Чачора (прыток Сажа)
Чачора — рака ў Кармянскім, Буда-Кашалёўскім і Чачэрскім раёнах Беларусі, правы прыток ракі Сож (басейн Дняпра). Даўжыня ракі 56 км. Плошча вадазбору 551 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,2 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7 ‰. НазваНазва Чачора балцкага паходжання. Гідранімічныя аналагі — літоўскія рэкі Kek-upys, Keklys[2]. Рэкі з назвамі Чачора (Kek-, -r-) ёсць таксама на Падзесенні, Верхнім Павоччы, Верхнім Паволжы[3]. У іншых балцкіх гідронімах корань Kek- пашыраны іншымі пашыральнікамі, як у назвах Чэчэна, Чэчэта або Чэчэль (-n-, -t-, -l-)[4]. Усе гэтыя назвы, уключна з назвай Чачоры, звязваюць з літоўскім kekė «гронка (арэхаў, ягадаў, кветак)», kekulas «камяк», прускім kekars «гарох» (у гарохавым струку шмат гарошынак). Яны маюць шырокія індаеўрапейскія адпаведнікі[5]. Блізкім чынам матываваныя і назвы тыпу Рэста, Рэкта, Рэхта і пад. Яны звязаныя з балцкім абазначэннем арэха (літ. riešutas, лат. rieksts, пруск. reisis) і далей з літоўскім rišti, прускім *ristun "звязваць" (арэхі растуць "звязкамі", гронкамі)[6][7]. Ва ўсіх гэтых выпадках рачныя назвы матываваныя семантыкай ушчыльнення ў выніку сціснутасці. У балцкай гідраніміі нярэдка ёсць, калі водныя назвы нясуць значэнне "сціскання" (Жлобін, Горадзен і інш.). Мяркуецца, што назвы з семантыкай "сціскання" адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера[8]. ВодаапісаннеАсноўныя прытокі — Дулепа, Любіца (справа), Глыбокая (злева). На рацэ знаходзіцца вадасховішча Меркулавічы. Пачынаецца за 2 км на паўночны усход ад вёскі Лесавая Буда Кармянскага раёна, вусце на ўсходняй ускраіне горада Чачэрск. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Разводдзе звычайна з 2-й дэкады сакавіка да пачатку 3-й дэкады красавіка. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шырынёй 0,5—0,6 км. Схілы пераважна адкрытыя, умерана стромкія і спадзістыя; іх вышыня 7—10 м, месцамі да 15 м. Пойма двухбаковая (шырыня 200—500 м), асушаная, лугавая, асобныя ўчасткі параслі хмызняком. Рэчышча каналізаванае; яго шырыня 3—6 м у верхнім цячэнні, 7—10 м у сярэднім і да 15 м у ніжнім. Берагі вышынёй 1—1,5 м. Прымае сцёк з сеткі меліярацыйных каналаў. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia