Вышымайка

Вышымайка

Вышыма́йка — баваўняная майка з імітацыяй традыцыйнай беларускай вышыўкі, арнаментам і ўзорамі. Вышымайкі з’явіліся на хвалі цікавасці да беларускай нацыянальнай культуры і сімволікі ў 2014 годзе[1]. Першыя вышымайкі былі выпушчаныя летам 2014 году Symbal.by, культурніцкай ініцыятывай «Арт Сядзіба» і беларускай рэдакцыяй Радыё «Свабода».

Паходжанне назвы

Назва «вышымайка» ўтворана ад слоў «вышыванка» і «майка». Мовазнаўца Вінцук Вячорка адзначыў, што «вышымайка» стала словам 2014 года[2].

Гісторыя

У 2014 годзе першую партыю вышымаек выпусціла «Арт-сядзіба» і «Радыё Свабода» для сумеснай кампаніі «Свабода-арт». У ейных межах праходзілі разнастайныя конкурсы і акцыі для сацыяльных сетак. 200 першых вышымаек былі падарункамі. Але пасля таго, як у інтэрнэце з'явіліся фотаздымкі з гэтымі майкамі, пасыпалася вялікая колькасць замоў і пытанняў да людзей, якія таксама хацелі сабе такія вышымайкі. Так вышымайкі сталі масавым прадуктам[3].

Для першых вышымаек быў выкарыстаны вектарны малюнак з беларускім арнаментам з сайта spampavac.by, які стварыў беларускамоўны праграміст Павал Шут[4].

У 2015 годзе праект «Вышымайка» «Арт Сядзібы» атрымаў гран-пры фестываля беларускамоўнай рэкламы «Аднак». Усяго ў конкурсе было больш за 150 удзельнікаў, а заявак падалі больш як 370[5].

5 верасня 2015 года на фолк-фэсце «Камяніца» ў Музеі народнай архітэктуры і побыту многія госці былі ў вышыванках і вышымайках[6].

У лютым 2016 года ў Мінску адбылася выстава-кірмаш «Млын», на якой свае дызайнерскія працы выставілі больш за паўтысячы майстроў. Сярод іх было нямала аўтараў, якія актыўна выкарыстоўваюць у творчасці нацыянальныя матывы, а таксама вышымайкі[7].

У сакавіку 2016 года сузаснавальнік Symbal.by Мікіта Броўка адзначыў, што на той час ужо было прададзена 15 000 вышымаек[8].

18 сакавіка 2016 года ў мінскім клубе «Loft» культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» зладзіла першы фестываль «ArtSiadziba Forum альбо Дзень Вышымайкі». Мерапрыемства склалася з дзвюх частак. Першая была прысвечана беларускамоўнаму бізнесу, рэкламе і іх уплыву ў рэалізацыі сумесных нацыянальна арыентаваных праектаў у Беларусі. Другая складалася з музычнай праграмы, конкурсаў і гульняў[9].

У траўні 2016 года ў Прыжанах прайшла «Ноч вышыванкі», удзельнікі былі ў вышыванках і вышымайках. Некалькі дзясяткаў гасцей з Пружанаў, Берасця, Кобрына, Бярозы і Польшчы бліжэй пазнаёміліся з беларускай народнай культурай, паслухалі выступы фолк-гуртоў, танчылі ды забаўляліся[10].

1 ліпеня 2016 года на працу ў вышымайках прыйшлі супрацоўнікі «Беларусбанка». Гэта была «Пятнiца ў нацыянальным арнаменце» — свята, прысвечанае Дню Незалежнасці. Падчас абедзеннага перапынку ў дворыку галаўнога офіса быў арганізаваны выязны гандаль тэкстыльнымі вырабамі з нацыянальным арнаментам[11].

2 ліпеня 2017 года БРСМ правёў у цэнтры Мінска шэсце ў нацыянальных строях і вышымайках. Арганізатарамі таксама былі Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. Шэсце прайшло ад Нямігі па частцы праспекта Пераможцаў да пляцоўкі перад Палацам спорту[12].

У ліпені 2018 года супрацоўнікі СПК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна падчас уборачнай апранулі вышымайкі. Гэта акцыя была адной з імпрэз да Году малой радзімы[13].

23 жніўня 2019 года на пляцоўцы «Пясочніца» ў Мінску прайшло святкаванне 5-годдзя вышымайкі. На фестывалі выступілі гурты :B:N:, Akute, NaviBand і Dzieciuki[14].

Вышымайкі і знакамітыя людзі

У канцы 2014 года беларускі гурт «Лепрыконсы» правёў канцэрт у вышымайках у рэстаране «Друзья». Музыкі змянілі свой звыклы імідж людзей у піянерскіх гальштуках[15].

У верасні 2015 года ў Мінск прыязджаў тэатр Массавета з камедыяй «Практыкаванні ў выдатным». Расійскія акцёры, сярод якіх быў Гоша Куцэнка, апрануліся ў Мінску ў вышымайкі. Адпаведнае фота ў Instagram змясціў сам Куцэнка і напісаў: «Вышымайкi. Жыве Беларусь[16]

У траўні 2016 года Аляксандр і Мікалай Лукашэнка з’явіліся на публіцы ў вышымайках падчас пакосу травы на трактары МТЗ[17].

На Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра прафесійная беларуская баскетбалістка, капітан жаночай зборнай Беларусі, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік двух Алімпійскіх гульняў Кацярына Сныціна на трэніроўках насіла вышымайку[18].

25 чэрвеня 2017 года Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей запрасіў кіраўнікоў акрэдытаваных у Беларусі дыпламатычных місій і чальцоў іхных сем’яў на «Дзень беларускай вышыванкі». Большая частка наведвальнікаў была «вышымайках» сучаснага пакрою, упрыгожаных арнаментам з беларускімі матывамі васільковага колеру[19].

2 ліпеня 2017 года на мінскі стадыёне «Трактар» футбалiсты клуба «Дынама» (Мінск) выйшлі ў вышымайках ад Symbal.by на час гучання гімну. Такім чынам самы ўганараваны беларускі футбольны клуб падтрымаў Дзень вышыванкi[20].

Варыянты

У красавіку 2014 года Symbal.by выпусціў выцімайку — варыянт вышымайкі, на якім заместа арнаменту выкарыстоўваліся прынты алічбаваных выцінанак мастачкі Лізаветы Чырвонцавай[21].

У траўні 2015 года ў краме Symbal.by з’явіліся жаночая вышымайка са стразамі ў выглядзе ўзору з матывамі Ярылы — язычніцкага бога ўрадлівасці і жыццёвых сіл прыроды[22].

У жніўні 2015 года стартап студэнтаў БНТУ Fainy.by паказаў свае альтэрнатыўныя вышыванкі — чорныя, чырвоныя і сінія з белым арнамент, а таксама белыя з сінім арнаментам[23].

У сакавіку 2016 года беларуская фірма вопраткі Mark Formelle дадала ў сваю калекцыю вясна-лета 2016 вышымайкі ўласнага дызайну — розныя варыяцыі народнага арнаменту, а таксама выкарыстанне сіняга, а не толькі чырвонага колеру. Калекцыя атрымала назву «Vyshyvankees»[24].

У траўні 2016 года БРСМ паказаў свой варыянт вышымаек — гэты былі цішоткі-пола, на якіх заместа арнаменту былі стылізаваныя кветкі. Першымі гэтыя вышымайкі прымералі ўдзельніцы нацыянальнага фіналу XXV Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна — 2016»[25].

У чэрвені 2016 года беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер зрабіў дызайн вышымайкі для праграмістаў. Ён выкарыстаў у арнаменце дваічны код. Гэты варыянт Цэслер прысвяціў 10-годдзю беларускага Парка высокіх тэхналогій[26][27].

У лістападзе 2017 года гомельская фабрыка «8 сакавіка» выпусціла серыю ўласных дызайнерскіх вышымаек. З надпісам лацінскімі літарамі «Belarus» на адной з іх у творчай манеры намаляваны нацыянальны арнамент у выглядзе Каляднай зоркі, на іншай — у выглядзе бусла, зубра і трактара — своеасаблівых сімвалаў Беларусі. Малюнак іншай мадэлі цалкам складаецца з арнаменту, а таксама цішоткі з канкрэтнымі сімваламі арнаменту і тлумачэннямі іх значэнняў па-беларуску[28].

Рэакцыі

Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі:

— Сёння вельмі шмат спекуляцый вакол арнаментыкі. Куды яе толькі ні лепяць! Для мяне «вышымайкі» — асартымент сумніўнага характару. Тым не менш праз гэта таксама трэба прайсці. І добра, што гэта ёсць насамрэч, што людзей павярнулі да вытокаў, семантыкі нашых знакаў. Але ўсё ж такі прафесіяналізм ляжыць крыху вышэй. Трэба пераасэнсоўваць традыцыі больш глыбока, знаходзіць нейкія ўнікальныя матывы і правільна падаваць гэту мову, тэхналогію.[29]

Культуролаг Барыс Шчука:

— Культура ў грамадстве спажывання – гэта масавая культура, а ў ёй хвалі моды змяняюць адна адну. Доўгатэрміновых з’яў тут не будзе па вызначэнні. Для тых, хто носіць «вышымайкі» і іншае, гэта калі не проста даніна часовай (!) модзе, то ідэалагічны атрыбут. Знак «каманды», «заўзятарам» якой чалавек ёсць. Як шалік “Дынама-Мінск”, значак “За свабоду!” або георгіеўская стужачка. Нам можа падацца, што медыйная балбатня вакол вышыванак азначае нейкія «глыбокія перамены, нацыянальны ўздым». Зусім не абавязкова[30].

Фэшн-стыліст і гісторык моды Юлія Чынвяокву:

— Я думаю, у гэтым нічога дрэннага няма. З аднаго боку, гэта папулярызацыя нацыянальнага адзення, нацыянальнай культуры, і гэта добра. Калі я бачу чалавека ў футболцы, на якую нанесены «вышываначны» прынт, я разумею, што ён неабыякавы да Беларусі, ён дэманструе сваю прыналежнасць да роднай гісторыі і культуры[31].

Дызайнер, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст Міхал Анемпадыстаў:

Вышымайка. Сістэмная памылка, запушчаная ў маскультуру. Безумоўна, калі гаворка ідзе пра беларускія вышымайкі. Ва ўкраінцаў гэта ўсё ў рамках традыцыі. Мы павінныя прыдумаць нешта сваё. Матэрыялу, фактураў, ідэяў у нас дзеля гэтага мора[32].

Кіраўнічы кампаньён кампаніі Universal Press Аляксандр Дзешкавец:

— Феномен з вышыванкамі быў ва Украіне, а ў нас ідзе простае калькаванне. Адпаведна, калька не падтрыманая такімі шырокімі масамі спажыўцоў, як гэта было на хвалі пэўных грамадскіх настрояў у нашых паўднёвых суседзяў. Але я не кажу, што беларускія арнаменты і вышыўка не падыходзяць для адзення. Пытанне ў падыходзе, а ў выпадку «вышымаек» ён шаблонны: прапанаваныя вырабы не маюць дастатковай спажывецкай якасці як з пункту гледжання дызайну, так і з пункту гледжання выканання — якасці самой майкі і спосабаў друку. І, безумоўна, трэба не забываць, што любая арнаментальная аснова — гэта мноства сакральных сэнсаў, якімі можна гуляць, паглыбляцца ў іх, рабіць зусім іншыя малюнкі, спалучаючы сучасныя графічныя трэнды з уласцівай нам выяўленчай традыцыяй. Дарэчы, немагчыма мець капірайт на традыцыйны арнамент, можна толькі на арыгінальны дызайн[33].

Адзін з заснавальнікаў і былы дырэктар «Арт Сядзібы», стваральнік і кіраўнік крамы SYMBAL.BY Павел Белавус:

— А ў нас ад самага пачатку была ідэя выйсці на папсовую аўдыторыю, на незаангажаваную аўдыторыю. А каб выйсці на яе, трэба рабіць лёгкі, просты, даступны і масавы прадукт, якім і стала тая ж вышымайка. А праз яе людзі пачалі цягнуцца і да сапраўднай вышыванкі, даведвацца пра яе гісторыю, ісці да сапраўдных майстроў, адмыслова замаўляць, шукаць у сувенірных крамах. Я думаю, што мы вельмі добрую справу робім у папулярызацыі не толькі стылізацый, але і сапраўдных беларускіх рамёстваў[34].

Культуролаг Максім Жбанкоў:

— Папулярнасць праекта вышыванак і вышымаек тлумачыцца адсутнасцю годнай дзяржаўнай мадэлі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў. [35]

Майстрыха традыцыйнага адзення Юлія Літвінава:

— Сучасныя «вышымайкі» вельмі добра спрыяюць распаўсюду традыцыйнага строю, бо наўпрост ці ўскосна скіроўваюць да яго позірк і думку[36].

Доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская:

— Трэба глядзець, наколькі гэтая мода будзе жыць. Попыт у моладзевым нацыянальнаарыентаваным асяродку ёсць[37].

Супрацоўніца Музея народнай архітэктуры і побыту і газеты «Культура» Алена Ляшкевіч:

— Няхай культура такім чынам пра сябе заяўляе шырокаму грамадству. Нават зараз у самых нечаканых месцах часам сустрэнеш чалавека ў вышымайцы. Калі чалавек хоча пазначыць сябе беларусам – гэта выдатна![38]

Крыніцы

  1. Свабода, Радыё. Менск пераапрануўся ў вышыванкі . Радыё Свабода (6 кастрычніка 2014). Праверана 28 лютага 2025.
  2. Свабода, Радыё. Вышымайка, вышыванка, вышыватнік — беларускія словы 2014 году . Радыё Свабода (10 снежня 2020). Праверана 28 лютага 2025.
  3. Студзінская, Іна. Павал Белавус: Праз вышымайку людзі пачалі цягнуцца і да сапраўднай вышыванкі . Радыё Свабода (3 студзеня 2015). Праверана 1 сакавіка 2025.
  4. Студзінская, Іна. Беларускамоўны праграміст распавёў, як яго сайт спрычыніўся да «вышыванкавай рэвалюцыі» . Радыё Свабода (10 жніўня 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  5. Грузьдзіловіч, Алег. Вышымайкі — гран-пры фэстывалю Adnak. «Жыцьцё пасьля раку» — сярод пераможцаў ФОТА . Радыё Свабода (2 ліпеня 2015). Праверана 1 сакавіка 2025.
  6. Вячорка, Франак. Тысячы менчукоў у нацыянальных строях сабраліся на фольк-фэстывалі «Камяніца» . Радыё Свабода (5 верасня 2015). Праверана 1 сакавіка 2025.
  7. Карней, Ігар. «Млын», дзе пануе беларускасьць . Радыё Свабода (27 лютага 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  8. Аа. 15000 чалавек адзелі ў «вышымайкі». Арт Сядзіба правяла чарговы фэстываль у Менску . Радыё Свабода (19 сакавіка 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  9. Аксіновіч, Павел. Дзень ВышыМайкі. Вялікі фотарэпартаж . Новы Час (19 сакавіка 2016). Праверана 2 сакавіка 2025.
  10. Пд. «Ноч вышыванкі» адбылася ў Пружанах . Радыё Свабода (28 мая 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  11. Супрацоўнікі «Беларусбанка» прыйшлі на працу ў вышымайках ФОТА . Наша Ніва (1 ліпеня 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  12. БРСМ правёў у цэнтры Мінска шэсце ў нацыянальных строях і вышымайках . Наша Ніва (2 ліпеня 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  13. На полях под Гродно комбайнеры работают в вышиванках (руск.). belta.by (30 ліпеня 2018). Праверана 1 сакавіка 2025.
  14. Вышымайцы 5 гадоў. Вялікі фэстываль у «Пясочніцы». ФОТА . Радыё Свабода (24 жніўня 2019). Праверана 1 сакавіка 2025.
  15. «Лепрыконсы» памянялі піянерскія гальштукі на вышыванкі ФОТАФАКТ . Наша Ніва (22 лістапада 2014). Праверана 1 сакавіка 2025.
  16. Гоша Куцэнка і іншыя акцёры з Масквы апрануліся ў Мінску ў вышымайкі (фота) | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (25 верасня 2015). Праверана 1 сакавіка 2025.
  17. Александр Лукашенко и Коля косят траву в вышимайках (руск.). Наша Ніва (29 мая 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  18. Фота: беларускія алімпійцы ў вышымайках у Рыа | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (9 жніўня 2016). Праверана 1 сакавіка 2025.
  19. Макей апрануў дыпляматаў у «вышымайкі». Фотафакт . Радыё Свабода. Праверана 1 сакавіка 2025.
  20. Мінскае «Дынама» выйшла на поле ў вышымайках ФОТА . Наша Ніва (2 ліпеня 2017). Праверана 1 сакавіка 2025.
  21. У вышымайкі з’явілася сястра — выцімайка ФОТА . Наша Ніва (4 красавіка 2015). Праверана 28 лютага 2025.
  22. Symbal.by прадставіў вышымайку са стразамі ФОТА . Наша Ніва (27 мая 2015). Праверана 28 лютага 2025.
  23. Студэнты БНТУ пачалі прадаваць «альтэрнатыўныя» вышымайкі ФОТА . Наша Ніва (13 жніўня 2015). Праверана 28 лютага 2025.
  24. Mark Formelle запускае продаж калекцыі з нацыянальным арнаментам ФОТЫ . Наша Ніва (29 сакавіка 2016). Праверана 28 лютага 2025.
  25. Аа. БРСМ зрабіў сваёй уніформай «вышымайкі» . Радыё Свабода (24 мая 2016). Праверана 28 лютага 2025.
  26. Фотафакт: Вышымайка для праграмістаў ад Цэслера | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (2 чэрвеня 2016). Праверана 28 лютага 2025.
  27. Цеслер представил "вышимайку" для белорусских айтишников (руск.). belta.by (2 чэрвеня 2016). Праверана 28 лютага 2025.
  28. Гомельская фабрыка «8 сакавіка» выпусціла серыю дызайнерскіх «вышымаек» . Новы Час (13 ліпеня 2016). Праверана 28 лютага 2025.
  29. Як прыдаць паўсядзённаму адзенню нацыянальны каларыт (руск.). zviazda.by (4 мая 2016). Праверана 28 лютага 2025.
  30. Будзьма беларусамі! » Ці робіць вышыванка-“вышымайка” беларусам?. budzma.org. Праверана 28 лютага 2025.
  31. Будзьма беларусамі! » Юлія Чынвяокву: Беларускі нацыянальны касцюм можна стварыць проста цяпер!. budzma.org. Праверана 28 лютага 2025.
  32. Будзьма беларусамі! » Стыль як фактар ідэнтычнасці (Частка 5, заключная). budzma.org. Праверана 28 лютага 2025.
  33. Будзьма беларусамі! » Аляксандр Дзешкавец: “Усё беларускае пры першай жа магчымасці непазбежна пачынае прабівацца праз асфальт”. budzma.org. Праверана 28 лютага 2025.
  34. Студзінская, Іна. Павал Белавус: Праз вышымайку людзі пачалі цягнуцца і да сапраўднай вышыванкі . Радыё Свабода (3 студзеня 2015). Праверана 28 лютага 2025.
  35. Белорусская вышимайка: это не о политике? – DW – 22.06.2016 (руск.). dw.com. Праверана 2 сакавіка 2025.
  36. Будзьма беларусамі! » Ці робіць вышыванка-“вышымайка” беларусам?. budzma.org. Праверана 2 сакавіка 2025.
  37. Будзьма беларусамі! » Ці робіць вышыванка-“вышымайка” беларусам?. budzma.org. Праверана 2 сакавіка 2025.
  38. Алена Ляшкевіч: Немагчыма адзін дзень пісаць пра палітыку, а наступны – пра традыцыйную культуру . Беларуская асацыяцыя журналістаў (27 сакавіка 2016). Праверана 2 сакавіка 2025.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya