Рускі (апавяданне)
«Ру́скі» — апавяданне, напісанае Максімам Гарэцкім у 1915 годзе, упершыню апублікавана ў часопісе «Полымя» за 1925 год. У цяперашні час як асобны раздзел уключаецца ў аповесць «На імперыялістычнай вайне»[1]. Узор антываеннай прозы. Падзеі адбываюцца падчас Першай сусветнай вайны на расійска-аўстрыйскім фронце. У творы разглядаецца душэўны стан салдата з Магілёўскай губерні, які называе сябе Рускім. Адным з першых у беларускай літаратуры Гарэцкі паглыбляецца ў свядомасць свайго героя, выкарыстоўвае прыём плыні свядомасці для апісання псіхічнага стану чалавека, які адважыўся на забойства[2]. Гісторыя![]() Твор напісаны Максімам Гарэцкім у 1915 годзе. Апублікаваны ў першым нумары часопіса «Полымя» за 1925 год[3] пад назвай «На імпэрыялістычнай вайне (З запісное кніжкі)»[4]. У 1926 годзе была апублікавана кніга «На імпэрыялістычнай вайне», значна большы твор пра падзеі Першай сусветнай вайны[5], але сюжэт ранейшага апавядання ў кнігу не ўвайшоў. Як дапускае даследчыца Ева Лявонава, усведамляючы значэнне і ўніверсальнае гучанне апавядання, Максім Гарэцкі гэтым надаў яму самастойнае жыццё[6]. У 1928 годзе Гарэцкі рыхтаваў да выдання збор твораў і для гэтага рэдагаваў раней апублікаваныя тэксты. 26-м творам было ўключана кніжнае выданне «На імпэрыялістычнай вайне», тэкст быў дапрацаваны праўкамі, зробленымі на самім выданні. У канцы раздзела «Шпіталь» Максім Гарэцкі простым алоўкам напісаў: «А таму хвораму на грудзі, што прывезлі з аўстрыйскага фронту, болей выпадае ляжаць у больніцы для псіхічнахворых, чым тут, у нас. Ляжыць ён на Саксанавым месцы». Унізе зроблена пазнака («Рускі»). Праз гэтую памету літаратуразнаўцы мяркуюць, што пісьменнік хацеў уставіць адпаведны тэкст[7]. Як высветлілася пры далейшых даследаваннях, ім ёсць машынапіс (захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі)[8] амаль ідэнтычны тэксту, які быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1925 годзе пад назвай «На імпэрыялістычнай вайне (З запісное кніжкі)»[9]. На асобных аркушах з тэкстам публікацыі ў «Полымі» (захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі) першапачатковая назва закрэслена і таксама напісана «Рускі»[7]. Падрыхтаваны Максімам Гарэцкім збор твораў не выйшаў праз пачатак масавых палітычных рэпрэсій[10]. Аднак у пасляваенны час публікацыі 1925 года з часопіса «Полымя» была нададзена аўтарская назва «Рускі». Алесь Адамовіч заўважае, што да 1970-х гадоў твор быў малавядомы беларускаму чытачу[11]. Апавяданне было ўключана ў выданне серыі «Школьная бібліятэка» ў 1992 годзе[12]. У XXI стагоддзі на падставе літаратуразнаўчых даследаванняў апавяданне «Рускі» ўключаюць у дакументальна-мастацкі твор «На імперыялістычнай вайне (Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы)»[1]. Копія апавядання з праўкамі пісьменніка захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў фондзе Максіма Гарэцкага[8]. Акрамя машынапісу, там ёсць выразка з часопіса, у якім быў апублікаваны твор[13]. Сам машынапіс назвы не мае[9]. ГероіРускіГалоўны герой апавядання — салдат расійскай арміі, земляроб-беларус з Магілёўскай губерні. Яго празвалі Рускі, таму што ён бесперапынна крычыць «Я рускі!». Апавядальнік адзначае, што ён сярэдняга ўзросту, шыракаплечы, яго вочы пасля забойства зрабіліся маленькімі, змарнаватымі, у іх відаць боль. Ён цёмны, грубы, як земляроб набліжаны да прыроды. «Аўстрыяк»«Аўстрыяк» — салдат аўстра-венгерскай арміі, украінец[14]. Мае жонку і дзяцей. ГэрмэерГэрмэер — доктар, немец з Дзвінска. Апавядальнік адзначае, што яго ў войску не любяць. Уважае Рускага сімулянтам[15]. КвяткоўскіКвяткоўскі — доктар, беларус з Баранавічаў. Лечыць Рускага паветранымі ваннамі. Доктар кажа хвораму, што рускі ён ці не, «гэта не столь важна»[15]. Квяткоўскі лічыць, што вайна ёсць вайна, а на вайне салдат павінен забіваць ворага[16]. СюжэтПадзеі адбываюцца падчас Першай сусветнай вайны на расійска-аўстрыйскім фронце. Замест уступу апавядальнік знаёміць чытача з салдатам-беларусам[17]. Земляроба з Магілёўскай губерні мабілізавалі на вайну. Ён часта ходзіць па дварах і бульбоўніках у пошуках ежы. Аднойчы ў пошуках бульбы салдат зайшоў у нейтральную паласу і сутыкнуўся з «аўстрыякам». Той сказаў яму: «Руськый! Я маю горілку…» і прывітаўся з ім. «Аўстрыяк» і Рускі паклалі стрэльбы, пасля чаго яны разам выпілі гарэлку, з’елі хлеб і закурылі махорку. Гарэлку салдаты пілі з адной пасудзіны. Калі трэба было разыходзіцца, украінец сказаў беларусу: «Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся». Рускі адказаў яму, каб ён ішоў да сваіх. Пасля гэтага «аўстрыяк» пачаў адыходзіць. Аднак Рускаму «раптам бліснула ў галаве» і ён сказаў: «Э, што ж я за ваяка». Пасля гэтых слоў ён стрэліў ва ўкраінца. Калі Рускі нахіліўся над «аўстрыякам», то пачуў ад яго такія словы: «Шчо ж цій москаль наробыв… Зостанэцца моя жынка і діты…». Апошнія словы свае ён ледзь выдыхнуў, бо канаў, раскінуўшы рукі і ногі. Спытаўшы ў «аўстрыяка», колькі ў яго дзяцей, Рускі пачуў «Діты», пасля чаго ўкраінец памёр. Беларус паспрабаваў абрабаваць памерлага, але ў яго дрыжалі рукі, быццам ён забіў свайго. Спалохаўшыся цёмнай ночы, салдат збег да сваіх. Неўзабаве Рускага апанавала хвароба, ён ляжаў на зямлі з раскінутымі рукамі і нагамі, а потым яго паклалі ў тылавы шпіталь. Там дактары спрабавалі лячыць салдата, які бесперапынна крычаў «Я рускі!». Апавядальнік, пабачыўшы яго на свае вочы, верыць яму[18]. Праблематыка апавядання![]() Максім Гарэцкі закранае ў творы праблемы самавызначэння «малых» народаў у складзе Расійскай і Аўстра-Венгерскай імперый. Таксама паказаны асноўныя этычныя праблемы ўзаемаадносін паміж людзьмі. Пісьменнік разглядае віну, сумленне, адказнасць за свае ўчынкі паводле біблейскіх запаведзей, а таксама народнай мудрасці. Нейтральная паласа паміж расійскімі і аўстрыйскімі пазіцыямі, дзе Рускі забівае «аўстрыяка», выступае як вобраз мяжы і парога, супрацьпастаўляецца акопу[19]. Апавядальнік спачувае беларусу, які апынуўся на вайне. Да вайны жыццё земляроба падпарадкавалася нормам і правілам. Імперская прапаганда імкнулася ўзгадаваць пачуццё нянавісці да ворага, аднак, назіраючы за ўкраінцам, Рускі бачыць, што ён нічым не горшы за яго, бо пакутуе ад страху, яму таксама падабаюцца гарэлка, махорка і іншыя рэчы. Аднак на свядомасць Рускага з аднаго боку ціснуць нормы, якія засвоеныя яшчэ з дзяцінства, а з іншага — тое, што ён убачыў. У галоўнага героя пачынае прагрэсіраваць нервовая хвароба[19]. Аўтар паказвае душэўны стан героя, якога ён надзяляе адметнымі рысамі характару. Апісваючы дзеянні салдата, Максім Гарэцкі выкарыстоўвае такія словы: туляцца, поркацца, цягацца, капаўся, памаўзлівасць[20]. Таксама выкарыстоўваюцца эўфемізмы і метафары. Хуткасць думкі героя аўтар двойчы акцэнтуе дзеясловам «бліснула». Беларуса характарызуюць наступныя персанажы па-рознаму. Так, апавядальнік называе яго салдатам-беларусам, Рускім, звычайным земляробам з Магілёўскай губерні, няшчасным чалавекам. Самога сябе галоўны герой называе ваякам. Салдат-украінец называе яго маскалём, а доктар Гэрмэер — сімулянтам[21]. У творы персанажы не названыя ўласнымі імёнамі, што з’яўляецца адной з рыс экспрэсіянісцкай літаратуры. У апавяданні акрамя стварэння сімвалічных вобразаў таксама прысутнічаюць і іншыя рысы экспрэсіянізму: дамінаванне змрочных фарбаў, адсутнасць канкрэтыкі, супастаўленне несупастаўляльнага[21]. Аўтар паказвае агіднасць і бессаромнасць Рускага, калі ён забівае «аўстрыяка». Аднак затым Рускі адчувае страх, магчыма пабачыўшы цемру сваёй душы[20]. Літаратуразнаўца Любоў Глазман адзначае, што ў свядомасці салдата намінацый «беларус» і «ўкраінец» няма, але чытачы характарызуюць персанажаў менавіта так[22]. У самога забойцы з’яўляецца думка аб тым, што кожны чалавек ёсць увасабленнем усяго чалавецтва[23]. Чытач апавядання пастаўлены перад неабходнасцю задумацца, чаму салдат-беларус забіў «аўстрыяка», хоць ён яму не пагражаў і з якім мірна разышоўся. Матывы ўчынку, як адзначае Міхась Мушынскі, на паверхні не ляжаць, іх нельга лёгка растлумачыць, тым больш сам беларус гэтага да канца не ўсведамляе[24]. На забойства іншага чалавека паўплывалі духоўная нясталасць Рускага і яго спрадвечны страх перад начальствам. Салдат пабаяўся, каб яго не западозрылі ў баязлівасці. Ён не асэнсаваў тое, што зрабіў, бо цёмнае ўзяло верх над чалавечым пачуццём[25]. Альгерд Бахарэвіч тлумачыць забойства «аўстрыяка» Рускім, па-першае, цёмным і ірацыянальным бокам яго душы, па-другое, каб іншыя салдаты не западозрылі яго ў баязлівасці, і, па-трэцяе, тым, што ў жыцці салдата не было часу падумаць[26]. Ён жа адзначае выпрабаванне чалавечай мараллю Рускага ў шпіталі[27]:
На думку Альгерда Бахарэвіча, сцэна забойства, калі Рускі спытаў украінца пра колькасць яго дзяцей, сведчыць пра тое, што ён чалавек разліку, які вядзе падлік усяму[28]. Міхась Мушынскі сцвярджае, што галоўны герой хоча знайсці сабе апраўданне, здымаючы тым самым асабістую віну. Аўтарам апавядання знойдзена псіхалагічная дэталь для раскрыцця душэўнага стану Рускага. Сваім воклічам гэты салдат хоча далучыць сябе да тых людзей, якія ваююць за Расію, за яе інтарэсы. Сам Рускі свае думкі не выкладае ў завершаных фармулёўках. У творы няма дыдактыкі і маралізатарства, што дазваляе чытачу паразважаць над розніцай паміж змаганнем з ворагам у часе бою і забойствам. Гэта прыводзіць галоўнага героя да маральнай адплаты[29]. На думку Алега Пятровіча, беларус самападманам спрабуе апраўдаць грэх забойства[30]. Каментатар параўноўвае грэх забойства Рускім «аўстрыяка» з грэхам забойства Каінам свайго брата Авеля[31]. Таксама Пятровіч уважае, што вобраз Рускага сімвалізуе сабой беларускі народ, які не асэнсоўвае сваё становішча ў свеце[32]. Украінец жа паказаны чалавекам, які цвяроза ацэньвае сваё месца ў свеце. Ён робіць толькі свядомыя ўчынкі. Вобраз «аўстрыяка» сімвалізуе сабой еўрапейскія народы, якія пазбавіліся фашызму і камунізму[33]. АцэнкіАнтон Адамовіч бачыць у творы псіхалагічны ўплыў Першай сусветнай вайны, які аўтар падкрэслівае на прыкладзе звычайнага селяніна[34]. Міхась Кенька ўважае апавяданне адным з найвышэйшых дасягненняў беларускага пісьменніка. У творы аўтар пратэстуе супраць вайны, якая распараджаецца лёсамі мільёнаў людзей[35]. Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч лічыць невялікі твор узорам медычнай паводле сваёй дакладнасці прозы, «глыбокім, як Марыянская ўпадзіна», дзе няма ніякіх лішніх слоў[36]. Алесь Адамовіч ставіць апавяданне побач з творам «Адна ноч» Васіля Быкава[37]. У працах, прысвечаных Максіму Гарэцкаму, аўтары высока ацэньваюць яго твор. Неаднойчы крытыкі і літаратуразнаўцы параўноўвалі апавяданне Максіма Гарэцкага са знакамітымі творамі пра Першую сусветную вайну замежных празаікаў (Анры Барбюс, Эрнэст Хемінгуэй, Эрых Марыя Рэмарк і іншыя)[38]. Адзначаецца хрысціянская ідэя ў творы, якая перададзена сцісла, выразна і лаканічна[39]. Міхась Мушынскі бачыць у творы складанасць, супярэчлівасць і невытлумачальнасць унутранага свету галоўнага героя, дзякуючы чаму апавяданне мае высокі мастацкі ўзровень[25]. У апавяданні, падзеі якога адбываюцца ў познюю восень, яскрава выяўлены мастацкі талент пісьменніка ў каларыстыцы[40]. Уплыў на культуруУ 2013 годзе на матыў апавядання выйшаў кароткаметражны мастацкі фільм «Рускі» рэжысёра Віктара Аслюка[41]. У 2016 годзе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Дзве душы» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна[42], у якую ўвайшла сцэна пра братазабойства паводле апавядання[43]. Андрэй Хадановіч прысвяціў апавяданню Максіма Гарэцкага адзін з выпускаў на сваім YouTube-канале, адзначыўшы, што твор ёсць прыкладам еўрапейскай антываеннай прозы[44]. Твор увайшоў у аўдыякнігу «Дзве душы», выдадзеную кампаніяй «BelTonMedia»[45]. Апавяданне агучыў рэжысёр Валерый Мазынскі[46]. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia