Пячатка з раскопак у Лаўрышаве![]() Пячатка з раскопак у Лаўрышаве — прыкладна́я каменная пячатка-матрыца, выяўлена ў 2015 годзе пры раскопках на археалагічным селішчы Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна. Формай падобная да бруска, на адным з тарцоў выразаны надпіс у 2 радкі. Адметнасць знаходкі ў захаванасці менавіта матрыцы, бо звычайна сярэдневяковыя пячаткі знаходзяць як адбіткі. Аналагаў у Беларусі няма. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, Лаўрышаўскі манастыр заснаваў каля 1260 года сын вялікага князя літоўскага Міндоўга — Войшалк, вялікі князь літоўскі ў 1264—1267 гадах. Паводле царкоўнага падання, манастыр заснаваў у сярэдзіне XIII ст. ігуменам Елісеем. Археалагічныя даследаванні ў ЛаўрышавеМесцазнаходжанне Лаўрышаўскага манастыра з XVI ст. вядома па дакументах. Археалагічныя абследаванні ў Лаўрышаве пачаў у 1990 годзе Аляксандр Краўцэвіч, які зрабіў выснову: «На падставе здабытага падчас раскопак археалагічнага матэрыялу можна сцвярджаць, што мы знайшлі культурны слой Лаўрышаўскага манастыра»[1]. У 2011—2015 гадах раскопкі ў гэтым месцы праводзілі Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі, якія складаліся з добраахвотнікаў, пад навуковым кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Сяргея Рассадзіна. Па выніках даследаванняў ім была зроблена выснова, што манастыр існаваў на гэтым месцы з часу заснавання ў XIII ст.[2] Выяўленне пячаткіУ экспедыцыі вялася палявая апрацоўка археалагічных матэрыялаў, кіраўнік — гісторык Тэльман Маслюкоў[2], знаходка папярэдне вызначана як каменны брусок і пакінута для навуковага даследавання, ёй нададзены шыфр «Л15 37/5». Пры абследаванні знаходкі ў Мінску Сяргей Рассадзін выявіў на тарцы бруска надпіс. Тэльман Маслюкоў выказваў думку, што гэта можа быць імя ўладальніка[3]. На думку Рассадзіна, артэфакт зроблены са сланцавага каменя, які здабывалі і апрацоўвалі да сярэдзіны XIII ст.[4] Вырабы з такога сланцу ў археалогіі лічаць датавальнымі, бо ў 1240 годзе камнездабыўныя майстэрні былі разбураны падчас мангола-татарскага нашэсця і пазней не аднаўляліся[5]. Для прачытання надпісу знаходку перадалі спецыялістцы па эпіграфіцы, кандыдатцы гістарычных навук Іне Калечыц. Прачытанне і вызначэнне![]() Прачытанне надпісу ў лабараторных умовах і вызначэнне тыпу знаходкі прапанавала Іна Калечыц. Паводле яе высновы, артэфакт гэта пячатка, а надпіс чытаецца як «Святая пу́стынь», пры гэтым першае слова напісана скарочана на грэчаскай мове[6], што было характэрна для XII—XIV стагоддзяў: Ά(για) Пꙋ[С]ТІN[7]. Літару «н» ва ўсходнеславянскай кірыліцы да XIV ст. пісалі ў грэчаскай форме Ν. У такім разе, знаходка папаўняе шэраг ранніх пячатак часоў Вялікага Княства Літоўскага. Іншае прачытанне, па апублікаваных фотаздымках матрыцы і адбітку, прапанаваў мовазнавец і перакладчык Сяргей Шупа. На яго думку, на здымках «на тарцы каменнага бруска… можна… без вялікіх намаганняў» прачытаць напісанае квадратным яўрэйскім шрыфтам імя Іцхак-Айзі[к] (יצחק אייזיק)[8]. З такім прачытаннем пагадзіліся доктар гуманітарных навук Л. Лемперт (выкладчыца гісторыі і культуры яўрэяў гістарычнага факультэта Вільнюскага ўніверсітэта)[9], доктар гістарычных навук К. Цукерман (прафесар візантыністыкі Практычнай школы вышэйшых даследаванняў, Парыж)[10], а ў Беларусі — калекцыянер яўрэйскіх пячатак, рабін Ш. Ізаксон (Віцебск)[9]. Каментуючы паведамленні пра яўрэйскае прачытанне, І. Калечыц патлумачыла, што яе версія пра грэка-славянскі тэкст папярэдняя, і што спецыяльным вывучэннем гэтага надпісу яна не займаецца[10]. ПрадстаўленнеУ Лаўрышаве 1 лістапада 2015 года адбылося прадстаўленне пячаткі грамадскасці[11][12], а 5 лістапада, у дзень прастольнага свята Лаўрышаўскага манастыра, пячатка разам з археалагічнай экспазіцыяй была паказана мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму, Патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі Паўлу, духавенству і гасцям[13]. Паведамленне С. Я. Рассадзіна і І. Л. Калечыц «Каменная матрыца пячаткі з Лаўрышаўскага манастыра» было ўключана ў праграму міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура», у секцыі «Духоўная і матэрыяльная культура» (5—6.11.2015, Мінск)[14]. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia