Старая Ёлча
Стара́я Ёлча[1] (трансліт.: Staraja Jołča, руск.: Старая Ёлча) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Новаялчанскага сельсавета. ГеаграфіяВёска размешчана за 39 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Чарнігаў), за 158 км ад Гомеля. Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым па аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін. На ўсходзе і поўначы возера Ёлчанскае. ГісторыяВыяўленае археолагамі гарадзішча канца I тысячагоддзя да н. э. — пачатка I тысячагоддзя н. э. і пазнейшага часу (ва ўрочышчы Пасёлак) сведчыць пра засяленне тутэйшых месцаў з даўніх часоў. Карона Каралеўства ПольскагаЦі не ўпершыню Ёлча (Jewcza) згаданая ў падатковым рэестры ад 6 студзеня 1571 года як сяло воласці Любецкага замку ў Кіеўскім ваяводстве Каралеўства Польскага. Тады ў ім налічвалася 10 дымоў (двароў)[2]. Надалей вёска, паводле звестак І. В. Кандрацева, 7 кастрычніка 1596 года разам з Бярозкамі трапіла ў пажыццёвую пасэсію да пана Івана Лобава[3]. У 1614 годзе папярэдні пасэсар, са згоды караля, «саступіў» Ёлчу на тых жа ўмовах князю Сямёну Лышко (Лычко) і яго жонцы пані Катарыне Каменскай. У Ёлчы на той час было 6 службаў, з якіх штогод разам збіралася 45 злотых, жыта 9 бочак, кожная па 15 грошаў, разам складалі 4 злотыя, 15 грошаў, з арандаваных млыноў Ёлчанскага і ў Бярозках яшчэ 120 злотых, за працу ў фальварку; усяго 178 злотых 15 грошаў[4]. Паводле тарыфа падымнага падатку 1628 года, з маёнтку пана Яна Мікалая Яніцкага Ёлчы і Бярозак з 12 дымоў скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 18 агароднікаў па паўтары злотыя, са святара 6 злотых, з кола млыновага 3 злотыя[5]. Тая пасэсія была пацверджана каралеўскім прывілеем ад 12 сакавіка 1631 года. Валодаў М. Яніцкі Ёлчай з Бярозкамі і ў 1636 годзе[6]. 14 снежня 1656 года каралеўскім прывілеем Ёлча (Jołcza) і Бярозкі перададзеныя ў пажыццёвае валоданне пану Лукашу Бялабжэскаму. 20 сакавіка 1659 года тыя ж добры пажыццёва падараваныя пану Юрыю Нячаю (Грузевічу[7]) і жонцы яго пані Даміцэлі з Хадыкаў. 22 мая 1660 года датаваны прывілей, якім пацверджана пажыццёвае права на Ёлчу і Бярозкі сужэнства Лукаша і Ганны з Сілічаў Бялабжэскіх. Але новымі каралеўскімі прывілеямі 1662, 1667, 1668 гадоў вёскі былі замацаваныя за панамі Нячаямі; адначасова скасаваныя ўсе папярэднія наданні[8]. У 1683 годзе з 12 дымоў вёскі Ёлча пана Нячая да скарбу выплачваліся 2 злотыя[9]. У акце Оўруцкага гродскага суда ад 28 чэрвеня 1687 года зазначана, што Ёлчу (Jołcza), Юркавічы і Хатучу, якія трымаў пан Нячай, у адрозненне ад места Брагіна, вёсак і хутароў пана Яна Канецпольскага, казакі палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага сваім больш як паўгадавым пастоем не абцяжарвалі, хоць і мусілі («lubo tam powinni byli stać»)[10]. Згаданая Ёлча (Juwcza) ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1711 і 1714 гадоў. У 1734 годзе з вёскі Ёлча да скарбу выплачваліся ўсяго 1 злоты і 7 з паловай (pułośma) грошаў, а гэта значыць, што ў ёй было хіба 8 двароў[A][11]. Паводле тарыфу 1754 года, з 40 двароў[B] (×6 – каля 240 жыхароў) вёскі Ёлча (Jełcza) «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 6 злотых, 7 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 25 злотых[12]. У апошніх двух выпадках прыналежнасць паселішча пазначаная як спрэчная (in controverso). Але ўладальнік названы ў датаваным 15 лютага 1754 года запісе «wieczystego prawa darownego» на добры Ёлча (Jołcza), Бярозкі, Савічы, Грушна «і іншых», відавочна, прыналежных да Ёлчанскага ключа[C], ад падканцлера літоўскага графа Міхала Сапегі войскаму ашмянскаму пану Францішку Ракіцкаму, за подпісам вялікага канцлера літоўскага князя Міхала Чартарыйскага, замацаваным вялікай пячаткай[13]. У 1774 годзе ў Ёлчы ўзведзены новы драўляны на падмурку з цэглы будынак Свята-Міхайлаўскай царквы[D][14]. Расійская імперыяУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ёлча апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі[15]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што сёлы Ёлча, Грушна, вёскі Бярозкі, Савічы, Галкі і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі (відавочна, зноў жа застаўным правам[E]) ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[16]. З 27 жніўня 1799 года аднаасобным уладальнікам Ёлчанскага ключа стаў пан Людвік Ракіцкі[17]. На 1811 год эканомам у фальварку Ёлча названы Казімір Шчасновіч[18]. Паводле ведамасці Міхайлаўскай царквы за 1818 год, сяло Ёлча і навакольныя вёскі належалі былому маршалку Мінскай губерні, стацкаму саветніку пану Людвіку Ракіцкаму[19]. У канцы снежня 1831 года пан падкаморы рэчыцкі Уладзіслаў Прозар, жанаты з дачкой маршалка Л. Ракіцкага пані Тэкляй, заключыў кантракт у 9 100 рублёў серабром на продаж гарэлкі з фальваркавых бровараў у Хойніках, Гарадзішчы і Ёлчы з бацькам і сынам Лейбай і Абрамам Шайковічамі[20], якія ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камерцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Мінскай губерні. У 1850 годзе — уласнасць паноў Прозараў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 244 жыхары сяла і 268 жыхароў вёскі Ёлча былі прыхаджанамі Свята-Міхайлаўскай царквы, 7 мужчын і 6 жанчын з ліку жыхароў фальварка Ёлча з'яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[21]. Ад 27 кастрычніка 1869 года маёнткам Ёлча з 13 597 дзесяцінамі ўгоддзяў валодалі расійскія купцы Якаў Аляксандравіч, Флор Аляксандравіч, Андрэй Аляксандравіч Селюковы. Тут дзейнічалі паравы з прыбыткам 2000 рублёў у год, два вадзяныя (200 р.), конны (80 р.) млыны, дзве карчмы (160 р.)[22]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Міхайлаўскай царквы ў Ёлчы названыя настаяцель а. Феафан Мінкевіч, в. а. штатнага псаломшчыка Аляксей Юрашкевіч і звышштатны Фёдар Варсоба, просфірня Еўфрасіння Шнэк[23]. На 1879 год да прыходу належалі 889 душ мужчынскага і 935 душ жаночага полу сялянскага саслоўя з жыхароў сяла Ёлча, вёсак Новая Ёлча, Бярозкі, Кацічаў, Чэрнеў, Капорынка, Галкі, Вялле, мястэчка Камарын; у архіве царквы захоўваліся метрычныя кнігі з 1755 года, евангеллі выдання 1773 і 1795 гадоў, спавядальныя спісы 1800 года[24]. Паводле «Спісу землеўладальнікаў Мінскай губерні» 1889 года, праваслаўны купец Флор Аляксандравіч Сялюк меў у Ёлчы 6975 дзесяцін зямлі. Згодна з перапісам 1897 года, у сяле існавалі школа граматы, царква; побач — сядзіба Ёлча і бровар. Дзейнічалі параходная прыстань і паромная пераправа. На 1904 год сярод зямельных уласьнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы ўладальнік маёнтку Ёлча спадчынны ганаровы грамадзянін Аляксандр Флоравіч Сялюк[25]. Найноўшы час9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старая Ёлча ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[26]. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Пасля ўз’яднання з БССР, ад 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года вёска — цэнтр Стараялчанскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі (з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі). У 1929 годзе арганізаваны калгас. У час Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 года нацысты спалілі тут 50 двароў і забілі 18 жыхароў. Вызвалена вёска 23 верасня 1943 года. У 1959 годзе ў складзе саўгаса «Краснае» (цэнтр — вёска Краснае). У 1962 годзе да Старой Ёлчы далучана вёска Прудавіца. Насельніцтва
ЗабудоваПланіроўка складаецца з амаль просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і перасякаемай каналам. На поўдні да галоўнай, далучаецца кароткая вуліца. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу. Заўвагі
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia