Мікола Купрэеў
Міко́ла Сымо́навіч (Сямёнавіч) Купрэ́еў (25 мая 1937, вёска Ямнае, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць — 19 верасня 2004, вёска Лясная, Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) — беларускі паэт, пісьменнік. БіяграфіяНарадзіўся ў вёсцы Ямнае (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) ў сям'і настаўніка. У 1943 годзе нацысты арыштавалі яго бацьку і забілі маці[1]. У 1947 годзе Мікола з бацькам пераехалі на Брэстчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёна, а ў 1953 — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёна. Выхоўваўся мачыхай. Мікола Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу (1957), факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута (1962). Працаваў у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах Ганцавіцкага раёна, у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму». Адным з вучняў Купрэева ў Чудзінскай школе падчас яго працы на пасадзе завуча і настаўніка літаратуры быў Алесь Каско, а ў Сташанах — Мікола Антаноўскі і Анатоль Шушко[2]. У 1988 Мікола Купрэеў не без дапамогі Міколы Антаноўскага, рэдактара пружанскай «раёнкі», пераехаў у вёску Папялёва Пружанскага раёна, выкладаў у базавай школе гісторыю. Тут выйшаў на пэнсію з прычыны хваробы. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1994). У 1996 годзе зборнік вершаў «Правінцыйныя фантазіі» быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і адзінагалосна падтрыманы на галасаванні. Аднак у самы апошні момант перамога Міколы Купрэева была скасавана за іранічную згадку Лукашэнкі ў вершы «Сустрэча з К. Крапівой у 1993 годзе»[3]. Прэмія тады не дасталася нікому, а паэт замест гэтага атрымаў прэмію Саюзу пісьменнікаў імя Аркадзя Куляшова і аднапакаёвую кватэру ў Пружанах[4]. Пасля выдання аповесцяў «Дзіцячыя гульні пасля вайны» (1995) і «На вуліцы Карла Маркса з паэтам» (1997), якія вызначаліся надзвычайнай шчырасцю ў адносінах да сябе і сваіх родных, бацька адмаўляўся пускаць Міколу ў родную хату падчас яго візітаў на радзіму. Мікола Купрэеў вымушаны быў начаваць у кацельнях, дзе працаваў яго школьны сябра[4]. Апошнія гады жыцця правёў у Пружанах, перыядычна лекуючыся ў тубдыспансеры ў Вярховічах (Камянецкі раён). Памёр у доме састарэлых у вёсцы Лясная Баранавіцкага раёна[1]. Пахаваны ў Міхнавічах (прадмесце Івацэвічаў). На яго надмагіллі выбітыя словы ўласнага вершу «О, я многа хацеў вам сказаць…». Творчасць
Пісаць пачаў яшчэ ў школе, найперш вершы на беларускай мове. Аднак друкавацца пачаў падчас вучобы ў інстытуце (1957—1962). Яго першыя абразкі былі апублікаваныя ў 1958 годзе ў «Советской Отчизне» (цяпер часопіс «Нёман»). Прозу Мікола, у адрозненне ад вершаў, пісаў па-руску, за што, як прызнаваўся пазней, было вельмі сорамна[2]. Рукапіс аповесці «Бродят на рассвете юные», напісанае ў студэнцкія часы, аўтар пасля знішчыў, нягледзячы на тое, што яна атрымала ў цэлым станоўчыя водгукі Янкі Брыля і Барыса Бур'яна. Машынапісны тэкст аповесці захоўваецца ў Ганцавіцкім краязнаўчым музеі[2]. Першая кніга паэзіі «Непазбежнасць» (1967), складзеная з баладаў і элегій, вызначаецца лірычнай, ціхай інтанацыяй. Вершы вызначаюцца казачнасцю, выкарыстаннем фальклорных матываў і стыляў. Пасля выхаду зборніку «Непазбежнасць» у Міколы Купрэева пачалася зацяжная творчая дэпрэсія, звязаная з неўладкаванасцю ўласнага побыту, расчараванасцю ў паэтычнай працы, вялікай плыняй крытыкі, якая абрынулася на першую яго кнігу[5]. У сямідзясятыя гады Мікола Купрэеў амаль нічога не пісаў. Актыўна ўключыўся ў літаратурны працэс пад канец 80-х. Перакладзеныя на рускую мову яго вершы былі апублікаваныя ў часопісе «Нёман», пасля чаго яго творы сталі часцей траплаць у перыядычны друк. У 1995 годзе выйшаў яго другі зборнік паэзіі «Правінцыйныя фантазіі». У ім перададзеная цесная сувязь чалавека з радзімай, з яе гісторыяй. Паэт пастаянна звяртаецца да вобраза дарогі, героі яго вершаў — вечныя вандроўнікі. Літаратуразнаўцы заўважалі, што яго паэзіі ўласцівыя «арыгінальнасць раскаванай свабоднай формы, шчырае трапяткое пачуццё, нестандартныя вобразы, глыбіня падтэксту і ў той самы час — прастата выказвання»[4]. Творчасць аўтара адзначаная асаблівай любоўю да верлібру, баладаў, элегіяў, прытчаў. Пісаў таксама і прозу. Падчас жыцця ў Пружанах напісаў аповесці «Дзіцячыя гульні пасля вайны» (1995), «Імгненне светлае» (1996), «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам» (1997), «Палеская элегія» (1998), «Рэчкаю плывём, плывём…» (1999), «Пастух у космасе» (2002), «Лісты з млына» (2004)[5]. Два розныя як па стылі, так і па манеры аналізу даследчыкі літаратуры Уладзімір Саламаха і Сяргей Грышкевіч, аналізуючы розныя творы пісьменніка (першы — «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам», другі — «Лісты з млына»), сыходзяцца ў агульнай выснове: лірычная проза Купрэева шчырая і праўдзівая, гуманістычная і чалавечная ў сваёй аснове.
Вершы Міколы Купрэева перакладаў на рускую мову і публікаваў у Маскве беларускі паэт і перакладчык Валерый Грышкавец[5]. Аповесць «Імгненне светлае» перакладзеная таксама на балгарскую мову. Бібліяграфія
Прэміі
Ушанаванне памяці
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia