Плябань

Вёска
Плябань
Плябань, касцёл (цяпер царква), 2025 г.
Плябань, касцёл (цяпер царква), 2025 г.
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 38 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 176
Паштовыя індэксы
222320
Аўтамабільны код
5
СААТА
6238817101
Плябань на карце Беларусі ±
Плябань (Беларусь)
Плябань
Плябань (Мінская вобласць)
Плябань

Пляба́нь[1] (трансліт.: Pliabań) — вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Уша (прыток Віліі). Уваходзіць у склад Красненскага сельсавета. Плябань месціцца за 3 км на поўдзень ад цэнтра сельсавета Краснае і за 20 км на паўднёвы ўсход ад горада Маладзечна. Побач прыпыначны пункт чыгункі Ласі.

Гісторыя

Каменны крыж на могілках

Назва вёскі паходзіць ад слова плябанія, дом каталіцкага ці ўніяцкага святара. У 1500 годзе вялікі князь Аляксандр Ягелончык заклаў у паселішчы драўляны каталіцкі храм, які абслугоўваў, галоўным чынам каталікоў найбліжэйшай вёскі, пазней мястэчка Краснае. Таксама паселішча звалася як Плябанія Краснае Сяло[2]. Будынак касцёла згарэў падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. У 1695 годзе на старым месцы быў пабудаваны новы драўляны храм, асвечаны ў імя Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Плябань апынулася ў складзе Расійскай імперыі ў Вілейскім павеце. У 1800 годзе пачалося будаўніцтва мураванага будынка храма, якое доўжылася да 1858 года.

Падчас паўстання 1863—1864 гадоў касцёл у вёсцы Плябань выкарыстоўваўся паўстанцамі з атрада Юліяна Бакшанскага ў якасці таемнага арсенала. Свой апошні бой яны прынялі каля вёскі Свечкі супраць карнага атраду расійскіх войск 4 сакавіка 1863 года. На старых могілках Плябані пахаваныя кіраўнік паўстання на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне Юльян Бакшанскі, а таксама ягоныя аднадумцы і памочнікі — Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Панькоўскі і пятнаццацігадовы гімназіст Сулістроўскі. Пасля падаўлення паўстання касцёл быў закрыты царскімі ўладамі. У 1872 годзе храм быў перададзены Праваслаўнай Царкве і быў перабудаваны ў храм, які атрымаў назву Успенскага.

Касцёл па перабудове ў царкву, пач. 20 ст.

У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Плябань увайшла ў склад Польскай Рэспублікі, дзе ўваходзіла ў Маладзечанскі павет Віленскага ваяводства. У 1921—1939 гадах Успенская царква зноў функцыянавала як каталіцкая. З 1939 года Плябань у складзе БССР.

У савецкі перыяд Успенскі храм быў закінуты і ператварыўся ў руіны. У 1996 годзе перададзены праваслаўнаму прыходу, і адноўлены як праваслаўная царква.

Славутасці

Помнік паўстанцам 1863 г.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Кляба́нь (за Кляба́нню). Кляба́ня (за Кляба́няй). Кляба́нія
  2. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 2 / [складзены і падрыхтаваны да друку ў 2012 г. ; спецыяльны змест распрацавалі: Я. К. Анішчанка і інш.]. — 1 атлас (347, [4] с.) : каляр., карты, тэкст, іл., паказальнік с. — ISBN 978-985-508-245-4. С. 250.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya