Агатангел Крымскі
Агатанге́л Крымскі (укр.: Агатангел Кримський; псеўданімы А. Хванько, Хванько Кримський, Ївхимець, Панько Рогач, Мирдза-Джафар; 15 студзеня 1871, Уладзімір, Украіна — 25 студзеня 1942, Кустанай, цяпер Кастанай, Казахская ССР) — украінскі гісторык, мовазнаўца, арыенталіст, пісьменнік, перакладчык, паэт, паліглот, адзін з заснавальнікаў Акадэміі навук Украіны (1918). Ахвяра сталінскага тэрору[4]. БіяграфіяПаходзіў з крымскататарска-беларускай сям’і, якая перайшла ў праваслаўе. Нарадзіўся ва Уладзіміры цяперашняй Валынскай вобласці Украіны (тады Валынскай губерні Расійскай імперыі) у сям’і крымскага татарына з беларускімі каранямі, настаўніка гісторыі і геаграфіі Юхіма Сцяпанавіча Крымскага. Заснавальнікам роду Крымскіх быў мула з Бахчысарая, які пераехаў у Мсціслаў (цяпер Магілёўская вобласць, Беларусь). Дзед А. Крымскага перайшоў з ісламу ў хрысціянства[5]. З 1889 па 1892 гады навучаўся ў Лазараўскім інстытуце ўсходніх моў у Маскве. Асноўнымі дысцыплінамі вучонага былі: арабская, персідская і турэцкая мовы і літаратура. У 1892—1896 гадах скончыў поўны курс славістыкі на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам мовазнаўцы Усевалада Мілера, славіста Рамана Бранта і знаўцы індаеўрапейскіх моў Філіпа Фартунатава. У 1896 годзе малады вучоны склаў магістарскія іспыты па арабістыцы ў Пецярбургскім універсітэце і па славянскай філалогіі ў Маскоўскім універсітэце. Агулам ён ведаў шэсцьдзесят моў[6]. Пасля заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта А. Крымскі атрымаў двухгадовую стыпендыю Лазараўскага інстытута, каб паехаць у Сірыю і Ліван. Падчас гэтай паездкі ў 1896—1898 гадах ён сабраў шмат матэрыялаў і дакументаў, над якімі працаваў да самай смерці[7]. У 1918 годзе пераехаў у Кіеў, дзе стаў неадменным сакратаром Украінскай акадэміі навук, заснаванай гетманам Паўлам Скарападскім. Быў адным з акадэмікаў-заснавальнікаў Украінскай акадэміі навук. У Кіеве А. Крымскі быў стваральнікам украінскага ўсходазнаўства[8]. У 1929 годзе А. Крымскі быў пераследаваны і пазбаўлены пасады. У 1930-я гады А. Крымскі быў практычна адхілены ад навукова-педагагічнай працы ў навуковых установах Украіны. Жыў у Кіеве і Звянігародцы. З 1930 года творы Крымскага забароненыя. У 1939 годзе рэабілітаваны, але ў ліпені 1941 года, пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, НКУС арыштаваў яго як «асабліва ненадзейнага» па абвінавачанні ў «антысавецкай нацыяналістычнай дзейнасці»[4] і выслаў у Казахстан. Афіцыйна Агантангел Крымскі памёр ад знясілення ў турэмным шпіталі, але ёсць версія, што ён мог памерці ад жорсткіх катаванняў[9]. Яго справа была канчаткова спыненая ў 1957 годзе, а ў 1960 годзе ён быў афіцыйна рэабілітаваны. Асабістае жыццёАгатангел Крымскі быў геем. Ягоную гомасексуальную арыентацыю, між іншым, пацвярджаюць тэксты з цыкла вершаў «Нечестиве Кохання», у якіх Крымскі разважае пра сваю гомасексуальнасць. Гомасексуальнасць А. Крымскага даследавалі Саламія Паўлычка[10] і Аляксандр Авербух[11]. ТворчасцьАгатангел Крымскі — аўтар шматлікіх прац па гісторыі і культуры арабскіх краін, Ірана, Турцыі і інш., семіфалогіі, гісторыі, ісламу (ведаў каля 60 моў, пераважна ўсходніх)[12]. Вялікую ўвагу надаваў вывучэнню гісторыі ўкраінскай мовы і літаратуры, фальклору, этнаграфіі. Агатангел Крымскі лічыцца адным з самых выбітных усходазнаўцаў у гісторыі сусветнай філалагічнай навукі[13]. А. Крымскі як пісьменнік вядомы сваімі паэтычнымі творамі на ўсходнюю тэматыку, якія ўвайшлі ў зборнік «Пальмавыя галінкі», апавяданнямі і раманам. Крымскаму таксама належаць шматлікія літаратурныя пераклады Антары, Амара Хаяма, Саадзі, Гафіза, Міхры-Хатуна, Фірдаўсі і многіх іншых, у тым ліку заходнееўрапейскіх паэтаў[14]. Па-беларуску выдаваўся зборнік «Бейруцкія апавяданні»[15], за пераклад якога Уладзіслаў Гарбацкі быў намінаваны на прэмію Drahomán Prize-2022 за пераклады ўкраінскай літаратуры на мовы свету[16]. ТворыНавуковыя творы
Мастацкія творы
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia