Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч
Яго Высокапраасвяшчэнства Станісла́ў Іванавіч Бо́гуш-Сестранцэ́віч (3 верасня 1731, маёнт. Занкі Ваўкавыскага павета, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, цяпер Свіслацкі раён[3] — 1 снежня 1826, Санкт-Пецярбург) — беларускі[3] рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец[4]. Дзядзька В. Дунін-Марцінкевіча. Біяграфічныя звесткіНарадзіўся ў шляхецкай сям’і Богуш-Сестранцэвічаў уласнага герба. Яго бацька — міхнеўскі староста і старадубскі стражнік Ян Богуш-Сестранцэвіч (1678—1771), быў па веравызнанні кальвіністам. Маці — Карнелія Адзінец (1698—1773) — каталічкай. Па патрабаванні маці дзіцё было ахрышчана 5 верасня 1731 паводле рымска-каталіцкага абраду ў Заблудаве. Неўзабаве сям’я пераехала з Занкаў у Рале (30 км ад Кальварыі, цяпер тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі). Там і прайшло дзяцінства будучага мітрапаліта[5]. Калі Станіславу было 7 гадоў, бацька наняў яму вандроўнага настаўніка П. Касарына, які ў суседнім фальварку Бурняны вучыў дзяцей мазырскага стольніка Яна Канарскага. Неўзабаве падраслі сёстры, і Касарын пачаў пераязджаць з аднаго фальварка ў другі разам са сваімі вучнямі. Адну чвэрць яны вучыліся ў Бурнянах, а на астатні час перабіраліся да Богушаў-Сестранцэвічаў. У 12 гадоў хлопчык пакінуў бацькоўскі дом, каб працягваць адукацыю. У 1743—1745 гадах Богуш-Сестранцэвіч вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім калегіуме і Слуцкай гімназіі. У чэрвені 1745 на пахаванні старадубскага харужага Воўка 13-гадовы вучань сказаў прачулую памінальную прамову, яна так уразіла кальвіністаў, што яны вырашылі накіраваць юнака на нямецкія землі для далейшай адукацыі[5]. У жніўні 1745 года Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч выехаў вучыцца ў Берлін. У дарозе быў абакрадзены ў адным з гатэляў Штатгарта Шчэцінскага. Не маючы сродкаў на існаванне, быў вымушаны пайсці на службу ў прускую армію. У Еўропе ў той час ішла вайна за «аўстрыйскую спадчыну». Богуш-Сестранцэвіч служыў афіцэрам у гусарскім палку. 15 снежня 1745 года ў бітве пад Касельдорфам быў цяжка паранены карцеччу ў правую руку. Яго даставілі ў берлінскі шпіталь, а 26 снежня 1745 года, крыху падлячыўшы рану, выпісалі і звольнілі з войска[5]. У Берліне Станіслаў пазнаёміўся з дамініканінам айцом Армандам, які ўладкаваў яго вучыцца ў гімназію Св. Іахіма. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў афіцэрам у гвардыі ВКЛ. Пасля выхаду ў адстаўку (1761) у чыне капітана, працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў. Магчыма, няўдалае каханне павярнула яго да царкоўнай кар’еры[3]. Скончыў Варшаўскую галоўную школу піяраў (1762) і ў 1763 годзе пасвечаны ў духоўнае званне, быў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай, 3 снежня 1773 года біскуп Богуш-Сестранцэвіч па ініцыятыве Кацярыны II стаў біскупам у «Беларускай дыяцэзіі», якая існавала з 1773 года, але не была зацверджана Ватыканам[4]. З кастрычніка 1773 года быў тытулярным біскупам Малінскім (Маляціцкім?) (Mallus). Жыў у гэты час у Абольцах, каля Оршы. У 1780 годзе Кацярына II звярнулася да папы Пія VI па дазвол на стварэнне каталіцкага архібіскупства з цэнтрам у Магілёве. З 1780 года С. Богуш-Сестранцэвіч жыў у Магілёве. З 28 студзеня 1782 года стаў архібіскупам Магілёўскім[4]. Архібіскупства складалася з касцёлаў цэнтральнай частцы Расійскай імперыі, а таксама Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губерняў. Кацярына II абапіраючыся на С. Богуш-Сестранцэвіча, для якога дамаглася ад Папы права на знак кардынала, процідзейнічала пашырэнню ўплыву Ватыкана на Усходзе[4]. Спачуваў паўстанню 1794 года. ![]() З 1798 года і да канца жыцця жыў у Санкт-Пецярбургу. З 1798 года — мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі, з 1801 — старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі. Памёр на 96 годзе жыцця. Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава[3]. Да канца жыцця заставаўся архібіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расіі, адміністратарам Віленскай вакантнай епархіі, старшынёй рымска-каталіцкай духоўнай калегіі. Уласную маёмасць завяшчаў сваякам. Бібліятэку (3 тысяч тамоў), грашовыя сродкі (20 тысяч рублёў), навуковыя рэчы і прылады — касцёлу Св. Станіслава ў Пецярбургу. Дом у Магілёве — Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі. Слуг архібіскупа спадкаемцы мусілі вызваліць з прыгону. Кавалер ордэнаў Андрэя Першазванага, Аляксандра Неўскага, крыжоў Уладзіміра Вялікага і Ганны першай ступені, Белага арла, Святога Станіслава і Іаана Іерусалімскага. Дзейнасць і творчасць![]() Быў прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, спрыяў адкрыццю школ, развіццю кнігавыдавецкай справы. Заснаваў Магілёўскую друкарню (1774), дзе выдавалася духоўная і свецкая літаратура, урадавыя пастановы. У 1783 годзе ў Магілёве адкрыўся заснаваны архібіскупам тэатр, кіраўніком якога быў А. Жукоўскі, мастаком — А. Главацкі. Паспяховая вёў гаспадарчую дзейнасць, заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі дывановыя майстры, меў аранжарэю ў Буйнічах. Аўтар вершаў, казанняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), а таксама трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788). У рукапісах засталіся паэмы «Выратаваны кароль» і «Аб узяцці Ачакава». Апекаваў навуцы, сам працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш. Выбіраўся членам Імператарскай Акадэміі навук, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1813—1823 гадах старшыня Вольнага эканамічнага таварыства[4]. У 1813 годзе часова быў прэзідэнтам Імператарскай Акадэміі навук. Трымаўся «заходнерускіх» поглядаў[3]. У 1793 годзе выдаў у Магілёве сваю гістарычна-краязнаўчую працу «O Rosji zachodniej» (польск.), якая стала першай «ластаўкай», абвясціўшай аб з’яўленні «западно-русизма», ён разгледзеў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх. У гэтай невялікай кніжцы сфармуляваны асноўныя пастулаты ідэалогіі «западно-русизма»: беларускія землі са старажытных часоў былі складанай часткай адзінай рускай зямлі, беларусы — частка адзінага «рускага племені», якая мае толькі некаторыя адметнасці ў сувязі з яе гістарычным лёсам; падзелы Рэчы Паспалітай аднавілі страчанае адзінства рускіх земляў. Абгрунтаванне для свайго гістарычнага міфа С. Богуш-Сестранцэвіч чэрпаў з тагачаснай расійскай гістарычнай думкі, не прэтэндуючы на распрацоўку ўласнай гістарычнай канцэпцыі. Аўтар «Гісторыі Таўрыды» (т. 1-2. Брауншвейг, 1800, руск. перакл. СПб., 1806), «Гісторыі сарматаў і славян» (т. 1-4. СПб., 1812). Таксама, магчыма, С. Богуш-Сестранцэвіч быў аўтарам «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам[3]. Праца не публікавалася, а рукапіс не знойдзены. А. Мальдзіс, а за ім Г. Каханоўскі, выказвалі думку, што пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская, аднак С. Запрудскі паказаў, што ў раздзеле пра літоўскую мову сваёй «Гісторыі сарматаў і славян» С. Богуш-Сестранцэвіч дае словы ugnis, akis, wodas, bailus, bruwis, то-бок пад «літоўскай мовай» разумее менавіта літоўскую[6]. Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты. Галерэя
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia