Маўчанне ягнят (фільм)«Маўчанне ягнят» (англ.: The Silence of the Lambs) — амерыканскі псіхалагічны фільм жахаў 1991 года рэжысёра Джонатана Дэмі, зняты па матывах аднайменнага рамана Томаса Харыса пра серыйнага забойцу Ганібала Лектара. Адаптацыяй сцэнарыя займаўся Тэд Тэлі . Галоўныя ролі выканалі Джодзі Фостэр і Энтані Хопкінс[15]. Недасведчаная маладая курсантка ФБР Кларыса Старлінг атрымлівае важнае заданне: разгаварыць зняволенага маньяка-канібала псіхіятара Ганібала Лектара, каб той дапамог злавіць іншага маньяка. Лектар гуляе з Кларысай у вытанчаныя псіхалагічныя гульні. Кларыса намагаецца вытрымаць псіхалагічны ціск Ганібала Лектара, і ёй удаецца атрымаць у яго падказкі, якія дапамогуць у расследаванні. Прэм’ера «Маўчання ягнят» адбылася 30 студзня 1991 года ў Нью-Ёрку. У шырокі пракат карціна выйшла 14 лютага 1991 года. Пры бюджэце ў 19 мільёнаў долараў, фільм сабраў у сусветным пракаце 272,7 мільёнаў долараў, заняўшы пятае месца па зборах за 1991 год. 15 лютага 1991 года карціна была паказана ў межах асноўнай конкурснай праграмы 41-га Берлінскага кінафестывалю , дзе «Сярэбранага мядзведзя» за рэжысуру ўдастоіўся Джонатан Дэмі. На 64-й цырымоніі прэміі «Оскар» фільм быў адзначаны ўзнагародамі ў пяці галоўных намінацыях: Найлепшы фільм, Найлепшая рэжысура, Найлепшая мужчынская роля, Найлепшая жаночая роля і Найлепшы адаптаваны сцэнарый . Гэта трэці і апошні на сённяшні дзень фільм, узнагароджаны адразу ва ўсіх галоўных намінацыях, астатнія два — «Гэта здарылася аднойчы ноччу» (1934) і «Палёт над гняздом зязюлі» (1975). Крытыкі, рэжысёры і гледачы часта называюць «Маўчанне ягнят» адным з найвялікшых і найбольш уплывовых фільмаў. У снежні 2011 года Бібліятэка Кангрэса ЗША прызнала кінастужку «культурна, гістарычна або эстэтычна значнай» і ўключыла ў Нацыянальны рэестр фільмаў[16][17]. У 2018 годзе часопіс «Empire» паставіў яго на 48-е месца ў спісе 500 найлепшых фільмаў усіх часоў. Амерыканскі інстытут кінамастацтва прызнаў яго пятым з найбольш уплывовых фільмаў-трылераў, а Старлінг і Лектар увайшлі ў лік найвялікшых кінагерояў і кіназлачынцаў. У 2001 годзе быў выпушчаны сіквел «Маўчання ягнят» — «Ганібал», пасля чаго былі зняты прыквелы «Чырвоны дракон » (2002) і «Ганібал: Узыходжанне » (2007). Сюжэт1990 год. Джэк Кроўфард (Скот Глен ) з Аддзела паводзінскіх навук ФБР забірае студэнтку Кларысу Старлінг (Джодзі Фостэр) з яе трэніровак у Акадэміі ФБР і даручае ёй узяць інтэрв’ю ў Ганібала Лектара (Энтані Хопкінс), былога псіхіятара і зняволенага серыйнага забойцы-канібала. Кроўфард лічыць, што праніклівасць Лектара можа быць карыснай у пагоні за серыйным забойцам-псіхапатам з мянушкай «Буфала Біл » (Тэд Левайн ), які забівае маладых жанчын і здымае скуру з іх целаў. У Балтымарскім дзяржаўным шпіталі для душэўнахворых злачынцаў, дзе трымаюць Лектара, доктар Фрэдэрык Чылтан (Энтані Хілд ) праводзіць інструктаж і груба заляцаецца да студэнткі, але яна яго адвяргае. Старлінг праводзяць уніз да камеры Лектара. Спачатку злачынец стварае ўражанне ўважлівага і ветлівага чалавека, але пасля таго як Старлінг пераходзіць да справы, ён становіцца нецерпялівым і адмаўляе ёй у дапамозе. Калі яна сыходзіць, зняволены з суседняй камеры на імя Мігс, кідае ёй у твар сваю сперму. Лектар жыва рэагуе на інцэдэнт: ён знаходзіць такі ўчынак «невымоўна брыдкім» і вырашае пайсці насустрач Старлінг. Ён дае ёй зачэпку, кажучы, што трэба шукаць яго старога пацыента. Гэта прыводзіць Старлінг да сховішча, дзе яна знаходзіць слоік з адрэзанай галавой чалавека. Яна вяртаецца да Лектара, і той раскрывае, што гэты чалавек быў звязаны з Буфала Білам. Лектар прапануе студэнтцы сваю дапамогу ў аналізе асобы Буфала Біла пры ўмове, што ён будзе пераведзены ў іншае месца падалей ад ненавіснага Чылтана. Тым часам паліцыя знаходзіць новую ахвяру Буфала Біла, у горле ахвяры выяўляюць кукалку матыля віда Acherontia styx . Бафала Біл выкрадае Кэтрын Марцін, дачку сенатара ЗША (Брук Сміт ). Кроўфард дазваляе Старлінг прапанаваць Лектару фальшывую дамову, паабяцаўшы перавод у турму, калі ён дасць інфармацыю, якая дапаможа ім схапіць Буфала Біла і выратаваць Кэтрын. Замест гэтага Лектар патрабуе ад Старлінг іншую дамову, у абмен на падказкі пра Буфала Біла ён жадае пачуць асабістую інфармацыю пра яе. Старлінг распавядае Лектару пра забойства свайго бацькі, калі ёй было дзесяць гадоў. Чылтан таемна запісвае размову і выкрывае Лектару падман Кроўфарда і Старлінг. У сваю чаргу ён прапаноўвае Лектару іншую дамову. Лектар згаджаецца, і яго адпраўляюць у Мемфіс, дзе ён сустракаецца з сенатаркай Марцін і здзекуецца з яе (Даян Бэйкер ), а потым дае ёй ілжывую інфармацыю пра Буфала Біла. Старлінг разумее, што Лектар уводзіць іх у зман і зноў наведвае злачынца, які цяпер знаходзіцца ў камеры ў будынку суда штата Тэнесі. Яна просіць Лектара расказаць праўду. Ён жа кажа, што ўся неабходная інфармацыя ўтрымліваецца ў матэрыялах справы Буфала Біла, а затым настойвае на працягу іх асабістай дамовы. Старлінг згаджаецца і распавядае пра траўматычны выпадак з дзяцінства, калі пачула, як у фальварку сваякоў у Мантане забіваюць ягнят. Лектар выказвае здагадку, што ёй сняцца кашмары з крыкамі ягнят і што яна хоча выратаваць Кэтрын, каб ягняты замоўклі. Кларыса пацвярджае яго здагадку, і Лектар дзякуе ёй за шчырасць. Іх размову перарывае доктар Чылтан, ён загадвае вывесці Старлінг. У апошні момант Лектар паспявае вярнуць Кларысе матэрыялы справы Буфала Біла. Вечарам таго ж дня Лектар забівае сваіх ахоўнікаў і ўцякае з камеры. Старлінг аналізуе матэрыялы справы і падказкі Лектара і высвятляе, што Буфала Біл ведаў сваю першую ахвяру Фрэдэрыку Бімел. Старлінг едзе ў родны горад ахвяры і выяўляе, што і яна, і Буфала Біл былі краўцамі. У доме Фрэдэрыкі яна заўважае няскончаныя сукенкі і выкрайкі сукенак, ідэнтычныя участкам скуры, знятым з ахвяр. Яна тэлефануе Кроўфарду і кажа, што Буфала Біл робіць «касцюм» з чалавечае скуры. Кроўфард выяўляе, што забойцу клічуць Джэймам Гамбам. Раней ён займаўся кантрабандай матылёў і жадаў зрабіць сабе аперацыю па змене полу, але яму было адмоўлена. Кроўфард разам з аператыўнай групай захопу накіроўваецца ў яго дом у Ілінойсе, аднак, там яго не знаходзяць. Тым часам Старлінг звяртаецца да сяброў і сябровак Фрэдэрыкі, апытваючы іх пра забітую. У адным з дамоў у Джэка Гордана яна выяўляе, што той на самай справе і ёсць зайбоцам Гамбам і пераследуе яго. У выніку яна забівае злачынцу, каб уратаваць сваё ўласнае жыццё. Лектар з аэрапорту тэлефануе Старлінг, калі тая знаходзіцца на выпускным вечары ў Акадэміі ФБР. Ён цікавіцца ў Кларысы, ці замаўчалі ягняты, а таксама запэўнівае, што не мае намеру пераследваць яе. У канцы размовы ён гаворыць Кларысе, што да яго на абед завітаў стары сябра. Лектар кладзе слухаўку і накіроўваецца следам за доктарам Чылтанам. Акцёрскі склад
ВытворчасцьПачатак вытворчасціУ 1985 годзе Дзіна Дэ Лаўрэнціс і Марта Шумахер набылі правы на трылер-бестселер Томаса Харыса «Чырвоны дракон », на аснове якога ў 1986 годзе рэжысёр Майкл Ман зняў фільм «Паляўнічы на людзей ». У гэтай кінастужцы адбылося першае кароткае з’яўленне на экране серыйнага забойцы Ганібала Лектара (ролю выканаў Браян Кокс). Фільм быў добра прыняты крытыкамі, але катастрафічна праваліўся ў пракаце, сабраўшы толькі 8,6 мільёна долараў. Дэ Лаўрэнціс і Шумахер былі моцна расчараваны такім вынікам, і калі Харыс завяршыў новы раман пра Лектара — «Маўчанне ягнят», то не надалі яму ўвагі, хоць і валодалі правамі на экраннае ўвасабленне персанажа[18]. Яшчэ да выхаду рамана кампанія Orion Pictures уступіла ў супрацоўніцтва з Джынам Хэкменам. Ён мусіў заняць рэжысёрскае крэсла і, магчыма, выканаць ролю агента ФБР Джэка Кроўфарда . Былі праведзены перамовы аб падзеле кошту правоў на кнігу ў 500 000 долараў паміж Хэкменам і студыяй[19]. Апроч таго, прадзюсарам былі патрэбны правы на персанажа Лектара, якія не зацікаўлены ў праекце Дэ Лаўрэнціс аддаў задарма[18]. У лістападзе 1987 года да напісання адаптацыі быў прыцягнуты Тэд Тэлі[20]. Калі Тэлі быў на сярэдзіне працы над першым чарнавіком сцэнарыя, Хэкмен пакінуў праект, і фінансаванне сарвалася. Аднак сузаснавальнік Orion Майк Медавой заахвоціў Талі працягваць працу, паколькі студыя ўзяла на сябе клопат пра фінансаванне і прыступіла да пошуку новага рэжысёра[21]. У выніку Orion папрасіў заняць рэжысёрскае крэсла Джонатана Дэмі. Паколькі сцэнарый быў яшчэ ў распрацоўцы, то Дэмі пагадзіўся на прапанову, азнаёміўшыся з першавытокам[22]. З гэтага моманту праект развіваўся хутка. Тэлі ўзгадваў: «[Дэмі] прачытаў мой першы чарнавік неўзабаве пасля таго, як ён быў завершаны, і калі мы сустрэліся, я быў проста здзіўлены хуткасцю, з якой пайшлі справы. Мы сустрэліся ў маі 1989 года і здымалі ў лістападзе. Я не памятаю ніякіх істотных перапрацовак»[23]. Падбор акцёраў![]() Адразу пасля прачытання рамана Джодзі Фостэр была зацікаўлена ў ролі агента ФБР Кларысы Старлінг . Аднак, нягледзячы на тое, што Фостэр толькі што атрымала прэмію «Оскар» за ролю ў фільме «Абвінавачаныя » (1988), Дэмі сумняваўся, што яна падыходзіць для гэтай ролі[24][25]. Спачатку Дэмі абраў на ролю Старлінг Мішэль Пфайфер, з якой перад тым працаваў над фільмам «Замужам за мафіяй » (1988). Актрыса адхіліла прапанову, пазней яна тлумачыла: «Гэта было цяжкае рашэнне, але я непакоілася з-за тэмы»[26]. Затым рэжысёр звярнуўся да Мег Раян, якая таксама адмовілася ад ролі з-за жудасных тэм, якія падымаюцца ў фільме. Выбар Лоры Дэрн на ролю не задаволіў студыю, дзе палічылі, што актрыса не прынясе выгады фільму[27]. У выніку, дзякуючы страснаму жаданню сыграць гэтага персанажа, ролю атрымала Фостэр[28]. Ролю Лектара Дэмі перш за ўсё прапанаваў Шону Конэры, але акцёр адхіліў прапанову. Тады прапанова была зроблена Энтані Хопкінсу, асноўваючыся на ўражанні ад яго ігры ў фільме «Чалавек-слон » (1980)[29]. Калі агент Хопкінса паведаміў акцёру, што яму прапанавана роля ў фільме пад назвай «Маўчанне ягнят», той пацікавіўся, ці не дзіцячая гэта гісторыя. Хопкінс ператэлефанаваў свайму агенту пасля прачытання першых 10 старонак і сказаў, што «гэта лепшае з таго, што ён калі-небудзь чытаў». Пасля сустрэчы з Дэмі, акцёр пагадзіўся на ролю[30]. Сярод іншых акцёраў, якія разглядаліся на гэтую ролю, былі Аль Пачына[31], Роберт Дэ Ніра[31], Дасцін Хофман[31], Дэрэк Джэкабі[32] і Дэніел Дэй-Льюіс[32]. Таксама заяўляў, што праходзіў праслухоўванне на гэтую ролю, Форэст Уітакер. ЗдымкіЗдымкі «Маўчання ягнят» пачаліся 15 лістапада 1989 года і цягнуліся да 1 сакавіка 1990 года[33]. Здымкі ў асноўным праходзілі ў Пітсбургу (штат Пенсільванія) і яго ваколіцах, а некаторыя сцэны здымаліся ў суседняй паўночнай частцы Заходняй Віргініі. У якасці дома Буфала Біла выкарыстоўваўся віктарыянскі дом у Перыёпалісе (Пенсільванія). Экстэр’ерам для Балтымарскай дзяржаўнай лякарні для псіхічнахворых злачынцаў паслужыў вонкавы выгляд Вестэрн-цэнтра побач з Кенансбургам (Пенсільванія). Рэдкім выпадкам супрацоўніцтва стаў факт, што ФБР дазволіла здымаць сцэны ў Акадэміі ФБР у Куантыка ; некаторыя супрацоўнікі ФБР нават здымаліся ў эпізадычных ролях. Музычнае суправаджэннеМузычнае суправаджэнне да «Маўчання ягнят» напісаў Говард Шор. Запіс саўндтрэка адбываўся ў Мюнхене ў жніўні 1990 года, музыку выконваў Мюнхенскі сімфанічны аркестр[34]. «Я стараўся пісаць так, каб гэта ўпісвалася ў тканіну фільма», — тлумачыў Шор свой падыход. «Я спрабаваў зрабіць так, каб музыка проста пасавала. Калі вы глядзіце фільм, вы не заўважаеце музыку. Вы атрымліваеце пачуцці ад усіх элементаў адначасова: ад асвятлення, аператарскай працы, касцюмаў, акцёрскай ігры, музыкі»[35]. Альбом з саўндтрэкам быў выпушчаны лэйблам «MCA Records » 5 лютага 1991 года[36]. Музыка з фільма пазней была выкарыстана ў трэйлерах да яго сіквела — фільма 2001 года «Ганібал»[37]. У дадатак да арыгінальнай музыкі Шора ў фільме шырока выкарыстоўваюцца запісы папулярнай музыкі. Так, у фільме можна пачуць брытанскую пост-панк-музыку. Падчас кульмінацыйнай сцэны, калі Старлінг уваходзіць у дом Буфала Біла гучыць песня «Hip Priest» гурта The Fall[38]. Выхад і прызнаннеВыхад на экраныПрэм’ера «Маўчання ягнят» адбылася 30 студзня 1991 года ў Нью-Ёрку, затым 1 лютага ў Сэнчэры-Сіці . 14 лютага карціна выйшла ў шырокі пракат у ЗША і Канадзе, а 15 лютага была паказана ў межах асноўнай конкурснай праграмы 41-га Берлінскага кінафестывалю . Пачынаючы з сакавіка, карціна выходзіла на экраны многіх іншых краін свету[39]. Ніжэй прыведзены спіс прэм’ер фільма паводле краін у храналагічным парадку[39]:
Касавыя зборы«Маўчання ягнят» выйшла ў шырокі пракат 14 лютага 1991 года і сабрала амаль 14 мільёнаў долараў у 1497 кінатэатрах за чатырохдзённы ўікэнд Прэзідэнцкага дня , заняўшы першае месца ў пракаце ЗША. Фільм заставаўся на першым месцы і наступныя пяць тыдняў[40]. Брытанская прэм’ера фільма адбылася ў кінатэатры «Адэон Лестэр-сквер » у Лондане, адкрываючы тыдзень прынёс карціне 290 936 фунтаў стэрлінгаў, што, паводле сцвярджэння дыстрыб’ютара «Rank », стала сусветным рэкордам за прэм’ерны тыдзень для аднаго кінатэатра[41]. На наступным тыдні пракат пашырыўся да 281 экрана і сабраў за тыдзень 4 260 472 фунты стэрлінгаў, што стала рэкордам для Вялікабрытаніі[42]. Пры бюджэце ў 19 мільёнаў долараў, фільм сабраў 131 мільён у ЗША і Канадзе, а ў сусветным пракаце ў цэлым зборы дасягнулі 272,7 мільёна долараў[40]. Па выніках 1991 года кінастужка заняла чацвёртае месца па зборах у Паўночнай Амерыцы і пятае месца па зборах у сусветным пракаце[43][44]. Рэйтынгі і спісыАгрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 85 балаў са 100 на аснове 20 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 8.8/10[45]. Паводле іншага папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 145 рэцэнзентаў 138 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 95 %. Глядацкі рэйтынг кінастужкі склаў 95 % на аснове больш чым 250 тысяч галасоў[46]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:
Вядомы амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт занёс карціну ў свой спіс «Выдатных фільмаў»[47]. УзнагародыНа 41-м Берлінскім кінафестывалі «Маўчанне ягнят» увайшло ў асноўную конкурсную праграму і ўдастоілася «Сярэбранага мядзведзя» за рэжысуру. На 64-й цырымоніі прэміі «Оскар» фільм быў адзначаны ўзнагародамі ў пяці галоўных намінацыях: Найлепшы фільм, Найлепшая рэжысура, Найлепшая мужчынская роля, Найлепшая жаночая роля і Найлепшы адаптаваны сцэнарый . Гэта трэці і апошні на сённяшні дзень фільм, узнагароджаны адразу ва ўсіх галоўных намінацыях, астатнія два — «Гэта здарылася аднойчы ноччу» (1934) і «Палёт над гняздом зязюлі» (1975). Паводле рэсурса «Internet Movie Database» агулам фільм быў адзначаны 69 узнагародамі і яшчэ 51 намінацыяй[48]. Сярод найбольш значных узнагарод: 5 прэмій «Оскар» (з 7 намінацый), 4 прэміі «Сатурн» (з 8 намінацый), 2 прэміі «BAFTA» (з 9 намінацый), 1 прэмія «Залаты глобус» (з 5 намінацый). Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia