Шляхам жыцця (зборнік)
«Шляхам жыцця» — трэці зборнік вершаў Янкі Купалы, ўпершыню выдадзены ў 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Першы тыраж зборніку склаў 3 тысячы асобнікаў.[1] Купала прысвяціў зборнік доктару Аляксандру Ярэмічу, які выдаў кнігу Купалы за свае ўласныя сродкі.[2] АпісаннеУ зборнік увайшлі больш за 200 вершаў, напісаных пераважна ў 1910—1913 гадах, шэраг перакладаў і некаторыя вершы з папярэдніх зборнікаў Купалы «Жалейка» і «Гусляр». Зборнік складаецца з сямі асобных раздзелаў: І. «Бацькаўшчына» (вершы «Песня мая», «З кутка жаданняў», «Маладая Беларусь», «Песня сонцу», «Выйдзі…» і інш.) II. «Па межах родных…» (напоўнены філязафічнымі настроямі і пейзажнымі малюнкамі («Над Свіслачай», «Сельскія могілкі», «Дуб», «Вярба» і інш.), міфалагічнымі вобразамі («Ваўкалак», «У вечным боры…», «Чорны бог» і інш.)) III. «Для Яе» (вобраз жанчыны ў вершах раздзелу экзальтаваны («Абнімі…», «З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай»), апраменены надзвычайнай замілаванасцю («Ты прыйдзі…»), фалькларызаваны («Русалка», «Ястраб»)) ІV. «Наша вёска» (цыклы вершаў «Аб мужыцкай долі», «З песень беззямельнага» і інш.) V. «Сваім і чужым» (пераважна публіцыстычны раздзел, вершы «Гэй, капайце, далакопы…», «Ворагам Беларушчыны», «З мінуўшых дзён» і інш.) VI. «Байкі і аповесці» (пераважна эпічны раздзел, паэмы «Курган», «На куццю», драматычная паэма «На папасе», верш «На Дзяды», урывак з індыйскай кнігі «Магабгарата» «Паляўнічы і пара галубкоў» і інш.) VII. «Пераклады з польскай» (пераклады твораў А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, Ул. Сыракомлі і інш.).[1] Адметнасць і значэнне зборнікуЗборнік лічыцца этапным у творчасці Купалы і ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагодзддзя. Творы зборніку падсумоўвалі здабыткі Купалы на ніве нацыянальнай паэзіі, сцвярджалі ў ёй прынцыпы народнасці і высокага мастацтва і праз тое праграмавалі шляхі развіцця нацыянальнай паэзіі і ўвогуле ўсяе беларускай літаратуры. Зборнік стаў паэтычным гімнам Маладой Беларусі і перадавых сіл нацыянальнага грамадска-палітычнага руху пачатку ХХ стагодзддзя. Філасофскай заглыбленасцю, шырока распрацаванымі матывамі больш інтымнага плану зборнік знаходзіцца каля вытокаў беларускай нацыянальнай філасофскай і любоўнай лірыкі. Зборнік стаў узорным, класічным па багацці сваіх мастацкіх формаў, культуры верша, замацаванні ў нацыянальнай паэзіі як асацыятыўна-рамантычнага стылю, так і класічна-анталагічнага, народна-песеннага.[1] У зборніку выявіўся якасны новы ўзьлёт Купалы-лірыка. У параўнанні са зборнікам «Жалейка» тэма сялянскага жыцця з пераважнай і стрыжнявой — пры тым жа яе вычарпальным вырашэнні — стала ўпоравень з іншымі, нагэтулькі ж значнымі тэмамі. Узвышаўся гэты зборнік і над зборнікам «Гусляр», з яго крыху гіпертрафіраванай фальклорнай стылізацыяй, абстрактнымі рамантычнымі пошукамі маральных ідэалаў, т.зв. «сусветнаю тугой». Для зборніку «Шляхам жыцця» ўласцівыя маштабнасць лірычных і эпічных вобразаў, паказ жыцця як гістарычнага руху народу з часоў мінулых праз сучаснае ў будучыню, з вітаннем яе, прыспешваннем і набліжэннем.[1] Асноўным лірычным героям кнігі — паперадзе сумарнага і індывідуалізаванага вобраза мужыка — становіцца рамантычны вобраз песняра-змагара, прарока светлай будучыні народу. Выдатнае мастацкае адкрыццё Купалы — гістарызм «Шляхам жыцця». З усведамлення славы і няславы, гераічнай велічы і трагедыйнасці гістарычнага мінулага лірычны герой зборніку вырастаў у фігуру незвычайнага маштабу, якая ўмяшчала ў сабе вялікую сілу аўтарскіх перажыванняў, выказаных па-мастацку раскавана, з бліскучай паэтычнай віртуознасцю.[1] Крытычныя водгукіПершым і найбольш вядомым водгукам на трэці зборнік Купалы стаў артыкул Антона Луцкевіча ў «Нашай Ніве». Крытык акцэнтуе ўвагу на ўсеабдымнасці паказу народнага жыцця ў кнізе Я. Купалы, на добрую тэхніку пісьма, калі «у пекных, зычных, шчыра і з размахам напісаных вершах адбіваецца жыццё нашага народа»[3]. А.Луцкевіч заўважае:
Выданні
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia