Маргарыта Юр’еўна Латышкевіч
Маргарычта Ю́р’еўна Латышке́віч (нар. 19 студзеня 1989, Брэст) — беларуская пісьменніца. Выдала кнігу вершаў «Пульс навальніц» (2012), кнігу прозы «Яблыкі» (2016), кнігі вершаў і прозы «Наш дом» (2018), «Вараціш-гара» (электронная, 2019), «Там, дзе сэрца» (2020), кнігі аповесцяў «Уласны крыж» (2021) і «Вершнікі на дарозе» (2022). У 2020 годзе ў часопісе «Маладосць» выйшаў яе першы фэнтэзійны раман «Век людзей». БіяграфіяУлетку 2007 годзе скончыла гімназію № 1 у Брэсце і паступіла на філалагічны факультэт БДУ. У лютым 2010 года рэктар БДУ прызначыў ёй стыпендыю імя Кандрата Крапівы на 2-м семестры 4-га курсу[3]. У 2011 годзе скончыла Філалагічны факультэт БДУ[4]. У 2012 годзе скончыла магістратуру ў галіне філалогіі і працаўладкавалася ў Вучэбна-навуковую лабараторыю беларускага фальклору пры Філфаку БДУ[5]. Адначасна паступіла ў аспірантуру БДУ, дзе на кафедры тэорыі літаратуры стала пісаць кандыдацкую дысертацыю на тэму паданняў у фантастыцы і казках, а таксама наадварот згадкі казак у фэнтэзі[6]. Адна з яе публікацый тычылася граняў эстэтызацыі жорсткасці ў рамансе і фэнтэзі[7]. У 2015 годзе скончыла аспірантуру БДУ і ўладкавалася рэдактаркай аддзелу прозы ў часопіс «Маладосць»[8]. 3 сакавіка 2020 года стала вядоўцай відэачасопіса «Бярозка»[9]. 27 ліпеня 2020 года стварыла «Блог прафесійнага чытача» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[10]. На 2022 год жыла ў Полацку (Віцебская вобласць), дзе працавала ў галіне распрацоўкі мабільных гульняў. Выйшла замуж за перакладчыка Яўгена Папакуля[11]. Сяброўка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі[12]. УзнагародыЛаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы дэбют» (2017) за кнігу «Яблыкі»[13]. ТворчасцьУ сакавіку 2007 года ў 18-гадовым узросце змясціла ў часопісе «Маладосць» цыкл легенд «З народнай міфалогіі»[14]. У лістападзе 2007 года абнародавала тамсама вершы[15]. На фестывалі «Лунінская восень» перамагла на конкурсе творчых і літаратурна-даследчых прац[16]. У 2009 годзе стала дыпламанткай літаратурнага конкурсу «Паглядзі на Брэст над Бугам, колькі хараства», які ладзіла Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі[17]. У лістападзе 2010 года ў часопісе «Маладосць» выйшла нізка яе вершаў «Трымаць руку на пульсе навальніц». На лістапад 2010 года друкавалася ў «Брэсцкай газеце» і часопісах «Бярозка», «Маладосць» і штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва»[18]. У 2011 годзе часопіс «Маладосць» змясціў фота Маргарыты Латышкевіч на сваю вокладку пры выданні чарговай нізкі яе вершаў[19]. У 2012 годзе выдала кнігу паэзіі «Пульс навальніц»[20] і яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мы — маладыя» (2012). У жніўні 2013 года змясціла ў часопісе «Маладосць» цыкл вершаў «Рэха магутнага пачуцця»[21]. У верасні 2013 года яе творы ўвайшлі ў беларуска-рускі літаратурны альманах «Мост дружбы»[22]. 23 кастрычніка 2013 года перамагла на першым міжнародным конкурсе маладых пісьменнікаў «Мост дружбы»[23]. 25 кастрычніка пераможцаў узнагародзілі дыпломамі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[24]. У 2013 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Кахаць і верыць». 16 красавіка 2014 года стала лаўрэаткай у намінацыі «Паэзія» на Рэспубліканскім літаратурным конкурсе імя Максіма Багдановіча, які ладзілі Саюз пісьменнікаў Беларусі і Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва[25]. У красавіку 2014 года ў часопісе «Маладосць» выйшла яе апавяданне «Радыёмаўчанне»[20]. У 2015 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мой дзень пачынаецца». У ліпені 2016 года часопіс «Маладосць» абнародаваў цыкл яе вершаў «Люстра сну». Тамсама выйшла пара апавяданняў Леаніда Левіна ў яе перакладзе на беларускую[8]. Таксама ў ліпені 2016 года яе апавяданні ўпершыню выйшлі ў часопісе «Полымя»[26]. У 2016 годзе выйшла яе першая кніга прозы «Яблыкі». 18 лютага 2017 года заняла 2-е месца на літаратурным конкурсе ў газеце «Звязда» за 2016 год з апавяданнем «У.» ад 6 кастрычніка 2016 года[27]. У маі 2017 года выдала цыкл апавяданняў у часопісе «Полымя»[28]. 3 верасня 2017 года атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Найлепшы дэбют» за зборнік «Яблыкі» 2016 года[29]. У кастрычніку 2017 года абнародавала ў часопісе «Полымя» цыкл вершаў «Пад 300 кіль уражанняў»[30]. У 2017 годзе яе творы ўвайшлі ў альманах пераможцаў конкурсу «Першацвет»[31]. У 2018 годзе шэраг яе вершаў на сербскую пераклала Даяна Лазаравіч[32]. У маі 2018 года абнародавала ў часопісе «Маладосць» аповесць «Вараціш-гара»[33], а таксама выпусціла зборнік «Мінск назаўжды» супольна з 19 пісьменніцамі і пісьменнікамі ў межах фестывалю «Горад і кнігі»[34]. У зборніку Латышкевіч пераклала з расійскай апавяданні Міхаіла Валодзіна «Пліты крычаць, або Гісторыя пра мінскага Герадота», а таксама Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага «Цагліна перапоны». Сама ж змясціла ў зборніку апавяданне «Тры месяцы да вясны»[35]. У 2018 годзе выдала зборнік прозы «Наш дом»[36], які 23 студзеня 2019 года прадставіла ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Мінску[37]. 9 лютага 2019 года прадставіла кнігу «Наш дом» на 28-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы[38]. 16 сакавіка 2019 года выступіла на тэлеканале «Беларусь 3» у перадачы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы»[39]. У красавіку 2019 года перамагла на біяграфічным конкурсе «Слаўная кампанія: рэанімацыя» з жыццяпісам Яна Баршчэўскага «Цень крыжа на каляінах» і атрымала прэмію «За багатую вобразнасць у паказе жыцця героя на фоне часу»[40]. 12 верасня 2019 года перамагла на конкурсе апавяданняў газеты «Звязда» з «Казкай пра ваўка»[41]. У 2020 годзе абнародавала аповесць «Першая песня» ў некалькіх нумарах часопісу «Бярозка»[42]. У красавіку—лістападзе 2020 года ў часопісе «Маладосць» (№ 4—11) выйшаў першы фэнтэзійны раман Латышкевіч «Век людзей». Яго аздобіла мастачка Валерыя Дзяткова, якая працуе пад псеўданімам «Бестрамвайнасць»[43]. Памерам раман перавысіў 1,5 млн знакаў[44]. Крытыка14 кастрычніка 2011 года галоўная рэдактарка часопісу «Маладосць» Таццяна Сівец адзначыла: «Як 50 гадоў таму выходзілі першыя кніжкі нашых сённяшніх класікаў, так мы спадзяемся, што кніжкі Маргарыты Латышкевіч, Ганны Федарук, Арцёма Кавалеўскага і іншых, каго друкуе сённяшняя „Маладосць“, калісьці будуць першымі нізкамі вядомых беларускіх аўтараў»[45]. У маі 2014 года ў часопісе «Маладосць» Ірына Шаўлякова падкрэсліла: «У аповедзе Маргарыты Латышкевіч „Радыёмаўчанне“… маем справу з „касмічнай операй“ практычна ў чыстым выглядзе, калі быць больш дакладным — з эпізодам патэнцыяльнай касмічнай — логіі. Тэматычная адметнасць твору звязаная з канцэнтраванай авантурнасцю фабулы: гэта своеасаблівы абразок з жыцця рабочых будняў касмічных кантрабандыстаў, што спецыялізуюцца на акарскім шоўку, сіліронскіх спецыях». Пры гэтым Шаўлякова адзначыла: «Фантастычна-авантурны апавяданне з амаль дасканалай кальцавой кампазіцыяй фінішуе як лірычна-медытацыйны абразок»[46]. 6 студзеня 2017 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» Наста Грышчук змясціла творы Латышкевіч у рэйтынг найлепшых часопісных публікацый прозы за 2016 год: «У „Полымі“ спадарыня Маргарыта выступіла з кароткай формай: апавяданні „Інструкцыя для хворых“, „Муза“, „Піястры“, „Шчасце“, „Быць Каралевай“ (№ 7). Усе яны ўвайшлі ў дэбютны зборнік прозы „Яблыкі“. Маргарыта Латышкевіч глядзіць і на радасці чалавека, і на яго няўдачы з гумарам. Гэта дазваляе прыўзняцца над апісанай сітуацыяй, змяншае маштаб трагедыі ці шчасця, але ўсё на карысць: так на прадмет гаворкі можна паглядзець у цэлым, здалёк»[47]. 20 студзеня 2017 года Наста Грышчук зрабіла разгорнуты агляд яе кнігі: «Па вялікім рахунку, кніга Маргарыты Латышкевіч „Яблыкі“ якраз пра тое — пра свет дзяцей. Дзецям гэтым — ад 5 да 50 з гакам. Але незалежна ад узросту ўсе яны хочуць аднаго: самасцвердзіцца, быць шчаслівымі, любімымі, прызнанымі і прынятымі ў сваёй супольнасці. Але ўзрост навязвае свае правілы, і хітры ўнутраны голас падказвае: будзь сур’ёзны, будзь дзелавіты, рабі як усе, і ніхто не здагадаецца, што ты так і застаўся зарумзаным дзіцём з савочкам». Грышчук заўважыла, што «паэтычны зборнік… „Пульс навальніц“ і „Яблыкі“ лучыць нязменна аптымістычны і рамантычны погляд аўтара на свет. Аднак рамантычнасць тут не тоесная ружовым акулярам. Гэта хутчэй здольнасць прымаць чалавечыя слабасці. Вера ў тое, што чытач прызнае ў сабе крыўдлівае эгаістычнае дзіця і пасьмяецца разам з аўтаркай». Наста Грышчук таксама адзначыла: «Адметнасць прозы спадарыні Маргарыты — у дзвюх вызначальных рысах. Па-першае, гумар, які выступае адначасова павелічальным шклом, зброяй і абаронай. Смех, які часам даходзіць да гіпербалы і гратэску, дазваляе павялічыць дробныя рысы чалавечай натуры да памераў, неабходных для прэпарацыі. Перабольшваючы, ты даследуеш з’яву, не такую і заўважную ў штодзённасці. Гэты ж смех вынішчае негатыў: пасьмяяўшыся, прыкладам, з чужое сквапнасці, ты ўжо не зможаш усур’ёз абараняць гэту рысу ў самім сабе. … Другая адметнасць прозы Маргарыты Латышкевіч — знарочыстая простасць светаўспрымання». Надалей Грышчук падкрэсліла: «герой спадарыні Маргарыты паводзіцца нелагічна, пацешна, разам з тым — міла і кранальна. … супастаўленне „павінна“ і „ёсць“ у апавяданнях Маргарыты Латышкевіч адбываецца на двух узроўнях. Першы — вонкавы: персанажы чакаюць ад галоўнага героя адзін крок, а ён выдае зусім іншы. Другі ўзровень больш складаны і, адпаведна, камічны эфект ад яго большы: калі герой хоча зрабіць адно, а робіць зусім іншае, чаго вымагаюць пасада, узрост, гендэр і г. д. Ёсць яшчэ адно несупадзенне поглядаў, якое выклікае і смех, і роздум: гэта вайна светаў дарослага і дзіцячага». Урэшце Грышчук палічыла апавяданне «Зямля» за «самае глыбокае і самае „маштабнае“ тэматычна» ў кнізе і патлумачыла: «Яна распавядае выключна пра дзіцячую гульню. Усё галоўнае — па-за тэкстам. У гэтым палягае прыкмета вялікага таленту, які, маю спадзеў, яшчэ не раз дасць пра сябе ведаць»[48]. 7 красавіка 2017 года ў «Літаратуры і мастацтве» Алеся Лапіцкая і Наста Грышчук назвалі паэтычную цыкл Латышкевіч «Па лесвіцы з месяцовых промняў» лепшай публікацыяй у сакавіцкім нумары часопіса «Маладосць». Яны адзначылі, што «верш пра „кніжных дзяцей“… немінуча мусіць увайсці аднойчы ў зборнік вершаў М. Латышкевіч»[49]. 6 чэрвеня 2017 года ў «ЛіМе» Жанна Капуста заўважыла апавяданні Латышкевіч у майскім нумары часопіса «Полымя»: «Змешчаныя ў часопісе творы лёгка падзяляюцца паводле тэматыкі: пра дзяцей, але не зусім для дзяцей („Два літры мора“, „Доктар Ціханава“, „Пачатак восені“) і пра дарослых („Званіў“, „Раман з наёмнікам“). Жанна Капуста згадала, што гэтыя „творы могуць быць выдатнай ілюстрацыяй да артыкулаў па псіхалогіі“»[50]. 31 жніўня 2018 года ў газеце «Беларусь сёння» з’явіўся агляд на кнігу Латышкевіч «Наш дом», у якую ўвайшлі апавяданні і 2 аповесці ў жанры фэнтэзі. У 1-й аповесці эльфы «жывуць у пячорах, у лясным краі пад назвай Курганова Поле». У «Дзікім Гоне» курганны рыцар вартуе межы. У аглядзе таксама згадвалася разуменне Латышкевіч у апавяданнях, што «праблемы дзяцей не менш важныя, чым у дарослых, бо менавіта цяпер акрэсліваецца лёс, даюцца вартасці і заганы». Аглядальнік выказвае: «Уражанне, нібы пад адной вокладкай — тры кнігі»[51]. 20 верасня 2019 года пісьменніца Станіслава Умец у інтэрв’ю «ЛіМу» назвала сярод «цудоўных прыкладаў містычных твораў» у жанры фэнтэзі кнігу Латышкевіч «Наш дом»[52]. У чэрвені 2020 года ў часопісе «Маладосць» Алена Кісель адзначыла пра кнігу Латышкевіч «Там, дзе сэрца»: «Гэты намер — пабачыць у кожным нешта нечаканае, адкрыць новае, напомніць чытачу пра ўнутранае хараство тых, сярод каго жывеш, — вельмі прыкметны ў зборніку». Алена Кісель падкрэсліла: «„Там, дзе сэрца“ сапраўды прыемна чытаць, таму што кніга не толькі выкарыстоўвае патэнцыял беларускай мовы, але і імкнецца пашырыць яе мастацкія магчымасці. Адсутнасць русізмаў, паўната лексікі, пэўныя аўтарскія новатворы — з моўнага боку; класічны строй вершаў з арыгінальнай і прыгожай рыфмоўкай і слушны „разлом“ вершаванага радка, інтанацыйная „лесвічка“ — з боку літаратурнага; нечаканасць і глыбіня сродкаў выразнасці — з абодвух бакоў. Асабліва звяртае на сябе ўвагу жаданне паэткі ажывіць з’явы і прадметы вакол сябе — з дапамогай метафараў, увасабленняў і параўнанняў»[53]. Кнігі
Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia