Картка спажыўца

Адразныя купоны. Беларусь.
Беларуская картка спажыўца (адразныя купоны).

Картка спажыўца — каляровы папяровы аркуш з наборам адразных купонаў, якія выкарыстоўваліся ў 1992 годзе ў Беларусі як дадатак да савецкага рубля ў адносінах 1 да 1. Яны сталі першай формай папяровых грошай, выпушчаных дзяржаўнымі органамі незалежнай Беларусі, і выкарыстоўваліся для рэгулявання гандлю таварамі першай неабходнасці[1][2].

Мэта ўвядзення

Купоны былі ўведзены, каб адасобіць грашовае абарачэнне ў межах Рэспублікі Беларусь у перыяд выкарыстання савецкага рубля. Такім чынам улады імкнуліся падтрымаць унутраны спажывецкі рынак, стрымаць дэфіцыт тавараў і абмежаваць іх вываз у Расію, дзе яны каштавалі даражэй, чым у Беларусі[1][3].

Увядзенне і выкарыстанне

Аднаразовыя купоны былі ўведзены ў абарачэнне з пачатку 1992 згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 423 ад 14 лістапада 1991. На шматразовыя купоны іх планавалася замяніць з 1 чэрвеня 1992. Аднак гэтага не адбылося: карткі спажыўца працягвалі выкарыстоўвацца нават пасля з'яўлення ў маі 1992 уласнай беларускай валюты — беларускага рубля.

Карткі спажыўца друкавала Мінская картаграфічная фабрыка і іншыя паліграфычныя прадпрыемствы беларускай сталіцы. Пасля выпуску з мэтай абароны ад падробкі ў бухгалтэрыях арганізацый на аркушы з купонамі ставілася пячатка. Кожны аркуш быў імянны[2][4].

Для атрымання карткі спажыўца патрабаваўся пашпарт з прапіскай. Пенсіянерам купоны выдавалі разам з пенсіяй, астатнія атрымлівалі іх на месцы працы, службы або вучобы, купоны на дзяцей распаўсюджваліся праз ЖЭС[2].

Падчас аплаты за тавары прадаўцы адразалі ад ліста адпаведную колькасць купонаў і ўлічвалі іх на працягу працоўнага дня. Загадзя выразаць купоны забаранялася[4].

Купоны былі выведзены з абарачэння ў канцы 1992 і знішчаны[3].

Апісанне

Карткі спажыўца ўяўлялі сабой аркуш паперы памерам А4, на якім размяшчаліся адразныя купоны розных наміналаў. Яны былі выдадзены дзвюма серыямі, якія адрозніваліся дызайнам адраснага поля[2].

Купоны першай серыі выпуску друкаваліся з сярэдзіны студзеня 1992, на адным аркушы размяшчаліся наступныя сумарныя наміналы: 20, 50, 75, 100, 200 і 300 рублёў. У гэтай серыі адрасны блок быў з жоўтым ромбам на фонавым полі, а купоны былі пазначаныя жоўтымі палоскамі з правага боку[3].

У сувязі з кепскай чытальнасцю картак спажыўца першай серыі выпуску ў лютым 1992 у Беларусі перайшлі на друк другой серыі з белымі прамавугольнікамі ў цэнтры. З улікам інфляцыі ў лютым 1992 быў дададзены новы намінал — 500 рублёў[3].

Купоны першай серыі выпуску[3]

Купоны другой серыі выпуску[3]

Гл. таксама

Крыніцы

  1. а б Настасья Занько. «Носки разрешали покупать раз в полгода по три пары, а масло — по 300 граммов в месяц». Простые белорусы вспоминают талоны и купоны девяностых (руск.). Onliner. Onliner (6 лістапада 2015).
  2. а б в г Полина Конога. Сага о рубле (руск.). 25.by. Издательский дом «Беларусь сегодня».
  3. а б в г д е Денежное обращение Беларуси / А. М. Величко, А. А. Величко, Л. Герич, В. Э. Озолиныш. — Фонд «Русские витязи». — 2011. — 160 с. — ISBN 978-5-903389-46-9
  4. а б Лычавко, Александр. Жетоны и ненастоящие деньги. Вспоминаем самые необычные платежные средства в Беларуси (руск.). Blizko.by (15 снежня 2023). Праверана 15 чэрвеня 2025.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya