Гамяюк (Гаміюк, Гаме́йка) — глыбокі яр у цэнтральнай частцы Гомеля, рэчышча колішняга правага прытока Сожа[1].
Гэта адзін з найбуйнейшых яроў, якія ўтвораныя даўнейшымі ручаямі ці рэчкамі, што бралі свой пачатак з колішняга ледавіковага возера, на месцы якога ў XIX — сярэдзіне XX ст. было Гарэлае балота (у раёне цяперашняга чыгуначнага вакзала).
Ад назвы «Гамяюк» выводзіцца летапісная назва «Гомій» (згадваецца пад 1142 г.). Яна з цягам часу эвалюцыянавала ў сучасную форму «Гомель»[2].
Назва
Гамяюк з’яўляецца адным з найбуйнейшых яроў, утвораных старыжытнымі ручаямі ці рэчкамі, якія бралі свой пачатак з возера ледавіковага паходжання, вядомага ў ХІХ — сярэдзіне ХХ ст. як Гарэлае балота (знаходзілася ў раёне цяперашняга чыгуначнага вакзала).
Ад назвы «Гамяюк» выводзіцца летапісная назва «Гомій» (згадваецца пад 1142 г.), якая з цягам часу эвалюцыянавала ў сучасную форму «Гомель»[2]. Мяркуецца, што слова «Гамяюк» азначае «рака, што цячэ ў яры». Пры гэтым корань «гом» інтэрпрэтуецца як праславянскі са значэннем «узвышша над ярам, нізінай», а суфікс «-юк» як «сцёрты» або старажытны інтэрнацыянальны геаграфічны тэрмін са значэннем «вада», «рака»[2][3].
Версія аб балцкаім паходжанні апелюе да найранейшага пісьмова засведчанага варыянта назвы — «Гаме́йка» (гл. ніжэй) — як найбольш аўтэнтычнага. Корань супастаўляецца з літоўскімі гідронімамі Gamė, Gamenta, Gamena, Gomerta і звязваецца з літоўскімі ж апелятывамі gamalas «камяк», gomulti «камячыць» (семантыка сціскання)[4][5], што ўзыходзяць да індаеўрапейскага *gem- «хапаць, сціскаць»[6]. Канчатак -ейка разглядаецца як трансфармацыя ранейшага балцкага -ēja, што адсочваецца ў рэгіянальна блізкіх падняпроўскіх гідронімах Вядзейка — Vedēja, Мярэйка — Merēja, Рыпейка — Rupēja[7]. Рэканструяваная на гэтым грунце пачатковая балцкая форма гомельскай рэчкі — *Gamēja (або блізкая да літ. Gamė). Пры гэтым імавернасць трансфармацыі *Gam-/*Gom- → *Hom- застаецца не асветленай.
Гістарычныя звесткі
Першыя пісьмовыя згадкі Гамеюка прыпадаюць толькі на сярэдзіну XVII ст.
У «канфесатах» (пратаколах допытаў) палонных казакоў пад Гомелем ліпеня 1649 г. паведалялася аб планах паўстанцаў напасці «od Homejki, rzeki» («ад Гамейкі, ракі»)[8].
Рэляцыя аб аблозе Гомеля казакамі ў чэрвені 1651 г. паведамляе, што казацкія загоны, намагаючыся ўзяць Гомель, «w Homejku razy pod 15 do szturmu przypuścili» («у Гамейку разоў 15 на штурм хадзілі»)[9][заўв 1].
Мяркуецца, што да Гамеюка ў другой палове XVIII ст. прылягала адно з гомельскіх прадмесцяў — Рэчыцкае падвалле. На плане Гомеля 1799 г. яр пазначаны подпісам «Оврагъ Гомѣюкъ», у яго нізоўі тады працякаў невялічкі ручай[10].
У XIX ст. у ніжняй частцы яра, што адрэзаная ад яго верхніх рукавоў вуліцай, быў створаны штучны вадаём, які ўпрыгожыў парк Паскевічаў. Гэты вадаём, вядомы як «Лебядзіная сажалка», застаецца і сёння адным з найбольш маляўнічых куткоў прысожскага парка ў Гомелі.
Гамяюк летам 1941 г.
Праз сажалку перакінутыя два масты — Верхні (пешаходны) і Ніжні ў выглядзе аркі, з якіх можна назіраць за лебедзямі. Леў Вінаградаў у 1900 г. апісваў Верхні мост як даўгую ажурнай работы жалезную канструкцыю, перакінутую праз рэчку над векавымі дрэвамі, а саму рэчку называў ярам («оврагомъ»)[11]
Увесну 1941 г. рэчышча Гамеюка («древней гомельской реки Гомеюк») планавалі даследаваць і апісаць удзельнікі краязнаўчага гуртка 2-й школы імя Сталіна г. Гомеля[13]. Перад адыходам немцаў з Гомеля 22-23 лістапада 1943 г. тут — «на дне і па краях яра каля аранжарэй паблізу пешаходнага моста» — немцы расстралялі 12 чалавек, што ўхіляліся ад прымусовай эвакуацыі[14].
За верхнімі рукавамі Гамеюка замацавалася назва «Кагальны роў»[2].
Гістарычная картаграфія мясціны
1784 г.
1799
1830 г.
1838 г.
1910 г.
1913 г.
Гістарычныя выявы
Сажалка ў Гамеюку. Ідэалізаваны краявід з карціны-праекта А. Ідзкоўскага, 1834—1840 гг.
Паўночны схіл да Гамеюка і дрэвы, што раслі ў ім. Імаверна, здымак зроблены з Верхнага моста праз яр. 1860-я гг.
Ніжні мост над Гамеюком, другая палова XIX ст.
Сажалка ў нізоўі Гамеюка, пачатак XX ст.
Схіл да сажалкі ў нізоўі Гамеюка, пачатак XX ст.
1918 г.
1931 г.
Сучасныя здымкі
Куток пад Верхнім мостам, 2021 г.
Верхні мост узімку, 2022 г.
У культуры
Краявіды Гамеюка натхнілі расійскага паэта Фёдара Салагуба на стварэнне верша «***Тихо, тихо над прадедовским прудом», які быў наспісаны падчас перабывання аўтара ў Гомелі ў кастрычніку 1913 г.[15]
У рамане Івана Шамякіна«Сэрца на далоні» (1960—1963), дзеянне якога адбываецца ў абласным горадзе, прататыпам якога стаў Гомель, ёсць эпізод са шпацырам па парку і роздумамі галоўнага героя Кірыла Шыковіча. У тым ліку ён затрымліваецца на мосце над ровам, у якім выразна пазнаецца Лебядзіная сажалка ў Гамеюку: «На вузкім мосце цераз роў ён спыніўся. Падумаў, што было б, каб з такой вышыні скочыць у зялёную ваду сажалкі, дзе цьмяна адлюстроўваюцца неба і старыя дрэвы, парэнчы моста і горда выгнутыя шыі лебедзяў»[16].
У форме Гаміюка згадваецца ў легендзе «Гомель», апублікаванай А. М. Ненадаўцам у 2001 г. Паводле легенды рачулка на месцы будучага Гомеля атрымала сваю назву цераз праклён чараўніцы Марылі, чыя дачка Мілка загінула ў яе водах: «Каб жа ты вужакай-гаміюкай круцілася, гадаўка!»[17][заўв 2].
Зноскі
↑Гарады і вёскі Беларусі / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Т. 1 : Гомельская вобласць, кн. 1 / [С. В. Марцэлеў]. — 2004. — С. 11.
↑ абвгГомель: Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Минск: БелСЭ, 1990. — С. 191.
↑Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 65.
↑A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 106, 119.
↑V. Urbutis. Liet. gomus, -i «norus, noringas, linkęs», la. gama «kas pernelyg daug valgo» ir kiti giminiški žodžiai // Baltistica, 1973, t. 9(2). С. 183—188.
↑J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 368—369.
↑В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 178, 195, 206.
↑1649, липня 10. — Під Гомелем. — Конфесати чотирьох полонених повстанців, в тому числі і фрагмент конфесати військового писаря // Мицик, Ю. Albaruthenica / о. Юрій Мицик. — Київ : Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, 2009. — С. 176.
↑Документы об освободительной войне украинского народа. 1648—1654 гг. / Ин-т истории Акад. наук УССР. Архивное упр. при Совете Министров УССР. — Киев : Наукова думка, 1965. — С. 517.
↑План местечка Гомля. Нынешнего его положения, со всею подробностию. Сочиненный 1799 года.
↑Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 41.
↑Кужелев, Л. Новое в работе школы / Л. Кужелев // Советская Белоруссия. — 1941. — 9 апреля. — С. 2.
↑Матэрыялы аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі. — Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Ф. 1345. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 137 адв.
↑Сологуб, Ф. К. Собрание сочинений [Текст] / Федор Сологуб. — Санкт-Петербург : Сирин, 1913—1914. — Т. 17: Очарования земли [Текст] : стихи 1913 г. — 1914. — С. 15.
↑Гомельшчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / [складанне, запіс і апрацоўка А. М. Ненадаўца]. — Мінск : Беларусь, 2001. — С. 3-9.
Заўвага
↑У ранняй публікацыі гэтага дакумента проста ў тэксце тлумачыцца, што Гамейкам называлася частка "места" ("w części miasta, co Homejkiem zowią"). Гл.: Sprawy i rzeczy ukraińskie : materyały do dziejów kozaczyzny i hajdamaczyzny. – Lwów, 1914. – S. 127.
↑Паходжанне гэтай легенды застаецца няясным. Змест, стыль і манера апавядання даюць падставы падазраваць яе «кабінетны» характар.