У снежні 2006 года, пасля пакарання смерцю Садама Хусейна праз павешанне, што выклікала абурэнне ў яго прыхільнікаў, была створана суфійская арганізацыя «Армія людзей накшбандзійскага ордэна» (прадстаўнікі тарыката Накшбандзія)[3]. Падчас праўлення Хусейна суфіты займалі добрае становішча[3][4]. У першыя гады пасля падзення ўлады баасістаў і акупацыі Ірака суфіты не ўдзельнічалі ў маштабным суніцкім супраціве, у якім дамінавалі салафіты. Баявыя групы, звязаныя з Аль-Каідай, нападалі на суфітаў і іх святыя месцы, знішчалі магілы суфійскіх святых. Аднак часам суфіты і салафіты дзейнічалі сумесна — падчас бітвы за Эль-Фалуджу ў 2004 годзе, калі горад кантраляваў «Савет шуры муджахідаў», які прадстаўляў саюз салафітаў, суфітаў і баасістаў. Пасля нарастання хаосу і ўзроўню гвалту ў Іраку суфіты сталі скардзіцца на напады з боку шыітаў і ўзялі ў рукі зброю. З 2005 года пачалося фарміраванне суфійскіх узброеных груп[3].
Гісторыя
НКДВ створана 3 кастрычніка2007 года, у яго склад увайшлі 23 баявыя групы[5], у тым ліку найбуйнейшая суфійская паўстанцкая арганізацыя «Армія накшбандзійскага ордэна»[6]. Аб’яднанне ўзначаліў Ібрагім Ізат ад-Дуры, былы старшыня Савета рэвалюцыйнага камандавання і сакратар Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (Баас).
У сваёй першай заяве «Найвышэйшае камандаванне» звярнулася да ЗША з патрабаваннямі: прызнаць арганізацыі супраціву адзінымі законнымі прадстаўнікамі Ірака, вывесці войскі з тэрыторыі Ірака, спыніць забойствы і разбурэнні, вызваліць зняволеных, кампенсаваць Іраку страты ад акупацыі[5].
У снежні 2011 года, у сувязі з вывадам замежных войск, кааліцыя баевікоў самараспусцілася, але ўжо праз тры гады аднавіла сваю дзейнасць
У гэты момант «Найвышэйшае камандаванне» стала ідэалагічным праціўнікам «Ісламскай дзяржавы». Першае выступае за свецкую дзяржаву ў міжнародна прызнаных межах Іраку, у той час як ІД імкнулася стварыць салафіцкі халіфат на тэрыторыі некалькіх дзяржаў. Ад-Дуры асуджаў дзеянні баевікоў па выгнанні хрысціян з Масула і пераследу езідаў, забараняючы сваім байцам нападаць на грамадзянскіх асоб незалежна ад іх этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці[7]. Аднак агульная варожасць да ЗША і новых уладаў прымушала іх у шэрагу выпадкаў супрацоўнічаць. Так, «Найвышэйшае камандаванне» разам з ІД прымала ўдзел у штурме Масула падчас летняга наступлення ІД на поўначы Ірака ў 2014 годзе[7][8].
Станам на 2015 год «Армія людзей накшбандзійскага ордэна», якая з’яўлялася асновай «Найвышэйшага камандавання», лічылася найбольш моцнай і ўплывовай паўстанцкай арганізацыяй у Іраку пасля ІД[7].
Мэты
У 2007-м «Найвышэйшае камандаванне» выклала шэраг з васьмі умоў для правядзення перамоваў з амерыканскімі ўзброенымі сіламі[9]:
Афіцыйна прызнаць патрыятычны супраціў і ўсе патрыятычныя, арабскія нацыяналістычныя і ісламісцкія арганізацыі супраціву ва ўсіх іх узброеных і грамадзянскіх арганізацыях адзіным законным прадстаўніком Ірака і яго народа.
Афіцыйна аб’явіць аб безумоўным вывадзе войск з Ірака.
Спыніць рэйды, пераслед, забойствы, разбурэнні, сабатаж, высяленне і выгнанне і вывесці акупацыйныя войскі з усіх населеных пунктаў.
Вызваліць усіх зняволеных і затрыманых без выключэння і пакрыць ім страты.
Вярнуць на службу іракскую армію і сілы нацыянальнай бяспекі, якія былі абвешчаны распушчанымі амерыканцамі падчас іх уварвання ў 2003 годзе. Яны павінны быць адноўлены ў адпаведнасці з правіламі і традыцыямі, якія дзейнічалі да амерыканскага ўварвання, і яны таксама павінны атрымаць кампенсацыю.
Пакрыць Іраку ўсе матэрыяльныя і маральныя страты і шкоду, нанесеныя краіне акупацыяй.
Адмяніць усе законы, дэкрэты і іншыя заканадаўчыя акты, выдадзеныя пасля акупацыі.
Правесці прамыя перамовы з супрацівам аб рэалізацыі праграмы выканання прынцыпаў, якіх прытрымлівалася Найвышэйшае камандаванне.
Кіраўніцтва
На 2007 год, акрамя прызначэння ад-Дуры кіраўніком групоўкі, Найвышэйшае камандаванне джыхаду і вызвалення таксама прызначыла ў свой Генеральны штаб яшчэ некалькіх чалавек[10]:
Генерал-лейтэнант Амір Мухамад Амін (намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючага па ваенных пытаннях)