21-я горная дывізія СС «Скандэрбег» (1-я албанская)
21-я горная вафен-дывізія СС «Скандэрбег» (ням.: 21. Waffen-Gebirgs-Division der SS „Skanderbeg“ (albanische Nr.1)) — горнастралковая дывізія Вафен-СС нацысцкай Германіі, якая была сфарміравана з албанскіх добраахвотнікаў і існавала з мая па лістапад 1944 года. Ядро дывізіі складаў батальён албанскіх калабарацыяністаў, якія змагаліся супраць югаслаўскіх партызан ва Усходняй Босніі яшчэ ў складзе 13-й горнай дывізіі СС «Ханджар». Апроч албанцаў-мусульман, у дывізіі неслі службу югаслаўскія фольксдойчэ, якія займалі пасады малодшых і старшых афіцэраў. 21-я дывізія была названа ў гонар албанскага нацыянальнага героя Скандэрбега, які на працягу звыш 20 гадоў паспяхова адбіваў напады Асманскай імперыі на Албанскае княства ў XV стагоддзі. Нягледзячы на статус дывізіі, падраздзяленне СС «Скандэрбег» па колькасці не перавышала 7 тысяч чалавек, што прыкладна адпавядала колькасці адной брыгады вермахта. Албанцы ўдзельнічалі ў некалькіх малазначных аперацыях вермахта на Балканах: падчас аперацыі «Драўфгенгер» у Чарнагорыі ўлетку 1944 года «Скандэрбег» ахоўваў шахты па здабычы хрому ў Косаве, аднак пры нападзе партызан дывізія была разбіта, а яе выжылыя ваеннаслужачыя дэзерціравалі ці патрапілі ў палон да партызанаў. У канцы 1944 года ў склад дывізіі ўключылі маракоў крыгсмарынэ, скараціўшы колькасць этнічных албанцаў да 500 чалавек. Падчас Косаўскай аперацыі ў лістападзе дывізія разгромлена. Фармальна яна была расфарміравана 1 лістапада 1944 года, салдат перавялі ў 7-ю горную дывізію СС «Прынц Ойген». 21-я дывізія СС была вядомая на Балканах сваімі ваеннымі злачынствамі супраць неалбанскага грамадзянскага насельніцтва (галоўным чынам супраць яўрэяў і сербаў). Так, у маі 1944 года албанскімі эсэсаўцамі ў Прышціне быў арыштаваны 281 жыхар яўрэйскага паходжання, усе арыштаваныя кінуты ў канцлагер Берген-Бельзен, дзе памерлі ад знясілення ці былі забіты аховай. Ваеннаслужачым дывізіі таксама прыпісваюцца шматлікія згвалтаванні жанчын і забойствы сербаў у Косаве і Мятохіі. Камандзір дывізіі брыгадэфюрар СС Аўгуст Шмітгубер у 1947 годзе быў асуджаны ў Бялградзе за ваенныя злачынствы і пакараны смерцю. Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia