Васіль Любіч
Васіль Любіч, таксама Васка, Васілец (зг. 1448 — пасля 7.8.1481 да 25.3.1496) — дзяк гаспадарскі за часам Казіміра Ягелончыка. Староста мцэнскі і любуцкі (1477—1483). Пра бацьку пісара Васіля Любіча — Люба, вядома толькі, што пры Жыгімонту Кейстутавічы трымаў, а мусіць і атрымаў, зямлю «Іванісаўскую» (або «Іванкаўшчыну») на поўнач ад Менска паміж рэкамі Цной і Вячай — левымі прытокамі Свіслачы.[1] У літаратуры Ваську Любіча часта памылкова атаясняюць з пісарам Васькам Паўлавічам (1448) — бацькам пісара Нікольскага Васілевіча. Найранейшая згадка «Васільца Меняніна Любіча» датавана 12 індыктам (верасень 1448 — жнівень 1449), тады ён названы дзякам, але ў астатніх дакументах выступае пісарам. Пэўна вядома 5 дакументаў падрыхтаваных Васілём, яны захаваліся як запісы ў Кнізе данін Казіміра, ён падпісваўся «Васко» або «Васко, пис(арь)». Напэўна, падрыхтаваных ім дакументаў было болей. Восенню 1455 года быў пры вялікім князю Казіміры ў Познані. У верасні 1474 года быў пісарам вялікалітоўскага пасольства Багдана Саковіча ў Маскву.[2] За службу атрымаў ад Казіміра шэраг уладанняў у Менскім, Ашмянскім і Клецкім паветах[3]. Большасць з іх напэўна давалася «да жывата» або «да волі гаспадарскай». Так у канцы 1440-х — 1450-х гадах Любіч атрымаў пад Менскам уладанні, якія перад тым трымалі пісар Іван Кушлейка і нейкі Сак. У 1473 годзе вялікі князь Казімір даў яму сяло і двух «людзей» у Менскім павеце, якіх раней трымаў памерлы князь Яўлашка Цяляціна[4]. Таксама Васіль Любіч купляў маёнткі, у канцы 1450-х — 1470-х «зямліцу» пад Менскам ва ўдавы Івана Кушлейкі[5], у 1477 годзе Тарасаў пад Менскам у Івана Іллініча[6], у менскага баярына Станькі Біцэвіча ў 1478 (3 кастрычніка, індыкта 12) яго атчызную бортную зямлю за Менскам паміж Лагойскай і Камароўскай дарогамі і іншыя. У 1481 годзе (7 верасня, індыкта 15) адпісаў Васька Любіч перадаў вялікую бортную зямлю паблізу Менска, паміж Лагойскай і Камароўскай дарогамі ў раёне пазнейшага сяла Вялікая Слепня, менскаму Узнясенскаму манастыру.[7] Памёр паміж 7 верасня 1481 і 25 сакавіком 1496 года[8]. Пляменнік Васіля Любіча — Пятрашка Фамініч Любіч, па бяздзетнай смерці дзядзькі атрымаў «па блізкасці» яго купленыя маёнткі і пэўную частку трыманняў ад гаспадара[9]. КрыніцыЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia