Альма Малер-Верфель
Альма Марыя Малер-Верфель (ням.: Alma Maria Mahler-Werfel, нар. Шындлер (ням.: Schindler); 31 жніўня 1879, Вена — 11 снежня 1964, Нью-Ёрк) — аўстрыйскі дзеяч мастацтва і літаратуры, вядомая асоба на культурнай сцэне першай паловы XX стагоддзя, жонка і спадарожніца жыцця многіх творчых людзей: кампазітара Густава Малера, мастака Оскара Какошкі, архітэктара Вальтэра Гропіуса і пісьменніка Франца Верфеля. БіяграфіяАльма Шындлер нарадзілася ў сям'і мастака-пейзажыста Эміля Якаба Шындлера і яго жонкі Ганны Берген (1857—1938). Сям'я была досыць паспяховай. Пасля смерці бацькі Альмы ў 1892 годзе яе маці выйшла замуж за былога вучня мужа Карла Моля, аднаго з заснавальнікаў Саюза аўстрыйскіх мастакоў. Альма Шындлер у маладосці сама займалася мастацтвам: сем гадоў вучылася гульні на фартэпіяна ў вядучай венскай выкладчыцы Адэлі Радніцкі, захавалася сямнаццаць песень яе складання на вершы Наваліса, Гейнэ, Рыльке і іншых паэтаў. За 17-гадовай Альмай заляцаўся мастак Густаў Клімт. У яе быў раман з кампазітарам Аляксандрам фон Цямлінскім, але яна выйшла замуж за кампазітара і дырыжора Густава Малера, які быў яе старэйшы на 19 гадоў. У гэтым шлюбе ў яе нарадзіліся дзве дачкі — Марыя, якая памерла на пятым годзе жыцця, і Ганна. Яшчэ пры жыцці Малера ў Альмы пачаўся раман з архітэктарам і заснавальнікам Баўхаўса Вальтэрам Гропіусам, за якога яна ўрэшце выйшла замуж пасля смерці Малера і рамана з мастаком Оскарам Какошкай, які прысвяціў ёй адну з лепшых сваіх карцін — «Нявеста ветру». У кароткім шлюбе з Гропіусам нарадзілася дачка Манон. Пасля разводу з Гропіусам яна стала жонкай пісьменніка Франца Верфеля, з якім эмігравала у ЗША. Гісторыю свайго жыцця яна выказала ў аўтабіяграфіі «Маё жыццё». Пазнейшыя ацэнкіГрамадская думка пра Альму Малер-Верфель была вельмі неадназначнай. Сама Альма лічыла сябе музай, якая натхняла на творчасць, і некаторыя сучаснікі згаджаліся з такой ацэнкай. Бернт В. Веслінг, адзін з біёграфаў Альмы Малер-Верфель, назваў яе «сімвалічнай выявай у гісторыі гэтага стагоддзя». Клаўс Ман параўноўваў яе з інтэлектуальнымі музамі нямецкай рамантыкі і з «ганарлівай і асляпляльнай дамай французскага „grand siecle“». Іншыя сучаснікі бачылі ў Альме апантаную сексам фатальную кабету, якая выкарыстоўвала сваіх знакамітых спадарожнікаў жыцця, антысемітку, якая пісала, у прыватнасці, у сваім дзённіку, што з яўрэямі можна мець справу, але за іх нельна выходзіць замуж, і прымусіла Франца Верфеля перад шлюбам зрачыся іўдаізму[6][7]. Пісьменніца Гіна Хаус заяўляла, што Альма — самы дрэнны чалавек з тых, каго яна ведала. Жонка Івана Голя Клэр пісала, што «той, хто жаніўся з Альмай Малер, павінен памерці», а сяброўка Альмы Марыэта Торберг лічыла, што Альма была адначасна вялікай жанчынай і клаакай. Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia