Стралічава
Стралі́чава[1] (трансліт.: Straličava, руск.: Стреличево) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Стралічаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 7 км у напрамку на поўдзень ад горада Хойнікі[2], за 110 км ад Гомеля[2], за 12 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі[2], за 2 км на ўсход ад аўтамабільнай дарогі Р35[3]. ГісторыяКарона Каралеўства Польскага![]() Вёска ці не ўпершыню згадана ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на 1581 год як слабада Стралічаў[A] Астраглядаўскага маёнтка пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага. З яе чатырох дымоў асадных сялян выбіралася па 15 грошаў, з аднаго агародніка, у залежнасці ад акалічнасцяў, — па 4-6 грошаў падатку[4]. Ад гэтага часу і да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Стралічаў належаў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[5]. 30 сакавіка 1590 года пан Ш. Харлінскі выступіў з пратэстам у Кіеўскім гродскім судзе супраць дзеянняў старосты чаркаскага князя Аляксандра Вішнявецкага і губернатара яго Брагінскага маёнтка Кірыяна Вайніловіча, за насланне падданых брагінскіх на сёлы Стралічаў і Дворышча, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, збіццё і калечанне людзей, забранне коней і быдла, пашкоджанне камораў, учыненне розных гвалтаў[6]. 18 сакавіка 1614 года ў тым жа судзе складзены дэкрэт па справе пана Мікалая Харлінскага да князя Адама Вішнявецкага за тое, што яго людзі падданых стралічаўскіх на дарозе dobrowolney схапілі, да Брагіна адвялі, звязнілі, а коней і рэчы затрымалі[7]. 12 чэрвеня 1618 года Мікалай Харлінскі праз суд запатрабаваў ад брата Юрыя Харлінскага вяртання яго падданых з вёскі Стралічаў, збеглых да Бышава. Месяцам раней М. Харлінскі дамагаўся вяртання збеглых стралічаўцаў ад пана Мікалая Францкевіча Радзімінскага, уладальніка вёскі Масаны. 7 чэрвеня 1623 года датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родзічаў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[8]. ![]() У 1627 годзе пані Гальшка (Гелена) Харлінская склала тэстамент, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі ў пасэсію да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча[9], жанатага з яе дачкой Евай. Згодна з тарыфам падымнага падатку, у 1628 годзе пан М. Абрагамовіч з васьмі дымоў (×6 — каля 48 жыхароў) сяла Стралічава мусіў плаціць па тры злотыя[10]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 30 дымоў сяла Стралічава Хойніцкай воласці князя Шуйскага выплачвалася 5 злотых; у другі раз — 5 злотых з 5 дымоў[11]. У судовых актах, датаваных 22 днём лютага — 20 жніўня 1686 года і 20 снежня 1688 года маюцца звесткі пра тое, як пан Дамінік Абуховіч наслаў сваіх людзей і казакоў на вёскі Стралічаў, Руднае і Навасёлкі пана пісара берасцейскага Канстанціна Шуйскага; яны ж сялян тамтэйшых збілі, скалечылі, а быдла рознае да яго маёнтку Тульгавічы забралі. За рабункі і гвалт адказчык пан Д. Абуховіч мусіў заплаціць пацярпеламу пану К. Шуйскаму 18 900 польскіх злотых, чаго, аднак, не зрабіў. Быў асуджаны на вечную баніцыю, што і актыкавана ў Мазырскім гродскім судзе[12]. ![]() На 1698 год, як тое вынікае з інвентара маёнтка Хойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім у кіраванне пана Зыгмунта Шукшты, у Стралічаве было 18 двароў, гаспадар аднаго з якіх памёр. Паводле рэвізіі 1716 года, налічвалася ўжо 38 гаспадарак, тры з іх былі вызваленыя ад асноўных павіннасцей (słoboda), таму выплачвалі хіба ачковае — грашовую даніну за валоданне пасекай. Згодна з інвентаром 1721 года, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму, у Стралічаве было 37 гаспадарак, якія, акрамя дзякла, плацілі чыншу 162 злотыя, ачковага 30 злотых, 22 з паловай грошы, паншчыну адпрацоўвалі ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да св. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масцілі, з падводамі ездзілі. На той час у Стралічаве існаваў і фальварак, а сярод местачковых яўрэяў названы Лейба Стралічаўскі. Прозвішчы жыхароў — Баран, Курыленка, Сідарок, Фурс, Кісель, Міхедзенка, Дзянісенка, Бондар, Бандарэнка, Сцепаненка, Тарасюк (Тарасенка), Драздэнка (Drozdonko), Стукачык, Мінчук, Гоман, Ігнаценка (Ігнатко), Мякен(ь)кі (Мяккі), Пінчук, Чэркас, Турчын, Табачны, Корзун[13]. Паводле тарыфа падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1734 года, Стралічаў у складзе Хойніцкай воласці належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму[14]. У 1748 годзе Стралічаў названы ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх (шляхта) належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[15]. На 1754 год у Стралічаве налічвалася 57 двароў (прыкладна 342 жыхары), з якіх да Оўруцкага замка выплачвалася 8 злотых, 26 грошаў, на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства 35 злотых і 14 грошаў[16]. Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у сяле Стралічаў жылі адпаведна 10, 4 і 6 чалавек (głowy), плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала[17]. Убыванне колькасці яўрэяў магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 года, адгалоскі якой дасягалі і гэтых мясцінаў. ![]() 20 жніўня 1776 года апекуны Людвікі Шуйскай, пасэсары добраў Хойнікі і Астраглядавічы князі Шуйскія, старосты ніжынскія, абвінавачвалі ў Оўруцкім гродскім судзе пяцігорскага палкоўніка Міхала Ракіцкага, дзедзічнага ўладальніка Брагінскага маёнтка, і пасэсара вёскі Мокіш пана Міклашэвіча, у тым, што сяляне мокішскія пакасілі стралічаўскія сенажаці, вялікія шкоды ўчыніўшы[18]. У 1777 годзе ў Стралічаве ўзведзены новы драўляны будынак Свята-Міхайлаўскай царквы[19][B]. 12 верасня 1785 года ў Оўруцкім гродзе з’явілася скарга, пададзеная сужэнствам Каралем і Людвікай з князёў Шуйскіх Прозарамі на пана Аслоўскага, які па-хуліганску наехаў на сяло, людзей напалохаў ды разагнаў па палях[21]. Расійскай імперыяУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стралічаў апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[22]. У «Камеральном описании… Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 года, Стралічаў названы сярод паселішчаў у складзе Хойніцкіх добраў Людвіка Прозара[C], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[23]. Паводле рэвізіі 1795 года, эканомам у фальварку Стралічаў служыў па кантракту шляхціч Габрыель, сын Яна, Дамброўскі[24]. Сяло мела 81 двор з 330 душамі мужчынскага і 304 жаночага пола прыгонных сялянаў. Яшчэ тут жылі вольныя людзі, «именуемые бояре или земяне.., платящие чинш», Васілеўскія[D], якіх усяго — 8 мужчын і 10 жанчын[25]. ![]() З 1808 года прыходскім святаром Міхайлаўскай царквы ў Стралічаве[E] пачаў служыць Антоній Іванаў Гашкевіч[26], бацька будучага дыпламата і мовазнаўца Іосіфа. На 1811 год у гэтым сяле пані Людвікі Прозар налічваўся 81 двор з 240 душамі прыгонных «мужеска пола»[F][27]. 28 лютага 1812 года фальварак Стралічаў разам з сялом і ўсімі ўгоддзямі аддадзены ў трохгадовую арэнду за плату ў 2550 рублёў серабром штогод сужэнству Францішку і Людвіцы Каперніцкім[28]. У кастрычніку 1833 года стралічаўскі святар Антоній Гашкевіч і панамар Пётр Леановіч звярнуліся з «нижайшим прошением» да епіскапа Мінскага і Гродзенскага Яўгенія, «припадая к стопам… Преосвященства», абы прызначыў ім жалаванне. Хлебная ссыпка бо на іх утрыманне не паступала, з-за беднасці прыхаджанаў ўсе царкоўныя трэбы выконваліся без усялякага ўзнагароджання, царкоўная зямля без угнаенняў, якіх ніяк не здабыць, зусім не радзіла. А ў іх жа сем’і; у святара сыны яшчэ і вучыліся[29]. Па смерці ад чахоткі ў жніўні 1836 года А. Гашкевіча[30] прыход прыняў святар Якаў Мікалаеў Змаровіч, ажаніўшыся з дачкой нябожчыка Ганнай[31]. Інвентар Хойніцкага маёнтку 1844 году засведчыў прыналежнасць фальварка і сяла Стралічаў пану Уладзіславу Прозару[32]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 480 жыхароў Стралічава абодвух полаў былі прыхаджанамі Міхайлаўскай царквы[33]. У парэформенны перыяд Стралічаў — у Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года ў сяле было 224 гаспадакі сялян-уласнікаў, прыпісаных да Стралічаўскага сельскага таварыства[34]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Міхайлаўскай царквы названыя настаяцель а. Раман Гласко, в. а. штатнага псаломшчыка Фёдар Мігай і звышштатны Іван Загароўскі, просфірня Еўфрасіння Бабарыкіна. Да прыходу, акрамя Стралічава, належалі Губарэвічы, Руднае і Навасёлкі.[35]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 1015 мужчын і 1120 жанчын. Настаяцелем з 1 студзеня 1877 года, пасля спачыну зяця Р. Гласко[G], зноў стаў а. Якаў Змаровіч[36]. У 1886 годзе ў сяле 66 двароў, 537 жыхароў, вятрак і конны млын[37]. Увесну 1905 года ў жыхароў Стралічава «возникли недоразумения» ў дачыненнях з адміністрацыяй аднайменнага маёнтку ганаровага грамадзяніна М. П. Аўраамава з прычыны таго, што сяляне пачалі свавольна выпасаць жывёлу на зямлі памешчыка, уважаючы яе сваёй. 23 мая, на загад мінскага губернатара, сюды прыбыла 13-я рота 316 пяхотнага Вышневалоцкага палка. 25 мая ўсе спробы арыштаваць зачыншчыкаў з ліку 300 бунтаўнікоў (амаль уся вёска), як і каманда жаўнерам «на изготовку» нібы для пачатку страляніны, скончыліся безвынікова. У наступныя дні, пасля пагаднення бакоў аб карыстанні пашамі, хваляванні супакоіліся[38]. На 1909 год у сяле Стралічаў 162 двары, 1036 жыхароў, у аднайменным хутары 4 двары, 41 жыхар[39]. Найноўшы час9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міра з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Стралічаў у складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[40]. ![]() 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучана да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў Стралічаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) налічвалася адпаведна 65 і 125 вучняў[41]. З 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Стралічаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 года Палескай вобласці БССР. Арганізаваны саўгас «Стралічава». У 1930 годзе створаны калгас «Пралетарый», працавалі вінакурня, вятрак, дзве кузні, цагельня, стальмашня, шорная майстэрня. У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнік У. І. Табачны). 200 вяскоўцаў загінулі на франтах. Пасля скасавання Палескай вобласці 8 студзеня 1954 года Хойніцкі раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці. Тады ў Стралічаве існавала сямігадовая школа[42]. Насельніцтва
Інфраструктура
Памятныя мясціны
Вядомыя асобы![]()
Заўвагі
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia