Рыцар Янка і каралеўна Мілана
«Рыцар Янка і каралеўна Мілана» — фэнтэзійна-прыгодніцкая трылогія, серыя прыгодніцкіх гісторый юнакоў у іншасвеце, які нагадвае беларускае Сярэднявечча. Фэнтэзі на падставе беларускай міфалогіі[1]. Аўтар кнігі — Алег Грушэцкі, ілюстратар — Віктар Козел, выдавецтва — «Чатыры чвэрці»[2]. Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту[3][4]. Першая частка — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» (рэд. Аксана Спрынчан) — пабачыла свет у 2021 годзе, другая частка — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі» (рэд. Марыя Ліпніцкая) — выйшла ў 2022 годзе, трэцяя частка «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд» (рэд. Марына Варабей) была выдадзена ў 2023 годзе[5]. Сюжэт«Таямнічае каралеўства»![]() Юныя брат і сястра, Янка і Мілана, прыязджаюць на летнія вакацыі ў вёску і выпадкова знаходзяць у дзедавай каморы загадкавае старажытнае люстэрка, упрыгожанае шляхецкім гербам, праз якое трапляюць у таямнічае каралеўства Сварга, якое нагадвае беларускае Сярэднявечча і адначасова казачны свет, дзе ўсё жывое размаўляе чалавечай мовай, дзе ёсць рыцары, Цмок, міфічныя істоты з беларускіх паданняў: волат Вярнігара, вужалкі, гарцукі і злыдні, ваўкалакі, лясун, багнік Кадук…[6] Але тое, калісьці шчаслівае ды славутае каралеўства, падманам і падступствам захапіў злы чараўнік Волх, які ўтрымліваецца на троне пры дапамозе чарадзейства і бязлітасных чорных ваўкалакаў, ды трымае ўсіх мірных жыхароў каралеўства ў спалоху[7]. Згодна са старажытнай легендай, якая захавалася ў мудрага Пугача, менавіта гэтым юнакам належыць выратаваць каралеўства[8]. Яны бяруцца за справу і выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа — праз страшны Чорны Лес і праз топкае балота брыдкага багніка Кадука. Юныя героі аб’яднаюць вакол сябе просты люд, парэшткі ваяроў і рыцараў, а яшчэ мужных баявых мядзведзяў і дужых бясстрашных зуброў. Нават сапраўднага Цмока перавабліваюць на свой бок. У барацьбе ім дапаможа дух еднасці, гатоўнасць ахвяраваць сабою за іншага, дабрыня і арыентаванасць у бок святла[7]. Юнакоў чакаюць неверагодныя прыгоды, рыцарскія бітвы, таямніцы, складаныя загадкі-галаваломкі, барацьба за волю і вызваленне краю ад злога чарадзея і ненавісных чорных ваўкалакаў. Але прыгоды і бітвы, пераадоленне ўласных страхаў і перашкод толькі гартуюць, і зробяць са звычайных хлопчыка і дзяўчынкі сапраўдных герояў[1][9]. «Каралеўству патрэбны героі»![]() Да канца летніх вакацый застаецца зусім нядоўга, але перад ад’ездам дадому юнакі Янка і Мілана жадаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга. Толькі за гэты час адбыліся ў ім жахлівыя змены — Цмок быў забіты, Вярнігара знік, а каралеўства захапіў яшчэ больш магутны і злы вядзьмак, якім рухае толькі помста. Юныя героі ізноў выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа праз гіблыя мясціны — Чорны Лес і Паганае Балота. І задача перад імі зараз стаіць больш складаная[10]. Але найперш давядзецца адшукаць волата Вярнігару і ўратаваць з вязніцы караля Мацея, якога змогуць вызваліць толькі таямнічыя веды прыгажунь-вужалак, якія, апроч усяго, яшчэ пакажуць і свой ваяўнічы характар на поле бітвы[11]. Юнакам належыць ізноў узначаліць барацьбу, толькі цяпер змагацца давядзецца куды з больш страшным і магутным злом, здольным вынішчыць усё на сваім шляху. Падчас прыгод юныя героі нават у такіх цяжкіх умовах завядуць сабе новых сяброў і спазнаюць прыгожае пачуццё закаханасці. А іх сябры, мужныя рыцары і ваяры, прымуць удзел у сапраўдных рыцарскіх спаборніцтвах. У цяжкай барацьбе за волю юнакам дапамогуць як старыя, так і новыя знаёмыя — брат Вярнігары асілак Вярнідуб, сёстры спрытных гарцукоў, здольныя страляць маланкамі, і іншыя міфічныя істоты. Янка і Мілана прымуць удзел у бітвах яшчэ больш гучных і слаўных. Але ці дадуць рады юныя героі тым выпрабаванням — залежыць толькі ад іх саміх, ад іх смеласці, мудрасці, рашучасці і адвагі[11][12]. «Агонь і лёд»![]() Янка з Міланай прыязджаюць у дзедаву вёску на зімовыя вакацыі, дзе іх чакаюць снежныя забавы, Каляды з хаджэннем па дварах з каляднай зоркай і песнямі ды каляднай варажбой. Падчас адпачынку яны вырашаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга. Выяўляецца, што бяда прыйшла цяпер да іх сяброў — каралевічаў Рэглы і Сэнмура, чые землі прагне захапіць і замарозіць магутная вядзьмарка Маразанна: ёй падуладная стыхія ветру, яна здольная ўсё ператварыць у лёд, а на службе ў яе верна служаць чараўнік Падвей і паветрыкі[13]. Каб даць рады новай навале, Янку з Міланай належыць прайсці праз шмат выпрабаванняў: ім давядзецца прабірацца ўначы скрозь жудасныя могілкі з кастамахамі, спаткацца са Змяіным каралём, адгадаць шмат загадак, адшукаць таемны пакой і магічны кій, выявіць незвычайную кемлівасць і аб’яднаць тры каралеўствы. А яшчэ яны ўпершыню выправяцца ў палёт на Цмоку, каб знайсці высока ў гарах загадкавы народ – таямнічыя вілы, феі, якія здольныя бачыць мінулае і прадказваць будучыню. У барацьбе юнакам дапамагаюць браты-волаты Вярнігара і Вярнідуб, бабралакі, мядзведзялакі і ўсе, хто мае адважнае сэрца і прагне жыць свабодным. Юных герояў чакаюць новыя знаёмствы, неверагодныя прыгоды і слаўныя бітвы[14][15]. Гісторыя стварэння![]() Першая частка рамана «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» была напісана 10 лістапада 2012 года[17]. Урывак з рамана быў прадстаўлены на конкурсе «Першая глава» (арганізатар — выдавецтва «Рэгістр») 1 снежня 2012 года[18], што фактычна робіць твор першым сучасным сапраўдным беларускім фэнтэзі[3]. За восем гадоў кніга каля пяці разоў перапісвалася, праводзіліся кансультацыі з рэдактарамі, сябрамі-пісьменнікамі і гісторыкамі для паляпшэння твора[19]. Аўтар доўга шукаў выдавецтва, якое пагадзілася б надрукаваць кнігу[16][17]. У красавіку 2021 года кніга нарэшце выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Рэдактарам яе стала дзіцячая пісьменніца Аксана Спрынчан, аформіў кнігу мастак Віктар Козел, выкладчык малявання ў Крупіцкай школе мастацтваў[3][20]. Упершыню кніга была прадстаўлена на юбілейнай творчай вечарыне святкавання 15-годдзя Паэтычнага тэатра «Арт. С» 23 красавіка 2021 года, амаль адразу пасля выхаду з друку[21]. ![]() У 2022 годзе пабачыла свет другая частка трылогіі, «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі»[10]. Рэдактарам выступіла Марыя Ліпніцкая, спецыяліст па рэдакцыйнай падрыхтоўцы выданняў[22]. Урывак з кнігі быў зачытаны самім аўтарам у жніўні 2023 года ў праграме «Культурная пятніца» на канале «Радыё Марыя»[16]. 21 лютага 2023 года, на Міжнародны дзень роднай мовы, Алег Грушэцкі паведаміў пра завяршэнне працы над трэцяй, заключнай часткай трылогіі пад назвай «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд»[23]. 18 мая 2023 года аўтар прадстаўляў серыю «Рыцар Янка і каралеўна Мілана» на круглым стале «Сучасная літаратурная казка: суадносіны фальклорнай і літаратурнай традыцыі», які праходзіў у межах III Міжнароднага форума даследчыкаў беларускай казкі (арганізатар — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі) [24][25]. ![]() 17 жніўня 2023 года ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла трэцяя, завяршальная частка трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд»[14]. Рэдактар кнігі — філолаг, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Марына Варабей. Адмыслова да кнігі аўтарам быў напісаны калядны верш, які увайшоў у кнігу[16]. У адным з інтэрв’ю аўтар прызнаўся, што некаторыя моманты ў кнізе носяць і біяграфічныя моманты, альбо напісаныя на падставе ўласнага жыццёвага досведу самога пісьменніка[16][27]. А таксама, што ім распачата праца над напісаннем кінасцэнарыя паводле першай часткай кнігі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства»[16]. Летам 2024 года падчас інтэрв'ю ў праграме «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3» Алег Грушэцкі паведаміў, што праца завершана, а сцэнарый прымаў удзел у конкурсе Міністэрства культуры і «Беларусьфільма»[28]. Радыёпастаноўка![]() У 2023 годзе канал «Культура» Беларускага радыё запісаў чытанне першай часткі трылогіі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства». Пастаноўка была здзейснена ў межах праекта «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» і ўпершыню прагучала 12 мая 2023 года. Тэкст агучыла артыстка Маргарыта Захарыя, музычнае афармленне стварыў кампазітар Аляксандр Літвіноўскі[29][30]. Крытыка![]() Кніга з’яўляецца ўнікальнай тым, што яе можна назваць сапраўдным беларускім фэнтэзі[3]. Як адзначылі ў самім выдавецтве, кніга была вельмі ўпадабаная юнымі чытачамі[31][32]. Беларускія СМІ таксама адзначаюць, што кніга з’яўляецца папулярнай і карыстаецца попытам[10][11][12]. Карысталася трылогія попытам і падчас XXХI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі[33]. У маі 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі, на якім, сярод іншых, быў прадстаўлены даклад «Ідэйна-вобразныя пошукі ў кнізе казак Алега Грушэцкага „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства“», аўтар даклада — літаратуразнаўца і навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Таццяна Барысюк[34]. Літаратуразнаўцы, якія таксама прымалі ўдзел у навуковай канферэнцыі, пагадзіліся, што твор з’яўляецца высокамастацкім, сімволіка-алегарычным, і базуецца на беларускім фальклоры[35]. Таццяна Барысюк адзначае, што кніга мае выхаваўчы эфект, яна вучыць дзяцей быць смелымі[36]. У кнізе выказваецца ідэя неабходнасці шанаваць свой род і ганарыцца сваімі продкамі, ідэя перамогі дабра над ліхам, праўды над тыраніяй[37]. Дадзеная казка спалучае ў сабе рысы чарадзейнай і сацыяльна-бытавой, ёсць у ёй і элементы авантурна-прыгодніцкай прозы[38]. Твор з’яўляецца сучаснай матыватарскай ідэяй аб смеласці, якая вызваляе і выратоўвае, а сама казка Алега Грушэцкага дынамічная, дыялогі персанажаў поўныя патрыятычнага і гераічнага пафасу[36]. Літаратуразнаўца і крытык Таццяна Барысюк лічыць, што твор мае высокія шанцы на паспяховую інсцэніроўку ў тэатры або экранізацыю ў кіно[36]. Падобнай думкі, што твор варты экранізацыі, прытрымліваецца і дыпламант літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі, вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Захарэвіч, пра што яна кажа на сваім аўтарскім канале «Казкі на канапе»[39]. Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча літаратурны крытык газеты «Літаратура і мастацтва» Яна Будовіч кажа, што пачатак апавядання пачынаецца, здаецца, і не з самага арыгінальнага хода, бо завязка пабудаваная па класічнай схеме, але арыгінальнасць твора выяўляеццацца далей па сюжэце. У сцэне з гарцукамі, пачварнымі чорнымі чалавечкамі з чорнымі лютымі тварамі, якія, ледзь кранаючыся травы, скачуць па наваколлі на невялічкіх карузлікавых конях і пры гэтым злосна смяюцца дзіцячымі пранізлівымі галасамі, Будовіч бачыць алюзію, адсыл на «Дзікае паляванне караля Стаха». Галоўных герояў кнігі, юных Янку і Мілану, аўтару атрымалася надзяліць нестандартным мысленнем, што, па словах крытыка, ярка выяўляецца ў тым, як яны распрацоўвалі стратэгічныя планы бітваў. Майстэрству тых малалетніх стратэгаў пазайздросцілі б праслаўленыя палкаводцы, тут ёсць чаму павучыцца, лічыць Таццяна Будовіч. Юным героям кнігі ўласцівыя еднасць, дабрыня, ахвярнасць, велікадушнасць і арыентаванасць у бок святла. Усё гэта спрыяе здзяйсненню самых смелых дзіцячых памкненняў. Ёсць у дзіцячай казцы і алюзіі на шэраг дарослых праблем. Асэнсоўваючы твор, крытык філасафічна заўважае: «няма казак лепшых ад тых, што складаюцца самім жыццём». На думку Яны Будовіч, кніга будзе цікавай не толькі дзецям, але і дарослым, бо «яна вучыць непрамалінейна мысліць, знаходзіць выйсце там, дзе яго, здавалася б, няма і быць не можа, думаць і клапаціцца найперш пра тых, хто побач: калі ёсць адчуванне еднасці, пераадолець магчыма ўсё»[7]. Літаратурны крытык Кася Іофе з Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта (Польшча) назвала кнігу ўнікальнай, бо гэта «першае беларускае фэнтэзі, дакладна напісанае канкрэтна для дзяцей на падставе беларускага фальклору, і яе героямі з’яўляюцца міфічныя постаці беларускіх легенд, а падзеі разгортваюцца ў свеце, які нагадвае беларускае Сярэднявечча». Алега Грушэцкага крытык лічыць адным з найлепшых дзіцячых фантастаў[40]. Адзначаюць і мастацкае афармленне кнігі. Паэт і драматург Сяргей Патаранскі (выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў, выкладчык творчай спецыялізацыі ў кірунку літаратурнай і тэатральнай работы ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа), каментуючы аздабленне выдання, адзначае: «Калі малюнкі годныя, то і сам змест варты ўвагі… У дзіцячым пісьменстве так — самому мастаку мусіць быць прывабна…»[41]. Схаваныя падтэкстыЯк заўважае крытык і літаратуразнаўца Таццяна Барысюк, у кнізе можна адшукаць шэраг схаваных момантаў і падтэкстаў. Напрыклад, назва каралеўства Сварга, у якім разгортваюцца асноўныя падзеі, паходзіць ад імя Сварога — вярхоўнага бога ўсходніх славян, бог неба, нябесны агонь. Імя караля-чарадзея Волха, галоўнага злодзея ў першай частцы трылогіі, таксама ўзятае са славянскага пантэона багоў. Волх — гэта славянскі бог-пярэварацень, ваяр і чарадзей. Хоць розныя крыніцы яго па рознаму трактуюць (адны як заступніка, іншыя — як лютага чарадзея). Загадкавае люстэрка, праз якое дзеці трапляюць у таямнічае каралеўства, аздобленае разьбянымі ўзорамі і вялікім гербам, мяркуючы па апісанню якога, можна зрабіць выснову, што гэта шляхецкі герб «Любіч», якім карысталіся і продкі аўтара, шляхецкі род Грушэцкіх[38]. Спрабуе аўтар даць і сваю трактоўку, чаму змей у беларускай мове называецца менавіта «Цмок», разважаючы, што разам з уздыхам Цмок нібыта ўСМОКтваў у сябе ўсе жыццёвыя сокі ворагаў[38]. Адзнакі кнігі і прызнанне
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia