Адзін з заснавальнікаў украінскай эстраднай музыкі (поп-музыкі). Аўтар 107 песень, 53 інструментальных твораў, музыкі да некалькіх спектакляў. Прафесійны медык, скрыпач, выдатна граў на фартэпіяна, віяланчэлі, гітары, па-майстэрску выконваў свае песні. Неардынарны жывапісец.
Біяграфія
Сям’я
Нарадзіўся ў сям’і ўкраінскага пісьменніка і даследчыка гісторыі Букавінскага краю Міхаіла Івасюка і настаўніцы Сафіі Каракінай. Праз два гады нарадзілася малодшая сястра Галіна, праз адзінаццаць — Аксана. Для Аксаны Уладзімір напісаў песню «Калыханка для Аксаначкі». Сёння Галіна — урач-неўрапатолаг абласной клінічнай бальніцы, Аксана — дацэнт кафедры сучаснай украінскай літаратуры Чарнавіцкага нацыянальнага ўніверсітэта.
Жыццё і творчасць
1955—1963 — навучанне ў Кіцманьскай музычнай школе.
1956—1966 — вучань Кіцманьскай сярэдняй школы.
1962 — прыняў удзел у заключным канцэрце абласнога агляду музычных школ Букавіны.
1963 — паступіў у Кіеўскую музычную дзесяцігодку імя Мікалая Лысенка па спецыяльнасці альт. Вучыўся толькі на працягу першай чвэрці. З другой, з-за хваробы, вярнуўся ў Кіцмань і вучыўся ў сярэдняй і музычнай школах па класе фартэпіяна.
1964 — напісаў музыку да першай песні «Калыханка» на вершы бацькі. У школе стварыў дзявочы вакальны ансамбль «Букавінка».
1965 — ансамбль «Букавінка» за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе ўзнагароджаны паездкай па Дняпры.
1966 — сям’я пераехала ў Чарнаўцы. Паступіў у Чарнавіцкі дзяржаўны медыцынскі інстытут, але адлічаны з яго за ўдзел у «палітычным інцыдэнце». Уладкаваўся працаваць на завод «Легмаш», дзе кіраваў заводскім хорам. Пад псеўданімам «Вясновы» накіраваў на абласны конкурс песні «Адляталі жураўлі» на верш В. Мікалайчука і «Калыханка для Аксаначкі» на свой верш. За «Адляталі жураўлі» атрымаў першую прэмію.
1967—1972 — вярнуўся да вучобы ў медыцынскім інстытуце.
1970 — склаў песні «Чэрвона рута» і «Вадаграй», якія 13 верасня ўпершыню выканаў з Аленай Кузняцовай у праграме ўкраінскага тэлебачання «Камертон добрага настрою». Шырокавядомымі песні сталі ў выкананні ансамбля «Смэрычка» Л. Дуткоўскага (салісты Назар Ярэмчук, Васіль Зінкевіч, Н. Ісаак).
1971 — рэжысёр Раман Алексіў зняў у пасёлку Ярэмчэ ў Карпатах украінскі музычны фільм «Чэрвона рута», у якім галоўныя ролі выканалі Сафія Ратару і Васіль Зінкевіч. У фільме гучыць шмат песень Івасюка. «Чэрвона рута» перамагла на першым Усесаюзным фестывалі «Песня-71». На заключным канцэрце ў Астанкінскім тэлецэнтры ў Маскве яе выканалі салісты ансамбля «Смэрычка» Назар Ярэмчук, Васіль Зінкевіч і аўтар Уладзімір Івасюк ў суправаджэнні эстрадна-сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Юрыя Сіланцьева. Тэкст і ноты «Чырвонай руты» апублікаваў штотыднёвік «Украіна».
1972 — на чарнавіцкім тэлебачанні адбылася прэм’ера песні «Балада пра дзве скрыпкі», якую выканала Сафія Ратару. Песня «Вадаграй» у выкананні ансамбля «Смэрычка» Л. Дуткоўскага (салісты Міраслава Ежаленка і Назар Яремчук) у Маскве перамагла ў тэлевізійным конкурсе «Алё, мы шукаем таленты!» і на фестывалі «Песня-72».
1972, лістапад — на запрашэнне Уладзіміра Івасюка ў тэатры імя Марыі Занкавецкай яго песні выканаў ансамбль «Смэрычка» пад кіраўніцтвам Л. Дуткоўскага. Пачатак супрацоўніцтва з Расціславам Братунем, якое стала этапам у творчасці кампазітара.
1974, жнівень — у складзе савецкай дэлегацыі прыняў удзел у міжнародным песенным конкурсе «Сопат-74», на якім Сафія Ратару перамагла з яго песняй «Вадаграй». З сястрой Галінай здзейсніў кароткае падарожжа па Польшчы.
1974, верасень — пачаў вучобу на кампазітарскім аддзяленні Львоўскай кансерваторыі ў класе А. Кос-Анатольскага.
1974—1975 — праца над музыкай да спектакля «Сцяганосцы» паводле аднайменнага рамана А. Ганчара. Рэжысёр спектакля — Сяргей Данчанка.
1975, 19 сакавіка — прэм’ера спектакля «Сцяганосцы». Музыку У. Івасюка высока ацанілі крытыкі.
1975, жнівень-верасень — на Букавіне зняты фільм «Песня заўсёды з намі», у якім Сафія Ратару выканала 6 песень У. Івасюка.
1976, ліпень — У. Івасюка адлічылі з кансерваторыі за пропускі заняткаў. Стварыў музыку да спектакля «Мезазойская гісторыя» ў Драгобыцкім абласным муздрамтэатры.
1977 — аднавіў навучанне ў Львоўскай кансерваторыі ў класе Лешака Мазепы. Сафія Ратару з песняй Івасюка «У лёсу свая вясна» перамагла на фестывалі «Сопат-77». Выйшлі пласцінка-гігант «Песні Уладзіміра Ивасюка спявае Сафія Ратару» і зборнік яго песень «Мая песня».
1978, красавік — удзел ва Усесаюзным конкурсе маладых кампазітараў у Ерэване. Піяністка Л. Дзесяткіна выканала на конкурсе Сюіту-варыяцыю на тэму народнай песні «Сухая Вярба» У. Івасюка.
1978, кастрычнік — удзел ва Усеўкраінскім злёце творчай моладзі. Была выканана Сюіта-варыяцыя для камернага аркестра і адбылася прэм’ера песні «Лета позніх вяргіній» на вершы Р. Братуня, «Нам спакой, сябар, толькі сніцца» на вершы Рамана Кудліка (у выкананні саліста Львоўскай оперы Ігара Кушплера).
1978, лістапад — перамога на Усесаюзным конкурсе кампазітараў-студэнтаў кансерваторый у Маскве — дыпломы ІІ ступені за Сюіту-варыяцыю для камернага аркестра і «Баладу пра Віктара Хара».
1979, красавік — член журы I Рэспубліканскага конкурсу артыстаў эстрады ў Хмяльніцкім. Выехаў у Львоў у ноч з 23 па 24 красавіка.
1979, 24 красавіка — па тэлефонным званку выйшаў з дому і больш не вярнуўся.
1979, 18 мая — цела Уладзіміра Івасюка выпадкова знойдзена ў Бруховіцкім лесе каля Львова. Пэўная дата смерці невядомая.
Уладзімір Івасюк знік 24 красавіка 1979 г., таго ж дня яго бацькі падалі заяву ў міліцыю, але ніякіх мер прынята не было. Пошукі вяліся з 27 красавіка да 11 мая. Менавіта тады справа была закрытая.
Цела Уладзіміра Івасюка выпадкова знайшоў 18 мая 1979 г. салдат, які, «палюючы на ліс» (форма навучання радыстаў), наткнуўся на паўвісячы-паўстаячы труп чалавека. Следства мела версію, што Уладзімір Івасюк скончыў жыццё самагубствам пасля «лячэння» у абласной псіхіятрычнай бальніцы. Версія таго, што «лячэнне» ў стацыянары праводзілася ім фармальна з мэтай аднаўлення ў кансерваторыі і апраўдання прагулаў, не разглядалася следчымі. Следчыя адстойвалі версію «вар’ята-самазабойцы». 4 чэрвеня 1979 г. СМІ перадалі паведамленне пра ток, што прычынай смерці Уладзіміра Івасюка было самапавяшэнне, а чуткі пра іншыя абставіны смерці ёсць выдумкі. Іншыя версіі следствам не разглядаліся. На магчымасць іншых прычын смерці паказвалі наступныя факты: адарваныя гузікі на куртцы кампазітара; людзі, якіх супрацоўнікі інстытута бачылі ўпершыню, шукалі Івасюка ў калідорах кансерваторыі перад яго знікненнем; дзіўная смерць двух маладых закаханых, якія бачылі Івасюка аднымі з апошніх; адна студэнтка нават сцвярджала, што бачыла Уладзіміра ў Роўна 3 мая (па высновах следчых, ён памёр 27 красавіка). Падчас аднаго журналісцкага расследавання былы палітвязень, якому давялося бачыць нямала павешаных, заўважыў, што ўсе яны віселі з высунутым языком. У трупа язык высунуты не быў, не было выдзяленняў. Гэтыя прыкметы судмедэксперты пакінулі без увагі.
Афіцыйная версія — самагубства — выклікала вялікі сумнеў грамадскасці як тады, так і цяпер. Паводле неафіцыйнай версіі, смерць Івасюка — забойства, ажыццёўленае органамі КДБ па загадзе вышэйшага кіраўніцтва СССР. Пахаванне Уладзіміра Івасюка 22 мая 1979 г. у Львове ператварылася ў масавую акцыю пратэсту супраць савецкай улады.
Архівы справы, якія захоўваюцца ў Маскве, да гэтага часу ні сваякам, ні работнікам музея Івасюка ўлады Расіі не адкрываюць, спасылаючыся на грыф «сакрэтна», магчыма, бо яшчэ жывыя многія ўдзельнікі тых падзей (і, верагодна, выканаўцы магчымага забойства з ліку супрацоўнікаў КДБ). Самі ж сваякі Івасюка лічаць, што Уладзіміра забілі.
26 студзеня 2009 г. Генеральная пракуратура Украіны аднавіла закрытую крымінальную справу пра смерць Уладзіміра Івасюка, але ў лістападзе 2012 г. справа была закрытая быцца праз адсутнасць складу злачынства. 12 чэрвеня 2014 г. Генеральная пракуратура Украіны аднавіла крымінальную справу, пракурор Львоўскай вобласці Раман Федзік у лютым 2015 г. заявіў, што Уладзімір Івасюк быў забіты супрацоўнікамі КДБ СССР.
13 чэрвеня 2019 г. Кіеўскі навукова-даследчы інстытут судовых экспертыз прыйшоў да высновы, што кампазітар-выканаўца Уладзімір Івасюк фізічна не мог здзейсніць самагубства і адпаведна — забіты нявызначанымі асобамі.
Памяць
1989 — аднаўленне цікавасці да асобы і творчасці Уладзіміра Івасюка. Песня «Чэрвона рута» стала назвай аднайменнага фестывалю.
1998 — канцэрт «Уладзімір Івасюк. Вяртанне». Спроба пазнаёміць сучаснікаў з творчай спадчынай кампазітара.
1999, 4 сакавіка — адкрыццё ў Чарнаўцах мемарыяльнага музея Уладзіміра Івасюка.
2003 — выхад кампакт-дыска «Наш Івасюк» у выкананні Тараса Чубая і групы «Плач Ераміі». Рост цікаўнасці творчасцю кампазітара сярод моладзі.
2008 — выхад кампакт-дыска «Моладзь спявае песні Івасюка» ў выкананні Назара Саўка і выхаванцаў музычнай студыі «Джэрэла».
2009 — па рашэнні Львоўскага абласнога савета 2009 год абвешчаны Годам Уладзіміра Івасюка на Львоўшчыне. Ініцыятыву калегаў падтрымалі дэпутаты Чарнавіцкай вобласці — радзімы кампазітара.
2009 — Нацыянальны банк Украіны адчаканіў і ўвёў у абарачэнне памятную манету ў гонар Уладзіміра Івасюка наміналам 2 грыўні.
2009 — выхад манаграфіі А. М. Васылышына «Уладзімір Івасюк: сіла сэрца і таленту».
2013 — Тарас Чубай, «Пікардыйская тэрцыя», Павел Табакоў і Аксана Муха разам з харавой капэлай «Трэмбіта» стварылі музычны праект «Івасюк», у рамках якога правялі тур па Украіне, які пачаўся з 4 канцэртаў у Львове і канцэрта ў Кіеве.
Пасмяротныя ўзнагароды
1994, 2 сакавіка — прэзідэнт УкраіныЛеанід Краўчук падпісаў указ пра наданні пасмяротна Уладзіміру Івасюку Дзяржаўнай прэміі Украіны імя Т. Г. Шаўчэнкі.
2001 — на V юбілейнай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў Усеўкраінскай прэміі ў галіне музыкі і масавых відовішчаў «Залатая Жар-птушка» Уладзімір Івасюк ўзнагароджаны ў намінацыі «За ўклад у развіццё музычнай культуры Украіны XX стагоддзя».
На магіле кампазітара на Лычакіўскіх могілках у 1990 годзе ўсталявана бронзавая кампазіцыя — малады кампазітар побач з раялем. На працягу 11 гадоў сям’і Івасюка ўлады СССР не давалі дазволу на ўсталяванне надмагільнага помніка.
2011 г. — у Львове на праспекце Т. Шаўчэнкі адкрыты помнік кампазітару (скульптар Сяргей Алешка, архітэктар Міхаіл Ягольнік). Мецэнат, на чые сродкі быў пабудаваны помнік, — спявак Святаслаў Вакарчук.
2017, 4 сакавіка — у Кіеве на Доме гуказапісу (вул. Леаніда Першамайскага, 5a) усталяваная мемарыяльная дошка ўкраінскаму кампазітару.