Італьянская акупацыя Мальёркі
Італьянская акупацыя Мальёркі (італ.: Occupazione italiana di Maiorca; ісп.: Presencia militar italiana en Mallorca) адбылася ў 1936—1939 гадах падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Італія ўступіла ў вайну ў 1936 годзе з мэтай анексіі Балеарскіх астравоў і Сеуты і стварэння на іх тэрыторыі дзяржавы-сатэліта[1]. Яна імкнулася захапіць Балеарскія астравы, бо яны, займаючы стратэгічна важнае становішча, звязвалі Францыю і яе калоніі ў Паўночнай Афрыцы, а таксама Гібралтар і Мальту[2]. У выніку аперацыі італьянцамі былі заняты важныя аэрапорты і парты[3]. За некаторы час да поўнага ўмяшання Італіі ў грамадзянскую вайну ў Іспанію была паслана дыверсійная група пад камандаваннем лідара чорнакашульнікаў Арканавальда Банакорсі, якая высадзілася на востраве Маёрка і захапіла яго[4]. Банакорсі быў прызначаны праконсулам Балеарскіх астравоў[4]. Ён абвясціў Маёрку бестэрміновым валоданнем Італіі[5]. Банакорсі быў ініцыятарам жорсткага тэрору, у выніку якога было расстраляна больш за 3 000 чалавек (большая частка — камуністы), уключаючы ўсіх зняволеных[4]. Захапіўшы Пальму-дэ-Маёрку, ён перайменаваў галоўную вуліцу ў Via Roma (Рымская вуліца) і ўсталяваў на ёй помнікі Рымскага арла[6]. Пазней за сваю дзейнасць на востраве быў узнагароджаны медалямі[4]. Мальёрка стала авіябазай для італьянскіх ВПС, якія здзяйснялі налёты на прыбярэжныя гарады мацерыковай Іспаніі, кантраляваныя войскамі рэспубліканцаў[7]. Першапачаткова тут грунтавалася нязначная колькасць самалётаў, каб пазбегнуць узброеных сутыкненняў з Вялікабрытаніяй і Францыяй[8]. Аднак тыя працягвалі не прадпрымаць ніякіх дзеянняў у дачыненні да Італіі, і на востраве былі разгорнуты 12 самалётаў, адзін з якіх пілатаваў сын Беніта Мусаліні — Бруна[8]. Да студзеня 1938 года колькасць італьянскіх ВПС на астравах павялічылася ў 2 разы, і ў сувязі з гэтым пачасціліся іх налёты на караблі краін-інтэрнацыяналістаў, якія ішлі з ваеннай дапамогай для рэспубліканцаў[9]. Павелічэнне колькасці італьянскіх бамбардзіроўшчыкаў на востраве, колькасці налётаў на парты рэспубліканцаў і на інтэрнацыяналісцкія караблі былі ацэнены ўрадам Францыі як правакацыйныя[8]. 11 (або 12) красавіка 1939 года, пасля перамогі Франсіска Франка ў грамадзянскай вайне і ўварвання італьянскіх войскаў у Албанію, Мусаліні аддаў загад аб вывадзе войскаў з Іспаніі[10]. Падставай да гэтага загаду паслужыў хуткі захоп Вермахтам Чэхаславакіі і пачатак падрыхтоўкі войскаў да ўварвання ў краіны Усходняй Еўропы[10]. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia