Баршчоўка (Хойніцкі раён)
Баршчо́ўка[1] (трансліт.: Barščoŭka, руск.: Борщёвка) — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы была адселена. ГісторыяВялікае Княства ЛітоўскаеУпершыню вёска названая ў памятным запісе 1526 года ігумена Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «Возле Борщовки поле Михайловское звечное»[2]. Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Баршчоўка з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[3]. Карона Каралеўства Польскага![]() Паводле прафесара гісторыі Наталлі Якавенка, пан Іван Грузевіч, на момант надання яму 28 верасня 1638 года пасады кіеўскага войскага[5], ужо паспеў набыць сярод іншых добраў і Баршчоўку з Масанамі[6]. 15 чэрвеня 1655 года, у самы цяжкі для Рэчы Паспалітай перыяд вайны з Расіяй, украінскі гетман Багдан Хмяльніцкі сваім універсалам аддаў Баршчоўку, Масаны і іншыя сёлы памерлага пана Грузевіча ў трыманне кіеўскаму палкоўніку Паўлу Хмяльніцкаму-Яненку, у якога пазычыў быў 8 тысяч польскіх злотых[7]:
Пасля вайны, 30 кастрычніка 1671 года, калі яшчэ існавала надзея вярнуць Кіеў, кароль Міхал Вішнявецкі выдаў прывілей-пацверджанне Свята-Міхайлаўскаму Залатаверхаму манастыру на валоданне шэрагам добраў, сярод якіх «…w Połesiu nad Czarnobiłem, nad rzeką, nazwaną Przepieć, wsi Rudki, Mołoczki, Dronki, Barszowka wie[ś]…»[8]. Але манастыр, падобна, не здолеў скарыстаць з таго прывілею. Ужо за тры гады да падпісання Вечнага міру Баршчоўка вярнулася да нашчадкаў кіеўскага войскага Івана і Алены з дому Звалінскіх Грузевічаў, падданых Рэчы Паспалітай. У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства на 1683 год засведчана, што з 12 дымоў уладання Масаны і Баршчоўка пана Грузевіча да скарбу выплачваліся 2 злотых[9]. Згаданая Баршчоўка разам з Масанамі ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1711 і 1714 гадоў. 31 жніўня/23 кастрычніка 1716 года датаваная судовая справа, якая скончылася ўзаемным пагадненнем кіеўскага земскага каморніка Аляксандра і новагародскага лоўчага Базыля Нячай-Грузевічаў аб супольным валоданні атрыманымі па бацьку сёламі Масаны і Баршчоўка, карыстанні ўсялякімі прыбыткамі пароўну, за вылікам расходаў на ўтрыманне іх сястры Зузанны, на наём адміністратара, на патрэбы царквы і святара[10]. У выпісцы з гродскіх кніг Кіеўскага ваяводства ад 23 сакавіка 1720 года засведчана, што калі сяляне кіеўскага харунжага, старосты жытомірскага і ўладзімірскага, палкоўніка Казіміра Стэцкага ехалі па дарозе з Баршчоўкі да Радзіна, каля балота Тужыр іх сустрэў кіеўскі падчашы Крыштаф Маржэцкі і моцна скалечыў зброяй некалькі чалавек[11]. Актам ад 6/27 чэрвеня 1723 года аформлены быў падзел сялян вёсак Масаны і Баршчоўка паміж братамі Аляксандрам і Базылём Нячай-Грузевічамі[12]. У 1734 годзе з вёскі Баршчоўка да скарбу выплачваліся ўсяго 1 злоты і 7 з паловай (pułośma) грошаў, а гэта значыць, што ў ёй было хіба 8, магчыма, 9 двароў[A][13]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Баршчоўка была сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[14]. У 1754 годзе з 16 двароў[B] (×6 — каля 96 жыхароў) вёскі Баршчоўка выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 2 злотыя і 14 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 9 зл. і 26 гр.[15] Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі пражыванне ў Баршчоўцы адпаведна 10, 5 і 7 плацельшчыкаў пагалоўшчыны (głow), якія належалі да Чарнобыльскага кагала[16]. Значнае ўбыванне насельнікаў-яўрэяў у вёсцы магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе. Расійская імперыя![]() Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Баршчоўка апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[17]. Паводле рэвізіі 1795 года, вёска Баршчоўка знаходзілася ў арэндзе ў Кіпрыяна, сына Казіміра, Стоцкага, суддзі гродскага мазырскага, эканомам у якога служыў па кантракту шляхціч Андрэй, сын Сымона, Драздоўскі[18]. У крыніцы 1796 года сказана, што Баршчоўка належала пані Зофіі Стоцкай[19]. ![]() 12 чэрвеня 1831 года ў бітве пад Вугламі быў паранены, трапіў у няволю паўстанец Геранім, сын Рафала, Грузевіч з маёнтку Масаны і Баршчоўка. Паводле выраку Кіеўскай губернскай следчай камісіі, аддадзены ў рэкруты[20]. На 1844 — 1846 гады ў Баршчоўцы існавалі маёнткі паноў Дмішэвіча, Рыхвальскай, Міхалоўскага[21]; у Масанах і Баршчоўцы — маёнткі паноў Грузевіча і Араноўскай. У частцы добраў Рафала, сына Аляксандра, Грузевіча ў 6 дварах Масаноў і 3 дварах Баршчоўкі жылі 15 мужчын і 13 жанчын, у 3 дварах Масаноў і 4 дварах Баршчоўкі Раісы, дачкі Іосіфа, Араноўскай было 19 мужчын і 17 жанчын з ліку прыгонных[22]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 182 жыхары вёскі Баршчоўка належалі да прыходу Масаноўскай Параскевіцкай царквы[23]. У парэформенны перыяд Баршчоўка належала да Дзёрнавіцкай воласці. У пачатку 1870 года ў Баршчоўцы разам з Масанамі — 118 мужчынскіх душ сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 1 аднадворац, прыпісаны да воласці[24]. З абшарнікаў Мінскай губерні на 1876 год названыя Рафал, сын Аляксандра, Грузевіч, які меў у Масанах і Баршчоўцы 278 дзесяцін угоддзяў, астатнія ў Баршчоўцы: Геранім, сын Рафала, Грузевіч — спадчынны уладальнік 130 дз., Адольф, сын Караля, Дмішэвіч — 433 дз., Вікторыя Іванава Яленская — 250 дз.[25]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Праабражэнскай прыходскай царквы названыя настаяцель а. Аляксандр Шахно, в. а. штатнага псаломшчыка Дзмітрый Пігулеўскі. Да прыходу, акрамя Баршчоўкі, належалі Масаны, Радзін, Уласы і Малочкі[26]. На 1879 год царкоўны прыход налічваў 1019 душ верных абодвух полаў[27]. У 1886 годзе ў сяле 29 двароў, 178 жыхароў, вадзяны млын[28]. У спіс уласнікаў зямлі ў Баршчоўцы 1889 года ўвайшлі адстаўны вахмістр Анатоль Густаваў Белагорскі (5 дзесяцін), дваране Юзаф і Караль, сыны Адольфа, Дмішэвічы (479 дз.), селянін Міхаіл Герасімаў Паўлавец (450 дз.), мешчанін Сабеслаў, сын Стэфана, Піатроўскі (142 дз.) і адстаўны унтэр-афіцэр Фёдар Філіпаў Шчураў (280 дз.)[29]. Згодна з перапісам 1897 года, у Баршчоўцы 47 двароў, 276 жыхароў, царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, карчма. На 1909 год у сяле налічвалася 67 двароў, 425 жыхароў, у маёнтку 3 двары, 13 жыхароў[30]. У 1913 годзе маёнткамі ў Баршчоўцы валодалі Адольф Дмішэвіч (450 дзесяцін), Юзаф Дмішэвіч (165 дз.), Караль Дмішэвіч (166 дз.), Вікторыя Яленская (450 дз.), Сабеслаў Піатроўскі (447 дз.)[31]. Найноўшы час9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Баршчоўка ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[32]. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. ![]() Пасля ўз’яднання з БССР, з 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Баршчоўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет пашыраны за кошт тэрыторый скасаваных Масаноўскага і Уласоўскага сельсаветаў. У 1929 годзе ў вёсцы арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Баршчоўцы было 105 двароў з 389 жыхарамі. У жніўні 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 4 жыхароў[33]. 88 чалавек з вёсак Баршчоўка і Малочкі загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе. З 8 студзеня 1954 года Баршчоўка ў Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы налічвалася 411 жыхароў. Цэнтр калгаса «1 Мая». Дзейнічалі 8-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, ветучастак, аддзяленне сувязі, крама. 25 снежня 1962 года Баршчоўка ўвайшла ў склад Хойніцкага раёна. 20 лютага 1964 года Баршчоўскі сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Радзінскага сельсавета[34]. З 8 студзеня 1987 года вёска ў складзе Стралічаўскага сельсавета[35]. Асобы
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia