгінал дакумента не захаваўся, у копіі (1711 года) пададзена дата 15 чэрвеня 1398 г., аднак гісторыкі лічаць яе памылковай з-за разыходжання з іншымі звесткамі ў дакуменце. Таму дакумент можа быць датаваны прыблізна: пасля 1392 г. (пачатак вялікага княжэння Вітаўта)[4]. Даследчыкі мяркуюць, што найбольш верагодны год складання дакумента — 1424[6]. Гэта найбольш ранні дакумент, у якім згадваецца в. Лаўрышава. У XV — XVI ст. манастыр атрымаў вялікія ахвяраванні ад Хадкевічаў, Храптовічаў, мясцовай шляхты. Ва ўкладной грамаце манастыру за 1488 г. ад імя Дашкі Яцкавіча Храптовіча згадваецца царква святой Прачыстай Божай Маці[4]. XVI стагоддзеКаля 1505 года, у час праўлення караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра, войскі Крымскага ханства здзейснілі набег на Наваградчыну. Паводле падання, крымскім татарам уявілася на манастырскім двары вялікая колькасць кавалерыі (хоць там не было ніводнага конніка), і напалоханыя захопнікі адступілі: заступніцтва Елісея не дапусціла ворагаў да манастыра. Мяркуецца, што пасля гэтага цуду Елісей быў кананізаваны ў 1514 г. на царкоўным саборы ў Вільні мітрапалітам Іосіфам Солтанам. Верагодна, у манастыры пад кіраўніцтвам дыякана Яна Забярэзінскага быў перапісаны збор чытанняў на ўвесь год па месяцах «Пролаг». ![]() Захавалася даравальная грамата манастыру за 1517 г. ад імя А. І. Хадкевіча — маршалка дворнага Вялікага Княства Літоўскага. Перадаючы манастыру свой маёнтак у в. Лычыцы, А. І. Хадкевіч адрасуе яго такім чынам: «монастыру пречистое Божое Матери храму честнаго Ея Успения во обшеру Лавры преподобнаго отца Елисея»[4] (старабелар.). З граматы вынікае, што манастыр у той час называўся Багародзіцкім, прычым у дакуменце ён двойчы названы лаўрай. Гэта грамата з'яўляецца таксама найбольш раннім дакументам, у якім згадваецца Елісей Лаўрышаўскі. Набегі крымскіх татар у першай палове XVI ст. здараліся часта; у 1530 г. крымска-татарскае войска разарыла манастыр, усіх манахаў забілі. У XVI ст. пры манастыры працавала праваслаўная школа. Пасля 1568 года архімандрытам манастыра быў Анісіфар, пазней мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі (1579—1589). У перыяд уніі![]() ![]() У выніку Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. манастыр стаў часткай грэка-каталіцкай царквы. У інвентарным вопісу манастыра 1601 г. адзначана драўляная царква, пабудаваная, верагодна, у XVI ст.[4] З 1615 г. належаў Ордэну базыльян святога Іасафата. У 1621 г. і 1623 г. тут праходзілі базыльянскія кангрэгацыі з удзелам вышэйшай іерархіі ордэна. Манастыр збяднеў і заняпаў у другой палове XVII ст. ў сувязі са скасаваннем мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі Іосіфам Руцкім лаўрышаўскай архімандрыі, секвестрацыяй свецкіх ахвяраванняў і падпарадкаваннем навагрудскаму манастыру. Апошні раз манастырскі комплекс у в. Лаўрышава быў адбудаваны ў 1775 — 1780 гадах. Ён складаўся з драўляных пабудоў — жылога корпусу, Успенскай царквы (якая дзейнічае і ў наш час) і званіцы, а таксама з невялікай каменнай пабудовы, дзе знаходзіліся бібліятэка і склад. У канцы XVIII — 1-й трэці XIX ст. тут дзейнічала Брэсцкая епархіяльная семінарыя, была бібліятэка (каля 500 тамоў) і архіў. У 1816 г. манастыр валодаў 3 вёскамі (Лаўрышаў, Лычыцы, Купінск) з 18 валокамі зямлі і 588 сялянамі. Апошнім настаяцелем у XIX ст. (з 1820 г.) быў іераманах Лявонцій (Аколаў). У 1824 г. у манастыры было 5 насельнікаў. У 1836 г. манастыр быў зачынены. Мясцовашанаваныя цудатворныя абразы Збаўцы і Багародзіцы былі перанесеныя ў Дзярэчынскую царкву, а манастырская царква была прызначана прыходскай. У канцы XIX ст. пры царкве дзейнічала брацтва. Узнаўленне ў пачатку XX ст.![]() ![]() ![]() У пачатку XX ст. руплівасцю епіскапа Мінскага і Тураўскага Мітрафана (Краснапольскага) і графа Канстанціна Апалінарыевіча Храбтовіча-Буценева манастыр быў адноўлены на іншым беразе Нёмана, ля в. Гнесічы. Епіскап Мітрафан 14/27 ліпеня 1913 г. здзейсніў чын асвячэння храма ў гонар прарока Елісея. Апроч пабудаванай царквы, вядомы таксама праект храма-званіцы, які датаваны 1912 г. Быў пабудаваны жылы корпус і дом для паломнікаў. Адноўлены манастыр лічыўся Лаўрышаўскім падворкам Мінскага архірэйскага дому. Але гэты манастыр праіснаваў нядоўга. У 1914 г. пачалася 1-я сусветная вайна, і ў 1915 г. у выніку баявых дзеянняў храм ля Гнесічаў згарэў, а пабудовы былі разбураныя, манахі змушаныя былі сыйсці. З часам месца, дзе стаяў храм і манастырскія будынкі, стала зарастаць хваёвым лесам, і хтосьці, каб не страціць месца царквы, пасадзіў на ім куст бэзу. Манастыр у наш часУ 1993 г. архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Сава (Грыцуняк) і епіскап Навагрудскі і Лідскі Канстанцін (Гаранаў) здзейснілі асвячэнне месца ля в. Гнесічы, дзе стаяў манастырскі храм у пачатку XX ст. У 1997 г. пачалося будаўніцтва новага храма, у 1998 г. было зроблена ўнутранае аздабленне. Напачатку лістапада 1998 г. епіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый (Апалька) асвяціў гэты храм у гонар вялебнага Елісея Лаўрышаўскага (падзея супала з 740-годдзем першай летапіснай згадкі пра манастыр). З 2001 г. пры храме зарэгістравана прыходская суполка — прыход вялебнага Елісея Лаўрышаўскага в. Гнесічы Навагрудскага раёна. Рашэннем Святога сінода Беларускай праваслаўнай царквы ад 15 жніўня 2007 г. прыход ператвораны ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр (падзея супала з 750-годдзем першай летапіснай згадкі). Настаяцелем манастыра з'яўляецца архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснікам — іераманах Яўсевій (Цюхлаў). Вядзецца ўзвядзенне манастырскіх будынкаў. У Лаўрышаве, на месцы першапачатковага размяшчэння манастыра, праводзяцца археалагічныя даследаванні, падчас якіх была выяўлена, у прыватнасці, старадаўняя пячатка-матрыца. Помнікі і славутасці
Статус гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь нададзены: стаянцы людзей каменнага і бронзавага вякоў — Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578; Свята-Успенскай царкве і абразу "Успенне Маці Божай" — Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.08.2016 № 607. Галерэя
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia