Свіслач (прыток Нёмана)
Сві́слач — рака ў Гродзенскай вобласці Беларусі, левы прыток Нёмана. Даўжыня 121 км. Вадазбор 1800 км², у Польшчы і Беларусі (у межах Беларусі 1432 км²). Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6 ‰. НазваНазва Свіслачы меркавана балцкага паходжання, пра гэта кажа другая аснова ў гэтай двухасноўнай назве — Ak-[1]. Корань Ak- звязаны з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе». Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *okṷ(e)s-)[2]: вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака. У двухасноўных гідронімах тыпу Свіслач ці Нарач[1] ak- займае тую ж другую пазіцыю, якую ў іншых выпадках займаюць балцкае up- / ap- (літ. upė, пруск. api «рака»)[3] або яцвяжскае -da (ад яцвяжскага *udā «вада, рака»)[4], як у гідронімах Няропля або Грыўда. Першая аснова Свісл- у назве Свіслачы дагэтуль вычарпальна не вытлумачаная. Прысутнасцю элемента -s-l- яна збліжаецца з балцкімі назвамі рэк Іслач і Ясельда, у якіх другая аснова ўзаемаперакладальная і аднолькава значыць «рака, вада», а першая аснова — фанетычная варыяцыя аднаго і таго ж кораня (*ei-s- : *i̯ā-s-). Узаемнае размяшчэнне рэк Іслач, Ясельда і дзвюх Свіслачаў арыентаванае на нёманска-дняпроўскі водападзел. Па розныя бакі ад водападзелу знаходзяцца дняпроўская (бярэзінская) Свіслач і нёманская Іслач, а ў іншым месцы — нёманская Свіслач і дняпроўская (прыпяцкая) Ясельда. Асноўныя прытокіСправа: Рудаўка, Куклянка, Цішоўка, Бераставічанка, Верацёйка, Пікелка. Злева: Устачанка, Нятупа, Крынкі, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка. Агульнае![]() Пачынаецца каля вёскі Занкі 1 Свіслацкага раёна, у верхнім і сярэднім цячэнні цячэ па ўсходніх схілах Гродзенскага і заходніх схілах Ваўкавыскага ўзвышшаў, упадае ў вадасховішча Гродзенскай ГЭС на поўнач ад аграгарадка Свіслач. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, яе шырыня 0,8—2 км, у сярэднім не выражана. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, яе шырыня 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні не выражана, пераважна забалочаная. Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае: ад вытоку да вёскі Дварчаны (8,5 км) і ад граніцы з Польшчай да вёскі Ярмолічы (22,1 км). На астатнім працягу звілістае, яго шырыня ў верхнім цячэнні 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia