Шавельская аперацыя
Шаўляйская аперацыя — наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалтыйскага фронта (генерал арміі І. Х. Баграмян) 5—31 ліпеня 1944 года; састаўная частка Беларускай аперацыі. Удзельнічалі арміі: 6-я гвардзейская (генерал-палкоўнік І. М. Чысцякоў, 43-я (генерал-лейтэнант А. П. Белабародаў), 2-я гвардзейская (генерал-лейтэнант П. Г. Чанчыбадзэ), 51-я (генерал-лейтэнант Я. Р. Крэйзер). Ход аперацыіПасля завяршэння Полацкай аперацыі і выхаду на рубеж Друя, на захад ад Варапаева, возера Нарач войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту без аператыўнай паўзы пачалі Шаўляйскую аперацыю. Войскі 6-й гвардзейскай арміі, што перайшлі ў наступленне ў напрамку на Даўгаўпілс, вызвалілі 6 ліпеня горад Браслаў, 8 ліпеня гарадскі пасёлак Відзы, 9 ліпеня гарадскі пасёлак Друя. Наступаўшыя на галоўным напрамку войскі 43-й арміі вызвалілі 5 ліпеня горад Паставы, 7 ліпеня горад Швенчоніс, 9 ліпеня гарадскі пасёлак Лынтупы і горад Уцена і перарэзалі чыгунку Даўгаўпілс — Вільнюс, 18 ліпеня фарсіравалі раку Швянтойі; у выніку ў абароне праціўніка на шаўляйскім напрамку ўтварыўся пралом. 20 ліпеня на гэтым напрамку ў бітву ўведзены 51-я і 2-я гвардзейская арміі, якія мелі задачу нанесці галоўны ўдар на Шаўляй, з поўдня іх наступленне забяспечвала 39-я армія (генерал-палкоўнік І. І. Люднікаў) 3-га Беларускага фронту наступаўшая на Каўнас. Злучэнні 51-й арміі 22 ліпеня авалодалі горадам Панявежыс і разам з часцямі 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса 27 ліпеня — горадам Шаўляй (10 злучэнняў і часцей атрымалі ганаровыя найменні «Шаўляйскіх»). Часці 6-й гвардзейскай арміі разам з часцямі 4-й ударнай арміі 2-га Прыбалтыйскага фронту 27 ліпеня вызвалілі Даўгаўпілс. Пасля гэтага войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту, выконваючы ўказанні Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, разгарнулі наступленне галоўнымі сіламі на Рыгу, левым крылом на Клайпеду. Часці 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса разам з войскамі 51-й арміі вызвалілі горад Елгава і 31 ліпеня выйшлі да Рыжскага заліва. Вынікі аперацыіУ выніку Шаўляйскай аперацыі савецкія войскі вызвалілі часткі Браслаўскага і Пастаўскага раёнаў БССР, нанеслі паражэнне праціўніку на шаўляйскім напрамку, прасунуліся ад 100 да 400 км і вызвалілі значную частку Літоўскай ССР і Латвійскай ССР з выхадам да Рыжскага заліва, выканалі пастаўленую перад імі мэту — перакрылі ўляхі адступлення нямецкай групе армій «Поўнач», адрэзалі яе ад Усходняй Прусіі. КрыніцыЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia