Паўлінка
«Паўлінка» — п’еса Янкі Купалы, камедыя ў двух актах[1], напісаная ў 1912 годзе. Упершыню выдадзена асобным выданнем у 1913 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца»[2]. СюжэтГісторыя як дзяўчына абрала сабе жаніха супраць бацькоўскай волі. Камедыя шчодра аздоблена нацыянальным каларытам, народным гумарам і своеасаблівымі прыкметамі драматычных калізій пачатку XX стагоддзя[3]. Галоўная гераіня разумная, дасціпная і вострая на язык Паўлінка. Вольналюбівая і здольная пастаяць за сябе і за сваё каханне дзяўчына ідзе ў жыццё самастойнай дарогай. Яна закахалася ў мясцовага настаўніка Якіма Сароку, вобраз якога ўвасабляе новыя павевы ў жыцці вёскі. Яе прываблівае святло новых ідэй, якія ён нясе. Аднак на шляху закаханых становяцца патрыярхальныя, кансерватыўныя сілы. Але Паўлінка знаходзіць у сабе мужнасць ім супрацьстаяць. У фінале п’есы падзеі разгортваюцца драматычна — яе каханага Якіма арыштавалі. Такім чынам звычайная сямейна-бытавая калізія перарастае ў глыбокі сацыяльна-палітычны канфлікт, а сама п’еса з бытавой камедыі пераўвасабляецца ў сацыяльна-праблемную[2]. Гісторыя стварэнняКамедыя была напісана ў 1912 годзе і ўпершыню выйшла асобным выданнем у 1913 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Гэта была першая камедыя, напісаная Янкам Купалам, а таксама і першай яго п’есай[2]. ПастаноўкіУпершыню камедыя была пастаўлена на сцэне 27 студзеня (9 лютага) 1913 года ў Вільні на вечарынцы ў рабочым клубе «Сокал» Беларускім музычна-драматычным гуртком. Першай выканаўцай ролі Паўлінкі была Сафія Маркевіч (Маркевічанка). На прэм’еры прысутнічаў Купала, які адмыслова для гэтага прыехаў з Пецярбургу[4]. 9 (22 лютага) «Паўлінка» была таксама прадстаўлена ў Пецярбургу. Ініцыятарам пастаноўкі выступіў беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Гэтым разам ролю Паўлінкі выконвала Паўліна Мядзёлка. У жніўні 1913 года спектакль быў пастаўлены і ў Беларусі — у пажарным будынку ў Радашковічах (рэжысёр — Фларыян Ждановіч). У красавіку 1917 года спектакль распачаў дзейнасць Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога фактычна вырас БДТ-1, а потым тэатр, які сёння мы называем імем Купалы[5]. Спектакль, багаты на камедыйныя сітуацыі, жарты, песні і танцы, у 1944 годзе быў пастаўлены ў Томску, пад час знаходжання тэатру ў эвакуацыі. З тых часоў «Паўлінка» мае вялікі поспех у гледачоў, не сыходзячы са сцэны тэатра[3]. Спектакль «Паўлінка» з’яўляецца класікай тэатральнага мастацтва Беларусі, галоўнай візітоўкай мінскага Купалаўскага тэатру. 27 студзеня 2013 года яму споўнілася 100 сцэнічных год. Амаль 68 сезонаў купалаўскі тэатр пачынаў менавіта з «Паўлінкі». Спектакль ідзе ў пастаноўцы Льва Літвінава, калі ў 1944 годзе трупа была ў эвакуацыі ў Томску. І з заканчэннем рэканструкцыі тэатральнага будынку першай на абноўленай сцэне сыграюць менавіта «Паўлінку»[5]. «Паўлінкай» адкрываецца і закрываецца кожны тэатральны сезон Купалаўскага, і гэта адзін з самых папулярных і любімых гледачамі спектакляў. Рашэннем Рады пры Мінкультуры ад 11 снежня 2019 года «тэатральны феномен Купалаўскай „Паўлінкі“» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі[6]. Персанажы
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia