Свята-Стэфанаўская царква (Слуцк)
Свята-Стэфанаўская царква — колішні драўляны праваслаўны храм у горадзе Слуцку Мінскай вобласці. Гісторыя![]() Дакладны час з’яўлення царквы святога першапакутніка архідыякана Стэфана невядомы. У дакументах звесткі пра яе сустракаюцца з другой паловы XVII стагоддзя, адна з найранейшых згадак датавана 1657 годам. У 1661 годзе яна згадваецца як збяднелая і перададзеная пад апеку Спаскага брацтва. Пры царкве ў тыя часы меўся шпіталь для ўтрымання хворых і ўбогіх, які захоўваўся і пазней. Размяшчаўся царкоўны пляц у прадмесці Трайчаны, па правым боку Трайчанскай вуліцы перад Трайчанскім ручаём. На плане Слуцка канца XVIII стагоддзя царква паказана алтарнай часткай да вуліцы (на паўднёвы ўсход), правей ад яе знаходзілася квадратная ў плане званіца. У пачатку XIX стагоддзя царква свайго прыхода ўжо не мела. Калі наладзілася дзейнасць заснаванай пры Троіцкім манастыры духоўнай семінарыі, была пераведзена ў падпарадкаванне гэтай навучальнай установе. У якасці семінарскай дзейнічала да 1840 года. ![]() Пасля таго, як духоўную семінарыю са Слуцка перавялі ў Мінск, царкву перанеслі далей ад горада, за манастыр, на Трайчанскія могілкі. З гэтага часу Стэфанаўская царква вядома як могілкавая трайчанская, прыпісаная да гарадской Уваскрэсенскай царквы. У 1932 годзе Стэфанаўская царква была закрыта, яе пачалі разбураць. У паўразбураным стане заставалася да пачатку 1950-х гадоў, потым яе разабралі[1]. Абраз «Узнясенне»![]() Ікона Узнясення Хрыстова са Стэфанаўскай царквы да вайны знаходзілася ў зборах Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску. Была вывезена з тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Пасля вайны перададзена на захаванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У 1954 годзе перададзена ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР[2]. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia