Барысавы камяні — манументальныя помнікі эпіграфікі XII ст. ў Беларусі — 7 вялікіх валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози…». Назву атрымалі ад імя полацкага князя Барыса Усяславіча (кан. 1040-х — 1128).
Выяўленне
Першым згадаў адзін з Барысавых камянёў польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі, які служыў у віцебскім гарнізоне ў другой палове XVI ст., у сваёй «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» ён піша:
Кожны знойдзе і сёння яўнае сведчанне, камень які выступае з Дзвіны, ад Дзісны, сённешняга закладзенага на нашай памяці места, у адной мілі, а ад Полацка сем, паміж Дрысаю і Дзісной, калі плыць уніз у Рыгу, на якім камяні ёсць крыж выразаны на рускі ўзор, такі, а таго князя Барыса ёсць надпіс пад ім…"
у г. Полацку каля Сафійскага сабора (раней знаходзіўся каля в. Падкасцельцы, перавезены ў 1981 г.);
у в. Друя на цэнтральнай плошчы (раней знаходзіўся на беразе Заходняй Дзвіны, перавезены ў 2001 г.[1], расколаты на 2 часткі ў савецкі час);
у г. Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае» (адзін з дзісенскіх з-пад в. Балоткі, з надпісам «Сулиборъ хръст», у 1887 — 1888 падняты з дна ракі і вывезены).
Астатнія не захаваліся. Гэтыя камяні знішчалі ў савецкі час у перыяд барацьбы з рэлігіяй. Рагвалодаў камень узарвалі ў 1930-х гг., камень ля в. Высокі Гарадзец у 1936 г. (нібыта для будаўніцтва шашы Мінск — Масква). Два камяні каля Дзісны (ля вёсак Балоткі і Накоўнікі) ўзарваны ў 1939 г. савецкімі войскамі, якія наступалі на Польшчу (паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну, 1939).
Магчыма, да прыняцця хрысціянства (Х ст.) Барысавы камяні былі паганскімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду Рагвалода Усяславіча (у хрышчэнні Барыса) у першай трэці XII ст. з мэтай увекавечыць імя князя і, магчыма, для супрацьдзеяння узнаўленню паганскіх вераванняў.
У народзе камяні вядомы пад назвамі Барыс, Барыс-Хлебнік, Барыс-Глеб, Барысаглебскі, Пісар, Пісанік і інш. Існуе шмат паданняў пра камяні[2].
↑Дучыц, Л. Барысавы камяні // Памяць: Полацк: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. С. С. Чарняўская; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 2002. С. 88
Літаратура
Памяць: Полацк: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. С. С. Чарняўская; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 2002.
Рыбаков, Б. А. Русские датированные надписи XI—XIV веков. — М., 1964.
Карский, Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. — М., 1962.