Уладзімір Васільевіч Кавалёнак
![]() Уладзімір Васільевіч Кавалёнак (нар. 3 сакавіка 1942, в. Белае, Крупскі раён, Мінская вобласць) — савецкі і беларускі касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза. ДзяцінстваНарадзіўся 3 сакавіка 1942 года ў вёсцы Белае Крупскага раёна Мінскай вобласці Беларускай ССР, дзе і правёў дзіцячыя і школьныя гады. Беларус. Скончыў 10 класаў сярэдняй школы на радзіме ў 1959 годзе. Пачатак ваеннай службыУ 1959 годзе паступіў у Балашоўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, якое скончыў у 1963 годзе. Служыў у ваенна-транспартнай авіяцыі, дзе здзяйсняў палёты на самалётах Ан-24 спачатку ў якасці другога пілота, а затым камандзіра карабля. У 1965 годзе разглядаўся як кандыдат у атрад касманаўтаў, залічаны не быў, але пакінуты ў рэзерве для наступнага залічэння. У 1967 годзе быў залічаны ў атрад касманаўтаў, у групу ВПС № 4, дзе прайшоў поўны курс агульнакасмічнай падрыхтоўкі і курс падрыхтоўкі да палётаў на караблях тыпу «Саюз» і арбітальных станцыях «Салют». У маі 1975 года ўваходзіў у склад дублюючага экіпажа пры палёце «Саюза-18-2». У 1976 годзе скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Ю. А. Гагарына, пры гэтым не спыняў працу ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына. Першы палётЗ 9 па 11 кастрычніка 1977 года здзейсніў свой першы палёт у космас на касмічным караблі «Саюз-25» (пазыўны «Фатон-1») у якасці камандзіра карабля. У экіпаж таксама ўваходзіў Валерый Віктаравіч Румін. Па праграме палёту «Саюз-25» павінен быў састыкавацца са станцыяй «Салют-6», але з-за няштатных рэжымаў работы сістэмы збліжэння стыкоўку ажыццявіць не ўдалося і палёт быў датэрмінова спынены. Агульная працягласць першага знаходжання ў космасе склала 2 дні 44 хвіліны і 45 секунд. У снежні 1977 года і ў студзені 1978 года ўваходзіў у склад дублюючых экіпажаў караблёў «Саюз-26» і «Саюз-27» адпаведна. Далейшая службаУ 1984 годзе скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба УС СССР. Прызначаны намеснікам начальніка 1-га ўпраўлення (падрыхтоўка касманаўтаў) Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына. У сувязі з гэтым прызначэннем выбыў з атрада касманаўтаў. З лютага 1986 года — намеснік камандуючага 37-й паветранай арміяй Вярхоўнага Галоўнакамандавання (стратэгічнага прызначэння). З сакавіка 1988 года — намеснік начальніка кафедры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба. З 1989 па 1992 год з’яўляўся народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. З 1991 года — прэзідэнт Беларускай рэспубліканскай федэрацыі касманаўтыкі. З ліпеня 1992 года — начальнік Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М. Я. Жукоўскага. Прысвоена званне генерал-палкоўніка авіяцыі ўказам ад 20 лютага 1993 года. Кандыдат ваенных навук, прафесар. З чэрвеня 2002 года — у запасе па ўзросце. На выбарах Расійскай Дзяржаўнай думы 1995 года ўваходзіў у першую тройку федэральнага спісу Партыі эканамічнай свабоды (лідар — Канстанцін Баравы). Званні і ўзнагароды
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia