Святаслаў Усяславіч
Святаслаў Усяславіч, у хрышчэнні Георгій (1050-я — пасля 1130) — меркаваны князь віцебскі (1101—1129). Жыццё і ўдзелМалодшы з сыноў полацкага князя Усяслава Брачыславіча, паводле Жыція яго дачкі Прадславы. На думку Аляксандра Праснякова і Тадэвуша Васілеўскага, ад бацькі атрымаў Віцебскі ўдзел, бо пазней княства як «отчыну» трымалі яго нашчадкі[1][2]. На думку ж Леаніда Аляксеева, у 1-й палове XII ст. Віцебскае княства ўваходзіла ў склад Смаленскай зямлі[3], але ў крыніцах гэтаму няма пацвярджэнняў. Наадварот, у 2-й палове XII ст. нашчадкі Святаслава аддавалі Віцебск смаленскім князям за падтрымку сваіх прэтэнзій на полацкі сталец. Да Аляксеева, у тым, што Святаслаў не трымаў Віцебска, далучаецца Алег Рапаў, які ставіць пытанне ці не трымаў Святаслаў Ізяслаўльскі ўдзел, на думку Рапава, да 1132 года там быццам княжыў сын Святаслава — Васілька[4]. Рапаў спасылаецца на Іпацьеўскі летапіс (ПСРЛ, т. II, стб. 496), але пазначанае месца тычыцца 1159 года — вайны Рагвалода-Васіля за Ізяслаўль з менскімі Глебавічамі, калі ізяслаўскім князем быў Усевалад Глебавіч, ніякі Васілька сярод дзейных асоб там не згадваецца. Сведчанняў пра дзейнасць Святаслава амаль няма, напэўна, трымаўся антыкіеўскай палітыкі астатніх Ізяславічаў, таму разам з іншымі ў 1130 годзе высланы ў Візантыю, напэўна, там і памёр. Месца ў перакліку высланых князёў пацвярджае, што ён малодшы з Усяславічаў. Жонкай Святаслава, паводле Васкрасенскага летапісу, была дачкой князя Уладзіміра Манамаха, яе імя — Сафія, аднаўляецца з помнікаў матэрыяльнай культуры. Станам на 2018 год вядома пра 8 знойдзеных адбіткаў пячаткі жонкі Святаслава (гл. пра пячатку Сафіі). Візантыйскае сваяцтваПаводле гіпотэзы часоў беларускага Адраджэння (канца XIX — пачатку XX ст.), жонкай Святаслава была дачка імператара Канстанціна IX Манамаха. Аднак, верагодная дачка Канстанціна IX невядома крыніцам, сам імператар памёр у 1055 годзе. Напэўна, вытокі гіпотэзы ў няўважлівым чытанні паведамлення Васкрасенскага летапісу, што Васілька Святаславіч — унук Манамаха, дзе меўся на ўвазе Уладзімір Манамах, па маці ўнук Канстанціна IX. Васкрасенскі летапіс позні, але гэта паведамленне лічаць імаверным многімі даследчыкамі. Як развіццё першай, ёсць другая гіпотэза, што жонкай Святаслава была невядомая крыніцам дачка Іаана II Камніна. Такое тэарэтычна магчыма, калі шлюб адбыўся пасля 1130 года, пасля высылкі немаладога ўжо Святаслава ў Візантыю, а яго вядомыя дзеці нарадзіліся ў першым (першых) шлюбах, што супярэчыць Васкрасенскаму летапісу.[5] Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia