Брусніцы
Брусні́цы звычайныя[1][2], Брусніцы[3], Брушніцы[4], Брусніца[5] (Vaccinium vitis-idaea) — зімова-зялёны кусцік, від роду Ягаднік (Vaccinium) сямейства Верасовыя. НазваВідавая назва vitis-idaea у перакладзе уласна азначае — «вінаградная лаза з гары Іда» (востраў Крыт). Назва vitis-idaea для брусніц упершыню прыводзіцца ў Даданеўса і Геснера. Антычныя пісьменнікі брусніцы не згадвалі. Сярод беларускіх назваў такія, як брусніцы, брушніца[6], брусніка, баруўка, брушніца[7], бружыніца, мучыльнік[8][9][10], брусніца, бруснічнік[11]. Біялагічнае апісанне
Шматгадовы вечназялёны кусцік вышынёй 10—30[2][12] см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сцяблом. Карэнішча гарызантальнае з прыўзнятымі галінастымі парасткамі вышынёй 10-30 см[13]. Лісце чарговае, частае, скурыстае, на кароткіх хвосціках, зваротнаяйкападобнае або эліптычнае, з суцэльнымі загнутымі краямі, бліскучае, даўжынёй 2-3 см, шырынёй да 1,5 см[12][13], зімуючае, мае на ніжняй паверхні маленькія кропкавыя ямачкі. У гэтых ямачках знаходзіцца булавападобнае ўтварэнне, у якім клеткі сценак напоўнены слізістых рэчывам, здольным паглынаць ваду. Змочваючы верхнюю паверхню ліста вада пераходзіць на ніжні бок, напаўняе ямкі і паглынаецца.
Кусцікі брусніцы, парасткі якой часам павінны пракладаць сабе дарогу ў гнілым пні паміж карой і драўнінай, могуць дасягаць у даўжыню аднаго метра, паміж тым як тыя калівы, якія растуць побач на зямлі, маюць звычайна вышыню ад 8 да 15 см. Кветкі абодваполыя, правільныя, сабраныя па 10-20 шт зверху, густыя, панікаючыя гронкі[13]. Вяночак белы або бледна-ружовы, спаенапялёсткавы, званочкавы, з чатырма некалькі адхіленнымі лопасцямі. Чашачка чатырохраздзельная. Тычынак — 8. Песцік — 1. Завязь ніжняя. Вяночкі брусніц падчас цвіцення панікаюць, гэта абараняе пылок ад волкасці. У пылавіках пылок знаходзіцца ў выглядзе шчыльнай масы, але патроху пушыцца і высыпаецца порцыямі праз дзірачкі, размешчаныя на канцах пылавікоў. Цвіце ў канцы вясны — пачатку лета каля 15 дзён[13]. Пылковыя зёрны размешчаны ў тэтраэдрычных тэтрадах, маюць амаль шарападобную форму. Даўжыня палярнай восі асобнага зярна 23-30 мкм, экватарыяльны дыяметр 30-39 мкм. У абрысе круглява-трохкутныя, 42-45 мкм у дыяметры. Разоры датыкаюцца паміж сабой, даўжыня паўбаразны 13-17 мкм, шырыня 4,5-6,5 мкм; краі разор роўныя, канцы злёгку адцягнутыя, прытупленыя і накіраваны ў бок дыстальнай паверхні; мембрана разор гладкая. Экзіна покрыўная, таўшчынёй 0,7-1 мкм. Тэкстура плямістая. Пылок цёмна-шэрага колеру[13]. Плады — шарападобныя чырвоныя ці белавата-ружовыя сакавітыя салодкія ягады з прыемнай кіслінай і лёгкім гаркаватым прысмакам даспяваюць у жніўні — верасні (ураджайнасць 150—200 кг/га). Могуць трымацца пад снегам да вясны. Распаўсюджванне і экалогія![]() Расце па сухіх і сырых іглічных лясах і лісцяных лясах, хмызняках, часам на тарфяных балотах у Еўрапейскай частцы Расіі, на Урале, у Сібіры і на Далёкім Усходзе, Каўказе, паўночным усходзе Казахстана[12]. У Беларусі трапляюцца па ўсёй тэрыторыі часта ў лясах, хмызняках, на высечках, мохавых балотах[12]. Ягады брусніц, якія рэзка вылучаюцца сваім чырвоным колерам на фоне зялёнай лістоты, паядаюцца жывёламі і птушкамі. Птушкі ж разносяць на вялікія прасторы непераваранае насенне і спрыяюць распаўсюджванню брусніц. Карані брусніц густа аплецены міцэліем грыба. Ніткі грыба прымаюць глебавыя растворы з мінеральнымі рэчывамі і перадаюць іх караням брусніц. Брусніцы вонкава падобныя на прадстаўнікоў роду Arctostaphylos. Пчолы наведваюць кветкі, збіраючы нектар і часткова пылок. Хімічны складЯгады ўтрымліваюць бялкі, арганічныя кіслоты (бензойную, яблычную, лімонную, воцатную, мурашыную, шчаўёвую і іншыя), да 9 % цукроў (фруктоза, цукроза, глюкоза), пекціны, мінеральныя і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны C, B9, PP, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і іншыя[12]. Брусніцы багатыя марганцам. Шкоднікі і хваробыПарасткі брусніц паражаюцца грыбком Exobasidium vaccinii. Пры гэтай паразе сцябло і лісце скручваюцца і атрымліваюць бледна-ружовую афарбоўку. Здалёк такія парасткі здаюцца дзіўнымі кветкамі і рэзка вылучаюцца на фоне здаровых зялёных кустоў брусніцы. Часта з прычыны паразы грыбком Melampsora goeppertiana сцёблы даўжэюць, скручваюцца і даюць ўражанне венікаў, а лісты кароцяцца, ніжнія з іх ператвараюцца ў лускавінкі. Ужыванне![]() Ягады спажываюць свежыя і мочаныя[2] (залітыя вадой ягады захоўваюцца да вясны, бо ўтрымліваюць натуральны кансервант — бензойную кіслату); выкарыстоўваюць у кандытарскай прамысловасці, для квашання капусты. З ягад гатуюць варэнне (у тым ліку з яблыкамі, грушамі), джэм, павідла, марынады, кісель, морс, пасцілу, начынку для цукерак і пірагоў. З брусніц таксама робяць узвары, настойваюць на гатаванай астуджанай вадзе з цукрам і мёдам ці віно. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат гарбаты. Даўней нарыхтоўка ягад у запас мела вялікае гаспадарчае значэнне: брусніцы парылі ў гаршках, ссыпалі ў кадушкі і бочкі, дадаючы прыправы; з іх рабілі сок, сіроп, павідла (на мёдзе) і іншыя. У скандынаўскіх краінах папулярнае бруснічнае варэнне ў якасці гарніру да мясных страў. Такі ж ужытак мелі і ў беларускай кулінарыі: да смажаніны брусніцы запякалі ў гаршках або варылі ва ўласным саку. У навуковай медыцыне ў якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюцца лісце (лац.: Folium Vitis idaeae) — яго адвар і настой ўжываюцца як дэзінфікуючы, супрацьгніласны і мачагонны сродак — і парасткі брусніц (Cormus Vitis idaeae). Нарыхтоўваюць сыравіну увесну да красавання, пакуль бутоны яшчэ зялёныя, і ўвосень пры поўным паспяванні пладоў. Лісце абскубваць з куста або зразаюць парасткі і сушаць на гарышчы, пад падстрэшкамі або ў сушылках пры тэмпературы 35-40 °C. Захоўваюць у сухім, добра праветраным памяшканні. Тэрмін прыдатнасці сыравіны 3 гады[15]. Асноўныя дзеючыя рэчывы сыравіны — фенолагліказіды; змяшчае таксама дубільныя рэчывы, пераважна кандэнсаваныя групы, флаванолавы гліказід гіперазід, урсолавая кіслата[15]. З прычыны таго, што ў брусніцах знойдзены арбуцын (антысептык мочавыводных шляхоў), пры лячэнні растройстваў мочавыводнай сістэмы выкарыстоўваюць выцяжку з сухіх лісцеў (але пры няправільным дазаванні такая выцяжка можа выклікаць атручванне)[16]. Культываванне![]() Звесткі пра першыя спробы культывавання брусніц ставяцца да 1745 года. У Цэнтральным гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга ёсць указ Лізаветы Пятроўны, у якім загадваецца ў Царскім садзе «партери убирать брусницею и бушбомами», а таксама ўказ 1765 года Канцылярыі ад будынкаў, у якім прадпісваецца майстру Фоку адшукаць спосабы обсадить ў Пецяргофе, у Манплізе і ля Шахматнай гары замест бушбома «от бываемых великих морозов вызябает». Але сапраўдныя работы па акультурванню брусніц пачаліся ў 1960-я гады у ЗША, ФРГ, Швецыі, Галандыі, Фінляндыі, Польшчы. У ФРГ у 1994 годзе было створана 40 га бруснічных плантацый, распрацаваны поўны комплекс машын для вырошчвання і ўборкі ўраджаю. У 1960—1970 годы спажыўкааперацыя БССР нарыхтоўвала ў год 2,6-3,4 тыс. т. ягад, але к канцу 1970-х гэта колькасць упала да 0,32-1,8 тыс. т. ягад[17]. Стала актуальным пытанне пра ўвядзенне брусніц у культуру. У 1980-я гады культурныя плантацыі брусніцы былі закладзеныя ў Беларусі, Літве, Расіі. У параўнанні з дзікімі зараснікамі, ураджайнасць ягад на культурных плантацыях вышэй у 20-30 разоў. З адной соткі можна атрымліваць 50-60 кг ягад штогод. У культуры і мастацтве
Вядома выслоўе, дзе брусніца выступае сінонімам прыгажосці і маладосці жанчыны[18]: «Маладзіца як брусніца». ![]() Вядома выява брусніц, створаная рускай мастачкай Елізаветай Бём . У філатэліі
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia