Расціслаў Усяславіч
Расціслаў Усяславіч (пач. 1060-х — пасля 1130) — князь з роду полацкіх Ізяславічаў. БіяграфіяРасціслаў, на думку большасці даследчыкаў, адзін з малодшых сыноў полацкага князя Усяслава Брачыславіча, імаверна, пяты паводле старшынства[1]. Упершыню, і адзіны раз у ранніх крыніцах, Расціслаў згаданы ў пераліку полацкіх князёў сасланых у Візантыю. Болей ранніх звестак пра Расціслава і яго ўдзел не захавалася. Памёр, імаверна, у Візантыі. Расціслаў РагвалодавічПаводле «Рускай геральдыкі» Аляксандра Лакіера, Расціслаў Усяславіч меў сыноў Маўкольда і Давіла, якіх вільняне запрасілі з Візантыі на княжанне, і ад іх, быццам, паходзіць род вялікіх князёў літоўскіх. Паданне пра гэта змешчана ў Васкрасенскім летапісе (сярэдзіны XVI ст.), але там згадваецца Расціслаў Рагвалодавіч, невядомы з ранніх крыніц. Ёсць думка, што паданне пра Расціслава Рагвалодавіча і яго сыноў як продкаў Гедзімінавічаў створана ў Маскоўскай дзяржаве да часоў вялікага князя Івана IV для абгрунтавання спадчынай Рурыкавічаў тэрытарыяльных дамаганняў да ВКЛ[2].
Няма адзінай думкі, чым у тэксце ёсць Рагвалодавіч — родавым празванне або імем па бацьку. Першае імаверней, бо як і ў «Аповесці мінулых часоў» на пачатку гадавога артыкула Рагвалодавічамі названы род полацкіх князёў агулам, у Васкрасенскім летапісе нават двойчы. Таму згаданага Расціслава Рагвалодавіча прапануюць атаясняць з Расціславам Усяславічам, адзіным вядомым з крыніц Расціславам сярод Ізяславічаў Полацкіх (Рагвалодавічаў) на час іх высылкі ў Візантыю ў 1129 годзе. Калі Рагвалодавіч — імя па бацьку, паўстае пытанне хто яго бацька. Ёсць думка, што тоеснасць Расціслава Рагвалодавіча Васкрасенскага летапісу з Расціславам Усяславічам храналагічна немагчымая. Таму асобныя даследчыкі прапануюць лічыць за яго бацьку Рагвалода-Васіля Барысавіча[3], а некаторыя Рагвалода Усяславіча, хаця існаванне апошняга прызнаецца ўсё болей сумнеўным. На аснове Васкрасенскага летапісу «Радство вялікіх князёў Літоўскіх» дае такую генеалогію: «У великого князя Володимера Святославича другои сынъ Изяславъ, у Изяслава сынъ Брячиславъ, у Брячислава сынъ Всеславъ, у Всеслава сынъ Борисъ, у Бориса сынъ Рагволодъ, у Рагволода сынъ Ростиславъ, у Ростислава сынъ Давилъ, у Давила сынъ Видъ… у Вида сынъ Троенъ, у Троена сынъ Виденъ, у Витеня сынъ Гедиманъ…»[4]. Васкрасенскі летапіс, аднак, дае яскравыя прыклады «канструявання» генеалогій, прычым менавіта ў выпадку Рагвалода-Васіля. У раздзеле «Пра вялікіх князёў разанскіх», пад 1159 годам летапіс паведамляе, што друцкі князь Рагвалод-Васіль быў унукам Юрыя Даўгарукага і, адпаведна, сынам Барыса Юр’евіча. Вядома, крыніцай «канструявання» быў Іпацьеўскі летапіс, які пад 1159 годам паведамляе і пра смерць Барыса Юр’евіча, і пра княжанне Рагвалода-Васіля ў Друцку, але не пра іх роднасць.[5] Такім чынам, калі верыць у гэтым пытанні Васкрасенскаму летапісу, Расціслаў Рагвалодавіч быў Ізяславічам Полацкім, а Рагвалод-Васіль — не, то-бок не мог быць бацькам першага. Прыклад «канструявання» ёсць і ў паведамленні пра высылку полацкіх князёў у Візантыю, у тым ліку ў іх пераліку. Публікацыя Васкрасенскага летапісу дае гэтае месца з праўкамі Мікалая Карамзіна, а ў арыгінале «пославъ по Кривския Князи, по Давыда, и по Ростислава, и Святослава, и по Рогволодовича два, и по Ростислава и по Василия и по Ивана»[6], — то-бок названы прынамсі два Расціславы, мабыць, на меўся на ўвазе і трэці — адзін з двух Рагвалодавічаў[7]. У Іпацьеўскім летапісе пра высылку полацкіх князёў паведамляецца ў двух месцах, пад 1130 годам, дзе названы высланыя Давыд, Расціслаў і Святаслаў, і пад 1139 годам, дзе гаворыцца пра высылку ўсіх Рагвалодавічаў і вяртанне двух княжычаў Рагавалодавічаў. Такім чынам, гэта месца Васкрасенскага летапісу не ўнікальнае, а «сканструявана» з двух артыкулаў Іпацьеўскага летапісу з патраеннем іх інфармацыі. У Візантыю быў сасланы адзіны Расціслаў — Расціслаў Усяславіч; княжычамі, якія вярнуліся ў 1139 годзе, як вынікае з пазнейшых падзей, маглі быць Рагвалод-Васіль і, напэўна, яго брат Іван. На думку яшчэ Васіля Данілевіча і многіх следам, у тым ліку Эдуарда Загарульскага, у 1128—1130 гадах Рагвалод-Васіль быў вельмі малады, бо палачане «поемъше» яго ішлі да вялікага князя Мсціслава, дарослы не выступаў бы аб’ектам іх дзеянняў. Пра тое ж сведчыць актыўная дзейнасць Рагвалода-Васіля ў 1150-1160-я гады і жыццё яшчэ ў 1170-я гады. Наўрад ці да высылкі ён быў жанаты і меў дзяцей, пра шлюб паведамляецца толькі пад 1144 годам, ужо па вяртанні. Нават дапусціўшы наяўнасць дзяцей у Рагвалода-Васіля ў 1130 годзе, да 1139 года яны былі б малалетнія і вярнуліся б з Візантыі разам з бацькам. Такім чынам, ні дзеці, ні ўнукі Рагвалода-Васіля ў Візантыі не былі. Пагатоў неймавернай выглядае пасылка ў Візантыю па ўнукаў, калі іх дзед княжыў у Полацку або Друцку. Расціслаў Усяславіч нарадзіўся ў 1060-1070-я гады, адпаведна, у 1130 годзе яму было каля 60 гадоў. Пэўна ён мог мець дзяцей і ўнукаў, сасланых разам з ім у Візантыю. Дзеці Расцілава Усяславіча на час ссылкі маглі быць як дарослымі, так і малымі. Старэйшы з братоў Усяславічаў — Барыс, меў у 1128 годзе вельмі маладога сына Рагвалода-Васіля і маладзейшую за яго дачку Звяніславу, якія жылі яшчэ ў 1170-я гады. Другі Усяславіч — Глеб, меў сына Валадара, які жыў яшчэ ў канцы 1170-х гадоў. Чацвёрты Усяславіч — Давыд, меў сына, які толькі ажаніўся перад 1128 годам, а іншыя сыны былі маладзейшыя. Дзеці наймаладзейшага Усяславіча — Святаслава, актыўна дзейнічалі ў канцы 1160-х гадоў і мелі тым часам малалетніх дзяцей. Адпаведна, дзеці Расціслава Усяславіча пры розных акалічнасцях маглі жыць яшчэ ў 1180-1190-х гадах і, тэарэтычна, па іх маглі паслаць у Візантыю. УдзелУ свой час, Адам Кіркор пісаў, што Расціслаў Рагвалодавіч з 1070-х гадоў быў князем у Вільні, то-бок атрымаў ад бацькі ва ўдзел Віленскае княства[8], але крыніцу звестак не пазначыў. Напэўна, Кіркор так асэнсаваў звесткі Васкрасенскага летапісу, а дату вызначыў самастойна, бо ў «Жывапіснай Расіі» ён выводзіць генеалогію Гедзімінавічаў ад Расціслава Рагвалодавіча, якога называе сынам Рагвалода-Васіля Барысавіча[9]. Звесткі гэтыя неймаверныя, бо ў 1070-я гады Рагвалод-Васіль яшчэ не нарадзіўся. Таксама і Расціслаў Усяславіч, калі ўжо жыў 1070-я гады, то быў малалетнім. Са спасылкай на Кіркора, тое самае падаў Мікола Ермаловіч у артыкуле «Віленская княства» Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. На думку Лявонція Вайтовіча, князь Расціслаў атрымаў ад бацькі ва ўдзел Лукомль[10], што яшчэ болей гіпатэтычна за Вільню, бо не згадваецца і познімі крыніцамі нават ускосна[11]. НашчадкіКалі дзеці Расціслава Усяславіча, у тым ліку меркаваныя Давіл і Маўкольд, жылі яшчэ ў 1180—1190 гады, то жыццё яго маладзейшых унукаў у сярэдзіне XIII ст. тэарэтычна магчымае. У кожным разе, нельга выключаць, што познія летапісы прыпісваюць імёны праўнукаў і прапраўнукаў Усяслава Брачыславіча яго ўнукам, бо збіліся ў ліку пакаленняў[12]. Надзейных жа звестак пра нашчадкаў Расціслава Усяславіча цяпер няма. Ёсць думка, што нейкая генеалогія полацкіх Рагвалодавічаў была адной з крыніц пры стварэнні падання пра Палемона, як пачынальніка дынастыі літоўскіх князёў, толькі імёны князёў змянілі.[13] Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia