У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Отчык .
Глеб Анатолевіч Отчык (нар. 20 чэрвеня 1983 , г. Гомель ) — беларускі мастак манументальна-дэкаратыўнага мастацтва .
Біяграфія
Нарадзіўся 20 чэрвеня 1983 года ў Гомелі [ 1] ў сям’і мастакоў Анатоля і Таццяны Отчыкаў.
Скончыў у 2007 годзе аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў . Вучыўся ў Віктара Альшэўскага . У 2018 годзе прайшоў павышэнне кваліфікацыі па педагагічнай дзейнасці ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка [ 1] .
З 2009 года выкладае на кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў , з 2019 года дацэнт [ 1] .
Удзельнік мастацкіх выставак з 1998 года, у тым ліку 121 рэспубліканскай, 58 міжнародных, 10 персанальных выставак. З 2013 года арганізатар і ўдзельнік, куратар 36 міжнародных пленэраў з удзелам калегаў з Расіі[ 1] .
Член Беларускага саюза мастакоў з 2008 года, з 2019 года старшыня. Ганаровы замежны член Расійскай акадэміі мастацтваў (2022)[ 1] .
Творчасць
Манумент згушчанаму малаку , Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат .
Асноўныя працы ў станковым жывапісе : «Браслаўскія легенды», «Неспадзяваная сустрэча», «Падарожжа чырвонага», «Песня пра зубра», «З глыбіні стагоддзяў». Мярод манументальных твораў афармленне адной з зал Палаца Незалежнасці ў Мінску (2013 ), роспіс храма ў гонар Святых Казьмы і Даміяна ў вёсцы Вішнева Мінскай вобласці (2014—2015, у суаўтарстве), мастацкае афармленне Пасольства Казахстана ў Рэспубліцы Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Азербайджане (2016 ), дэкаратыўны рэльеф у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2017 ), мастацкае афармленне экспазіцыйных зал Слуцкага краязнаўчага музея (2018 ), стварэнне архітэктурна-мастацкага рашэння новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (2019 ), выкананне эскізаў і аўтарскі кантроль за дэкарыраваннем у тэхніцы сграфіта пры рэканструкцыі Старога замка ў Гродне (2020—2021)[ 1] .
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі , Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Беларусі , Музеі гісторыі Мінска , Гомельскім палацава-паркавым ансамблі , Слуцкім краязнаўчым музеі , музеі Казахскай Народнай Рэспублікі [ 1] .
Узнагароды
Лаўрэат Першай нацыянальнай прэміі ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (2014 ), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2015 ), лаўрэат Еўразійскай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва (2016 ), лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва (2017 , 2023 [ 2] ), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2021)[ 1] .
Зноскі
Спасылкі