Рагвалод-Васіль Барысавіч
Рагвалод Барысавіч, у хрышчэнні Васіль (1110-я — пасля 1171) — князь полацкі (1144—1151; 1159—1162), князь друцкі (1158 — пасля 1171). БіяграфіяСын полацкага князя Барыса Усяславіча, напэўна, старэйшы брат Івана і Звяніславы. На думку Эдуарда Загарульскага, у 1128 годзе князь Барыс, напэўна, праз хваробу страціў дзеяздольнасць і стала пытанне пра ажыццяўленне ўлады ў Полацку. На гэта прэтэндаваў наступны паводле старшынства Усяславіч — князь Давыд, але палачане былі супраць, хацелі каб пры Барысе ўладарыў яго сын Рагвалод Барысавіч. Магчыма, паміж Давыдам і палачанамі з Рагвалодам адбываўся канфлікт. Напэўна, гэта і было «няпраўдай» Давыда праз якую вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вялікі паход у Полацкую зямлю, але пэўна яго мэты невядомы. Палачане «ўзялі» князя Рагвалода і пайшлі з ім да вялікага князя Мсціслава, атрымаць санкцыю на ўладаранне пры бацьку, што Мсціслаў і дазволіў. На думку Загарульскага, Рагвалод тады быў зусім малады, бо выступае не самастойна, а як аб’ект дзеянняў палачан. Неўзабаве, на пачатку 1129 года, князь Барыс памёр і Давыд урэшце сеў на полацкім стальцы. Тым самым 1129 годам вялікі князь Мсціслаў збіраў паход супраць полаўцаў, заклікаў і полацкіх князёў, пагатоў новы полацкі князь Давыд даводзіўся яму сватам. Паводле Васіля Тацішчава, полацкія князі кпліва адмовіліся. Таксама, паводле Тацішчава, пакуль Мсціслаў ваяваў з полаўцамі, полацкія князі (магчыма Давыд і Рагвалод) ваявалі паміж сабою, а нейкія з іх і нападалі на ўладанні Мсціслававых родзічаў. Вярнуўшыся з паходу, Мсціслаў адправіў ваявод у Полацкую зямлю, яны захапілі многіх полацкіх князёў, у тым ліку Давыда і Рагвалода, і прывезлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над Полацкімі Ізяславічамі адбыўся «суд рускіх князёў», паводле яго выраку разам з сем’ямі іх выслалі ў Візантыю. Князь Рагвалод Барысавіч, напэўна, разам з братам Іванам, вярнуўся з Візантыі ў 1139 годзе, але на полацкім стальцы тым часам сядзеў яго стрыечны брат — Васілька Святаславіч. Нягледзячы на старшынство, Рагвалод, мусіць, атрымаў нейкі невялікі ўдзел. Толькі пасля смерці князя Васількі (пачатак 1144 года) Рагвалод стаў полацкім князем, а вясною 1144 года ажаніўся з дачкой вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча. Княжыў да 1151 года, калі палачане схапілі яго і перадалі менскім князям, якія пасадзілі Рагвалода ў турму. На полацкі сталец сеў Расціслаў Глебавіч. Толькі ў 1158 годзе менскія князі, паводле Тацішчава, пад пагрозай Юрыя Даўгарукага вызвалілі Рагвалода, з Менску ён паехаў у Слуцк. У Слуцку, уладанні чарнігаўскіх князёў, быў не доўга, адтуль дручане запрасілі яго на княжанне ў Друцк выгнаўшы з горада Глеба Расціславіча. Рагвалод пагадзіўся і паехаў у Друцк, насустрач яму выехала 300 дручан на чаўнах. Выгнанне Глеба Расціславіча з Друцка выклікала вайну менскіх Глебавічаў з Рагвалодам — Глебавічы аблажылі Друцк, але штурмы былі беспаспяховыя, урэшце яны заключылі мір паводле якога пакідалі яму Друцк і дадавалі яшчэ нейкія воласці, а ён адмаўляўся для іх ад Полацка. У 1159 годзе палачане змовіліся і выгналі з Полацка князя Расціслава Глебавіча і зноў паклікалі Рагвалода Барысавіча, прасілі дараваць ім за колішнюю выдачу менскім князям. Гэта прычынілася новаму канфлікту з Глебавічамі, Рагвалод правёў супраць іх некалькі ваенных кампаній, але не вельмі паспяховых — у апошняй (1162) быў разбіты Валадаром Глебавічам. Параза была цяжкая, загінула шмат палачан, Рагвалод не вярнуўся ў Полацк, а паехаў у Друцк. На полацкім стальцы пры падтрымцы смаленскіх князёў сеў Усяслаў Васількавіч. Апошні раз Рагвалод-Васіль згадваецца надпісам на так званым «Рагвалодавым камяні» пад 1171 годам, магчыма, жыў і да 1180 года, калі князем у Друцку названы яго сын Глеб Рагвалодавіч. Нашчадкі
Некаторыя выданні называюць яго сынам таксама Расціслава Рагвалодавіча невядомых гадоў нараджэння і жыцця.[2] Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia