Арэнсбургская культура![]() Арэнсбургская культура — археалагічная культура эпохі фінальнага палеаліту, якая існавала ў IX-м тыс. да н.э. у межах Паўночна-Германскай і Польскай нізін, у басейнах рэк Рэйн, Везер, Эльба, ніжнім і сярэднім цяченні р. Одра. Назву атрымала ад стаянак на тарфяніку каля г. Арэнсбург (Германія). Даследаванне арэнсбургскай культуры пачата ў 1920 г. Г. Швантэсам. Найбольшую вядомасць атрымалі стаянкі Каленхарт, Кетцэндорф, Хёрпел, Штэльмаар (Германія), Вайнова, Кошлеў-1, Лукове-1 (Польшча). Паселішчы прадстаўлены кароткатэрміновымі стаянкамі, на асобных з іх захаваліся рэшткі акруглых і авальных жытлаў. Асноўны занятак насельніцтва — паляванне на паўночнага аленя, лася, бабра, пра што сведчаць шматлікія астэалагічныя знаходкі і прылады, звязаныя са здабычай і перапрацоўкай жывёлы. Першасная апрацоўка крэменю заснавана на сколванні адшчэпаў і пласцін з адна- і двухпляцовачных нуклеусаў у тэхніцы мяккага адбойніка. У другаснай апрацоўцы вядомы стромкае і паўстромкае рэтушаванне загатоўкі, накіраванае на змяненне яе зыходнай формы, тэхніка разцовага сколу. Сярод прылад — канцавыя і двайныя скрабкі, сярэдзінныя, рэтушаваныя і вуглавыя разцы, скоблі, праколкі, сякерападобныя вырабы. Знаходкі з арганічных матэрыялаў уключаюць наканечнікі стрэл, гарпуны, нажы, кінжалы, долатападобныя вырабы. Вядомы драўляны лук. Вызначальнымі для арэнсбургскай культуры з’яўляюцца вастрыі тыпу цанхафен (пласціны са скошаным рэтушшу канцом і натуральнай або рэтушаванай асновай) і наканечнікі стрэл: тронкавыя сіметрычныя з добра вылучаным чаранком, дарсальнай ці супрацьлеглай рэтушшу. Пяро наканечнікаў натуральнае ці скошана рэтушшу (арэнсбургскі тып). Генезіс арэнсбургскай культуры звязваецца з фінальнапалеалітычнай культурай Броме — Лінгбі. Аналогіі вызначаюцца ў форме наканечнікаў стрэл, якія характарызуюцца меншымі памерамі ў параўнанні з лінгбійскімі. Заўважаецца некаторае падабенства з культурай Федэрмесер . Гістарычныя лёсы насельніцтва арэнсбургскай культуры звязваюцца з культурамі Дзювензее і Маглемазэ (Англія, паўночная Германія, Данія), Фосна і Комса (Скандынавія). Асобныя групы насельніцтва арэнсбургскай культуры пранікалі на тэрыторыю Усходняй Еўропы і далі пачатак грэнскай культуры. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia