Прыватныя ваенныя кампаніі ў Іракскай вайне

Супрацоўнікі ПВК FDG, Эль-Фалуджа, правінцыя Анбар, 17 верасня 2006 года.

Удзел прыватных ваенных кампаній (ПВК) у Іракскай вайне (2003—2011) быў неабходны для абароны заходніх інвестыцый і праграмы аднаўлення інфраструктуры. Фірмы прыцягваліся яшчэ на этапе падрыхтоўкі ўварвання ЗША і іх саюзнікаў. Нават пасля вываду замежных войск яны працягнулі гуляць значную ролю ў палітыка-эканамічнай сістэме краіны. Супрацоўнікі кампаній займаліся аховай важных персон і аб’ектаў, матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкай войск кааліцыі, навучаннем і падрыхтоўкай іракскіх сілавікоў, у пэўных выпадках прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. Пікавая колькасць прыватнікаў дасягала 163—180 тыс. чалавек, сярод якіх былі грамадзяне шматлікіх краін свету. Усяго ў «гарачым месцы» працавала ад 93 да 610 фірм. Дзейнасць наймітаў у Іраку ацэньваецца неадназначна з-за розных інцыдэнтаў, выпадкаў карупцыі, спрэчнай эфектыўнасці і ўшчамлення суверэнітэту дзяржавы.

У літаратуры па тэме супрацоўнікі ПВК могуць пазначацца як «кантрактнікі»[a], «прыватнікі», «найміты» і «наёмнікі».

Гісторыя

Працэс дзяржаўнага будаўніцтва ў Іраку з самага пачатку сутыкнуўся са значнымі цяжкасцямі. Часовай кааліцыйнай адміністрацыі выпала задача, па сутнасці, зноўку пабудаваць палітычную і эканамічную сістэму краіны. Пры гэтым сітуацыя ў сферы бяспекі заставалася вельмі напружанай — падзенне рэжыму Садама Хусейна і памылкі ў дзеяннях акупацыйнай адміністрацыі і кіраўнічага савета спрыялі росту паўстанцкага руху. Ірак стаў прытулкам для Аль-Каіды і іншых міжнародных тэрарыстычных арганізацый. У дадзенай абстаноўцы кааліцыя прыняла рашэнне прыцягнуць прыватнікаў[1].

Шмат у чым гэтаму паспрыялі крокі, прадпрынятыя міністрам абароны ЗША Дональдам Рамсфелдам. Напярэдадні вайны ён узяў курс на скарачэнне амерыканскіх УС для іх аптымізацыі. Як вынік, падчас масавых марадзёрстваў у Багдадзе, якія рушылі за падзеннем урада Садама Хусейна, вайскоўцы не змаглі эфектыўна падтрымаць парадак з-за недахопу людзей. На войскі ўзрасла нагрузка, асабліва цяжка адчувала сябе пяхота. Каб прадухіліць перанапружанне ўзброеных сіл пры адпраўцы велізарных кантынгентаў у Ірак, урад звярнуўся да кантрактнікаў[2]. Апроч таго, адміністрацыя прэзідэнта Джорджа Буша-малодшага недаацаніла колькасць неабходных для стабілізацыі войск[3]. Іншымі аспектамі, якія выклікалі прыцягненне наймітаў, сталі абмежаванні Кангрэса ЗША на колькасць кантынгентаў рэгулярнай арміі і нежаданне адміністрацыі Буша мець справу з патэнцыяльнымі палітычнымі наступствамі ад прызыву Нацыянальнай гвардыі і рэзервістаў[4].

ПВК былі ўцягнутыя ў вайну яшчэ на падрыхтоўчым этапе: база арміі ЗША ў Катары — стартавая пляцоўка ўварвання, была пабудавана, абслугоўвалася і ахоўвалася прыватнікамі. У ходзе пачатковых баявых дзеянняў кантрактнікі былі задзейнічаны на абслугоўванні складаных сістэм узбраення. Яны кіравалі бамбардзіроўшчыкамі B-2, танкамі Abrams і баявымі беспілотнікамі Global Hawk  (англ.). Кіраўнік часовай кааліцыйнай адміністрацыі Пол Брэмер супраціўляўся з’яўленню ваенных кампаній у Іраку. Аднак і ён не мог абысціся без паслуг наймітаў; яны былі патрэбны для абароны заходніх інвестыцый і праграм аднаўлення інфраструктуры[5]. Першапачаткова прыватнікаў наймалі для аховы амерыканскай дыпмісіі[6].

З 2009 года дзейнасць замежных ПВК у Іраку патроху стала згортвацца. Прычынай гэтаму з’явіўся цэлы шэраг абставінаў. Грошай на тэндары для прыватнікаў сталі вылучаць менш, а іракскі ўрад атрымаў вялікія правы ў распараджэнні ўласным бюджэтам. Таму набор замежных спецыялістаў скараціўся, бо сталі набіраць за меншыя заробкі іракцаў. Да таго ж з 1 студзеня 2009 года работнікі ПВК апынуліся пад юрысдыкцыяй іракскіх судоў[7]. У пачатку 2012 года афіцыйны Багдад адмовіўся выдаваць візы і дазволы на працу замежным грамадзянам-работнікам ПВК. Гэта абцяжарыла дзейнасць прыватнікаў, і нават умяшанне офісных органаў ЗША не дапамагло выправіць сітуацыю[8]. Тым не менш, прысутнасць фірм пашыралася, асабліва ў «зялёнай зоне» Багдада  (ар.)[b], бяспекай якой раней займаліся англа-амерыканскія войскі[9].

Нават пасля Іракскай вайны, у тым ліку ў перыяд грамадзянскай вайны 2012—2017 гадоў і ў наступны час, ПВК працягвалі гуляць істотную ролю. Без іх прысутнасці ў Іраку цяжка прадставіць дзейнасць буйнога заходняга бізнесу. Яны гуляюць істотную ролю ў функцыянаванні крытычнай інфраструктуры — Багдадскага аэрапорта, шашы Аман—Багдад. Найміты таксама падтрымліваць баяздольнасць іракскіх войск[10].

Катэгорыі

Супрацоўнік Blackwater на ахове прадстаўнікоў Дзярждэпартамента ЗША ў «зялёнай зоне» Багдада, 6 снежня 2007.

Па сферах дзейнасці даследчыкі ПВК Петэр Сінгер  (англ.)[11] і Дэвід Айзенберг[12] падзялілі фірмы ў «гарачым месцы» на наступныя катэгорыі:

  • Ваенныя баявыя кампаніі — фірмы, чый персанал здольны да вядзення баявых дзеянняў. Іх было няшмат, але менавіта яны атрымлівалі найбольшую вядомасць. Сярод такіх: Executive Outcomes і Sandline  (англ.).
  • Ваенныя кансалтынгавыя кампаніі займаліся навучаннем і кансультаваннем іракскіх сілавікоў. З цягам час іх паслугі пашырыліся да сферы асабістай бяспекі. У якасці прыкладаў — Blackwater[c], MPRI  (англ.), DynCorp  (англ.) і SAIC.
  • Кампаніі ваеннай падтрымкі аказвалі небаявую дапамогу і садзейнічанне, напрыклад, абслугоўванне зброі, тэхнічную падтрымку, абясшкоджванне выбухованебяспечных прадметаў, разведку, збор і аналіз даных. Да гэтай катэгорыі адносяцца Custer Battles  (англ.), Erinys Iraq  (англ.), Diligence LLC, Global Risk Strategies і іншыя.

У калектыўнай працы супрацоўнікаў Цэнтра міжземнаморскіх даследаванняў і факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі апісаны наступныя групы кампаній[13]:

  • Падтрымка ваеннай і дыпламатычнай прысутнасці (Triple Canopy  (англ.), Aegis Defence Services  (англ.), SOC і іншыя).
  • Ахова інфраструктуры і радовішчаў (Olive Group, Restrata, G4S  (англ.) і іншыя).
  • Навучанне і падрыхтоўка іракскіх сілавікоў (MPRI, DynCorp, Vinnell  (англ.) і іншыя).

Брытанскі спецыяліст аналізу рызык са спецыялізацыяй у галіне міжнародных адносін і палітыкі Клемент Тракаль падзяліў прыватнікаў наступным чынам[3]:

  • Узброеная работа: асабістая бяспека, бяспека аб’ектаў, бяспека канвояў.
  • Няўзброеная работа: аператыўная каардынацыя, збор і аналіз разведаных, навучанне.

Кантроль

Парэдні план, злева направа: Аяд Алаўі, Пол Брэмер і Газі Аджыль аль-Явер пасля афіцыйнай цырымоніі перадачы ўлады ад акупацыйнай адміністрацыі часоваму ўраду, Багдад, 28 чэрвеня 2004 года. Ззаду іх мужчыны ў кашулях з кароткім рукавом — байцы ПВК Blackwater.

На ранніх этапах вайны ў Іраку кампаніі знаходзіліся ў жорсткай канкурэнцыі за кантракты, а таму не жадалі дзяліцца з ваеннымі сваімі данымі. З ростам паўстанцкага руху і страт сярод ПВК сітуацыя змянілася. Узброеныя сілы ЗША атрымалі магчымасць адсочваюць месцазнаходжанне ўсіх падрадчыкаў і рэагаваць, калі яны знаходзіліся ў бядотным становішчы. Дзякуючы сістэме, створанай кампаніяй Aegis Defence, вайскоўцы маглі сачыць за кожным канвоем кантрактнікаў, але толькі за тымі, якія мелі транспондэр  (руск.)[14].

Спачатку фірмам дазвалялася мець толькі лёгкае стралковае ўзбраенне для самаабароны і абароны кліентаў. З цягам часу арсенал наёмнікаў папоўніўся гранатамі і гранатамётамі[15]. У Іраку правілы часовай адміністрацыі ўводзілі абмежаванне для кантрактнікаў; ім дазвалялася ўзбраенне калібрам да 7,62 мм. Але некаторыя ПВК, якія ахоўвалі замежных падрадчыкаў і важныя аб’екты, патрабавалі права насіць больш магутную зброю, а таму яны карысталіся правіламі арміі ЗША. Паводле іх, падрадчыкам, якія выконваюць баявыя дапаможныя паслугі, дазваляецца насіць любую зброю[16].

Першапачаткова кожная фірма, незалежна ад таго, дзе знаходзілася яе штаб-кватэра, працавала па кантрактах урада ЗША і павінна была адпавядаць амерыканскаму заканадаўства. У чэрвені 2003 года быў распрацаваны Мемарандум № 17. Дакумент даваў замежным падрадчыкам імунітэт ад іракскага заканадаўства. Мемарандум змяшчаў прыватных падрадчыкаў пад законную ўладу краіны паходжання. У чэрвені 2004 года, за дзень да таго, як акупацыйная адміністрацыя перадала ўладу часоваму іракскаму ўраду, прынята абноўленая версія мемарандума. Паводле паправак, дзеянне дакумента працягнецца да таго часу, пакуль не будзе дасягнута дамоўленасць аб вывадзе замежных войск або пакуль мемарандум не будзе перагледжаны іракскімі заканадаўцамі. На ранніх этапах вайны ПВК дзейнічалі ў рамках трох узроўняў прававой улады: 1) міжнародны парадак законаў і звычаяў вайны і рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН; 2) заканадаўства ЗША; 3) іракскае заканадаўства з папраўкамі, унесенымі загадамі акупацыйнай адміністрацыяй. Калі Ірак вярнуў суверэнітэт, падрадчыкі сталі выконваць любыя новыя законы і правілы, прынятыя ўладамі дзяржавы[17].

Прыватнікі маглі атрымаць кантракты наўпрост ад зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў урадаў ЗША і Вялікабрытаніі (напрыклад, дзяржаўнага дэпартамента ці мінабароны — асноўных кліентаў наймітаў[18]; на 2008 год на іх працавалі 20 кампаній з 10 000 байцамі[19]), розных упраўленняў арміі ЗША, Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, урада Ірака, транснацыянальных кампаній. Работа фірм знаходзілася пад пастаянным кантролем спецслужб, а таму сістэма атрымання дазволу залежала ад іх і «дагавараздольнасці» кампаній. Найбольш паспяховымі ПВК сталі амерыканскія. Яны дзейнічалі на падставе ліцэнзій дзярждэпа (DoS) і Упраўлення па кантролі за гандлем ваеннай прадукцыяй  (англ.) (DDTC)[20].

У наступным Міністэрства ўнутраных спраў Ірака распрацавана шэраг інструкцый і працэдур для прыватнікаў. Фірмы абавязаліся прадстаўляць падрабязную інфармацыю спра сваю працу і сталі размяшчаць спецыяльныя распазнавальныя знакі на транспартных сродках і байцах. Іх таксама прымусілі праходзіць праверку Падатковага дэпартамента Ірака, атрымліваць дазвол, гарантаваць правы сваіх супрацоўнікаў і служачых праз Міністэрства працы і сацыяльнай абароны[21].

Дзейнасць

ПВК і іншыя падрадчыкі спалучалі ўдзел у вырашэнні баявых задач і забеспячэння бяспекі ў канфліктнай зоне (у тым ліку ў рамках стабілізацыі і постканфліктнага ўрэгулявання), удзел у тылавым забеспячэнні, а таксама ў іншых праграмах і праектах эканамічнага характару[22]. Прыкметнай асаблівасцю была тое, што ўсе ўзброеныя фірмы, якія працавалі ў «гарачым месцы», называлі сябе не ваеннымі, а ахоўнымі кампаніямі. Прычынамі гэтага сталі большая публічнасць прыватнікаў у параўнанні з мінулымі гадамі і ўзмацненне ўвагі з боку ААН, прэсы і гуманітарных арганізацый[23].

Спецыяліст DynCorp з іракскімі паліцыянтамі падчас заняткаў па зняцці адбіткаў пальцаў, Калсу, правінцыя Бабіль, 1 мая 2011.

Даследчая служба Кангрэса ЗША  (англ.) адзначала, што прыватнікі аказвалі розныя паслугі, у тым ліку займаліся аховай стацыянарных аб’ектаў (урадавыя будынкі, жылыя масівы, месцы правядзення работ па рэканструкцыі або будаўніцтву і іншае), аховай канвояў, аховай і суправаджэннем груп асоб, асабістай аховай высокапастаўленых чыноўнікаў, аператыўным каардынаваннем (кіраванне цэнтрамі камандавання, кантролю і сувязі), зборам і аналізам разведаных, навучаннем супрацоўнікаў сілавых структур Ірака. Найміты таксама адказвалі за ахову амерыканскіх баз[24]. У дадатак да гэтага кандыдат ваенных навук Мікалай Башкіраў вылучыў таксама ўдзел у баявых дзеяннях і спецыяльных аперацыях (у тым ліку незаконнае здабыванне разведвальнай інфармацыі, усталяванне кантактаў з палявымі камандзірамі ўзброенай апазіцыі), вядзенне авіяцыйнай разведкі, тылавое забеспячэнне войск, паслугі ваенных аналітыкаў і ваенных перакладчыкаў, размініраванне і знішчэнне боепрыпасаў[22]. Брыгадны генерал УС Лівана ў адстаўцы Ахмед Алу, апроч іншага, згадаў яшчэ працу са зняволенымі (затрыманне, расследаванне і гэтак далей), сакрэтныя паслугі для спецслужб (напрыклад, выкананне «бруднай» працы)[25].

Кліенты наёмнікаў пазбягалі раёнаў баявых дзеянняў. Кантрактнікі, суправаджаючы канвоі і розныя асобы ў небяспечных зонах, часцей за ўсё імкнуліся праскочыць на вялікай хуткасці месца магчымай засады. Аднак з ростам масавасці праціўніка, з прымяненнем ім выбуховых прылад і бранябойных боепрыпасаў засады пачалі прыводзіць да разгрому калон[26].

У ахоўным сектары Ірака працавалі ўсе буйныя ПВК. Брытанская Erinys наймала мясцовых жыхароў (15 тысяч чалавек) для абароны нафтаправодаў. AirScan  (англ.) ажыццяўляла паветранае назіранне за нафтаправодамі, якія ахоўвалі патрулі Erinys. Багдадскі аэрапорт абаранялі наёмнікі Custer Battles, потым — GRS (таксама займалася аховай аб’ектаў нафтавай прамысловасці і чыноўнікаў). Кампанія EOD Technology занялася аховай канвояў і кліентаў, а з 2006 года ажыццяўляла ахову амерыканскіх ваенных баз. Аўстралійская OAM наймала выключна ветэранаў аўстралійскага спецназа для праводкі канвояў па вельмі небяспечнай дарозе Багдад—Аман. Кантракты на навучанне іракскіх сілавікоў атрымалі Vinnell і DynCorp. З часам з’явіліся і амерыкана-іракскія фірмы, напрыклад, Sabre, якая працавала на поўдні краіны на ахове нафтавых аб’ектаў. Вялікі кантракт атрымала KBR  (англ.) (больш за 11 млрд долараў). У яго ўваходзіла забеспячэнне амерыканскіх часцей, будаўніцтва і аднаўленне[27].

Як найбольш вядомая і скандальная ў канфлікце адзначылася кампанія Blackwater. Паводле публікацыі Washington Post за 2004 год, фірма прадставіла элітны вайсковы атрад («камандас»). Выданне пазначыла, што дакладна называць байцоў групы не ваеннымі кантрактнікамі, а «салдатамі-наймітамі». ПВК карысталася асаблівым імунітэтам ад амерыканскіх уладаў, так як займалася абаронай супрацоўнікаў ваеннай разведкі[28], замежных чыноўнікаў (у тым ліку Пола Брэмера), дыпламатаў. Першы кантракт быў атрыманы ў 2003 годзе на суму 21 млн долараў, а ўжо ў 2004 — на 320 млн долараў[29].

Сярод шматлікіх заходніх фірм была адна расійская — гэта прыватны адукацыйна-трэніравальны цэнтр «Арыэль», створаны ў 2003 годзе ў Арле. Арганізацыя падпісала кантракты з рознымі расійскімі грамадзянскімі кампаніямі для абароны дзелавых аперацый у Іраку. На базе «Арыэль» паўстала некалькі фірм, найбольш вядомай з якіх стала Moran Security Group (зарэгістравана ў 2011 годзе), у якую ў далейшым працаўладкаваўся Дзмітрый Уткін, будучы сузаснавальнік ПВК «Вагнер»[30].

Кантынгент

Угандыйцы з Triple Canopy падчас праходжання навучання на амерыканскай ваеннай базе ў Іраку, 4 верасня 2011.

У 2004 годзе ў «гарачым месцы» дзейнічала больш за 50[31]—60 ПВК з 30 тысячамі чалавек. Нацыянальны склад быў пярэстым: амерыканцы, непальцы, філіпінцы, перуанцы, французы, немцы, палякі, брытанцы, румыны, калумбійцы, карэйцы, харваты, македонцы і іншыя[15] (паводле ацэнак Пітэра Сінгера, усяго задзейнічаны выхадцы з прыкладна 30 краін[31]). Найбольш запатрабаванымі былі работнікі з Фіджы і былыя гуркхі  (англ.)[d] з Непала[32]. Усяго вылучаюць тры групы прыватнікаў: з краін Захаду, з развіваных краін (іх набіралі для абслугоўвання баз, у якасці кіроўцаў грузавікоў, работнікамі кафетэрыяў на базах і гэтак далей[32]), з Іраку[31]. Наймаць маглі нават дзеючых ваеннаслужачых спецназа, якія фармальна знаходзіліся ў водпуску. Дастаткова распаўсюджаным быў найм ветэранаў Французскага замежнага легіёна, хоць ім даводзілася адчуваць пэўныя цяжкасці ў працаўладкаванні, так як афіцыйны Парыж быў супраць вайны ў Іраку[20].

Станам на 2008 год па кантрактах з урадам ЗША, як паведамлялі афіцыйныя крыніцы, дзейнічалі 93 кампаніі[15]. Няўрадавыя крыніцы называлі лічбу ў 310. Колькасць супрацоўнікаў ПВК у Іраку да канца 2008 года дасягнула 163 446 чалавек (з іх 6467 чалавек — узброеныя супрацоўнікі службы бяспекі, у т. л. каля 1500 амерыканцаў; 1518 з гэтай колькасці — супрацоўнікі Службы бяспекі Дзярждэпартамента, палова якіх амерыканцы[33]), што было толькі крыху ніжэй колькасці амерыканскіх вайскоўцаў у гэтай краіне. У наступным годзе колькасць вайскоўцаў склала 135 600 чалавек, а персаналу ПВК — 132 610. Станам на снежань 2011 года ў Іраку заставаліся 4 100 амерыканскіх ваеннаслужачых і 52 637 кантрактнікаў. Пасля вываду войск ЗША кантынгент ваенна-ахоўных фірм скараціўся да 10 000 чалавек[34].

Па іншай інфармацыі, у краіне на піку працавала 180 000 наёмнікаў, набраных з больш чым 100 краін, у складзе 630 кампаній[35].

Паводле звестак справаздачы Даследчай службы Кангрэса (аўтары: юрыстка Джэніфер Элсі, аналітык па закупачнай палітыцы ў сферы абароны Мошэ Шварц, аналітык па міжнародных адносінах Кенан Х. Накамура), на 31 сакавіка 2008 года нацыянальны склад быў наступным[36]:

Катэгорыя Колькасць амерыканцаў Колькасць іракцаў Колькасць грамадзян іншых краін Усяго
Узброеныя ПВК 367 849 4 396 5613
Няўзброеныя ПВК 148 834 665 1 646
Усяго 515 1 683 5 061 7 259

Пры гэтым насуперак распаўсюджанаму меркаванню, кампаніі бераглі асабісты склад, збольшага з-за вялікай страхоўкі (ад 100 000 долараў за аднаго байца і больш) і адпаведна актыўнага ўдзелу страхавых кампаній пры працаўладкаванні наймітаў і іх наступнай дзейнасці. Таму пры празмерным узрастанні рызык ПВК абмяжоўвалі сваю дзейнасць на небяспечных участках. Так, напрыклад, улетку 2004 года кампанія ArmorGroup  (англ.), страціўшы да дзясятка чалавек забітымі і параненымі ў раёне Масула, палічыла за лепшае прыпыніць аперацыю ў гэтым рэгіёне[37].

Заробак

Стаўкі заработнай платы адрозніваліся ў залежнасці ад вопыту і грамадзянства супрацоўнікаў. Паводле звестак СМІ на красавік 2004 года, кантрактнікі атрымлівалі ад 500 да 1500 долараў у дзень. Да 2008 года памер выплат знізіўся і, у параўнанні з сярэднім заробкам прыватнікаў у свеце, стаў больш нізкім, паколькі колькасць жадаючых накіравацца ў Ірак скарацілася[38].

Ураджэнцы развіваных краін (за выключэннем фіджыйцаў і непальскіх гуркхаў, якія атрымлівалі заработную плату, супастаўную з выхадцамі з Захаду[32]) сталі крыніцай таннай працоўнай сілы для найму людзей на небяспечную працу. Ім плацілі значна менш (2,5—3 тыс. долараў[39]; менш плацілі толькі іракцам[38]), чым амерыканскім і іншым заходнім наймітам (250—500 тыс. долараў на ахове аб’ектаў і раёнаў; 8—9 тыс. долараў і больш для VIP-аховы[39]), зусім няшмат, але для іх гэта выгадная здзелка. Найбольш вялікія кантракты атрымлівалі былыя байцы элітных спецыяльных падраздзяленняў («Марскія коцікі»  (англ.), «Дэльта Форс»  (англ.), «Рэйнджары»  (англ.), гуркхі, SAS  (англ.), «Альфа»  (руск.)), паколькі гэта былі высокакваліфікаваныя і вопытныя прафесіяналы, абсталяваныя адмысловым рыштункам[40].

Пры гэтым для ўсіх катэгорый выплаты былі досыць высокімі[40]. Як пісалі аўтары кнігі «Асаблівасці партызанскіх і супрацьпартызанскіх дзеянняў у ходзе Іракскай вайны (2003—2011)» Алег Валецкі і Уладзімір Няелаў, заробак кантрактнікаў быў больш, чым у вайскоўцаў рэгулярных армій краін кааліцыі (ад 200 да тысячы долараў за баявы дзень, тады як у амерыканскім войску салдаты і сяржанты атрымлівалі ад 1000 да 4000 долараў у месяц[20]). Паказальны выпадак, які меў месца ў маі 2005 года, калі амерыканскія марскія пехацінцы з-за мітусні і блытаніны затрымалі байцоў ПВК Zapata. Вайскоўцы, ахоўваючы захопленых прыватнікаў, даведаліся, што найміты атрымліваюць па 200 тысяч у год. Марпехі здзівіліся, чаму ў дзяржаўных падраздзяленнях, якія выконваюць аналагічныя функцыі, заробак нашмат меншы[41]. Высокі даход зрабіў прыватную службу ў Іраку настолькі прывабнай, што часам вайскоўцы рэгулярных армій звальняліся, каб зарабіць больш грошай на найміцтве[40], тым больш, што праца ахоўнікам нават у «гарачым месцы» не настолькі складаная як воінская служба[37].

Амерыканскае камандаванне, сутыкнуўшыся з адтокам кадраў са спецназа ў ПВК, стала ўсяляк перашкаджаць звальненню вайскоўцаў да заканчэння кантракту[37]. Для ўтрымання кадраў камандаванне спецыяльных аперацый ЗША  (англ.) распрацавала новую сістэму аплаты працы, ільгот і іншых стымулаў[42]. Брытанскае кіраўніцтва прапанавала вайскоўцам, якія жадалі падзарабіць у ПВК, неаплатны адпачынак на год, каб тыя ў рэшце рэшт не пакінулі рэгулярную армію[40][42].

Інцыдэнты

Валецкі і Няелаў сярод вядомых інцыдэнтаў з кантрактнікамі назвалі наступныя[43]:

  • 31 сакавіка 2004 года чацвёра супрацоўнікаў амерыканскай ПВК Blackwater трапілі ў засаду пад Фалуджай і былі забітыя. Нападнікі здзекаваліся над іх целамі і падвесілі на мосце.
  • 4 красавіка 2004 года ў горадзе Эн-Наджаф супрацоўнікі Blackwater і байцы марской пяхоты ЗША ўдала адбілі атаку іракскіх паўстанцаў, але пры гэтым ад дзеянняў байцоў пацярпелі 100 мірных грамадзян.
  • У маі 2005 года па падазрэнні ў нападзе на амерыканскіх вайскоўцаў былі затрыманы байцы Zapata. Як высветлілася, у адной з машын узброенай калоны кампаніі лопнула кола, што было ўспрынята ваеннымі як стрэл.
  • 16 верасня 2007 годзе ў сталічным Багдадзе з-за прыдарожнай спрэчкі байцы Blackwater расстралялі натоўп мірных грамадзян.

Вясной 2004 года прыватнікі адзначыліся ў баявых дзеяннях: 5—6 красавіка падчас шыіцкага паўстання байцы трох кампаній (Triple Canopy, KBR, Control Risks Group  (англ.)) трымалі абарону базы ў г. Эль-Кут  (ар.)[15].

Гісторык і ваенны карэспандэнт Іван Канавалаў  (руск.) таксама пісаў пра інцыдэнт 8 сакавіка 2006 года, калі 50 ахоўнікаў кампаніі Al Rafawid Security былі захопленыя невядомымі ва ўніформе без апазнавальных знакаў у канвоі блізу Багдада, пры гэтым паліцыя назірала і бяздзейнічала. 16 лістапада 2006 года паўстанцы Арміі Махдзі, апранутыя ва ўніформу МУС Ірака, спынілі канвой з 43 машын і выкралі чатырох амерыканцаў і аўстрыйца[44].

Найміты часта абвінавачваліся ў неправамерных дзеяннях, такіх як забойства мірных жыхароў[45]. Як пісаў Айзенберг, найм некваліфікаваных ці дрэнна падрыхтаваных байцоў цягнуў розныя інцыдэнты, напрыклад, удзел у катаваннях у турме Абу-Грэйб[46] супрацоўнікаў ПВК Titan і CACI. Пры тым ніхто з іх не трапіў пад трыбунал з-за няяснасці юрыдычнага статусу і Мемарандуму № 17 акупацыйнай адміністрацыі[26].

Ацэнкі

На думку даследчыка прыватных ваенных кампаній Дэвіда Айзенберга, у цэлым, персанал ПВК паводзіў сябе прафесійна і больш адказна, лепш падладжваўся пад мясцовую культуру, чым рэгулярныя ўзброеныя сілы ЗША. Але спецыяліст адзначаў недастатковую каардынацыю дзеянняў наёмнікаў. Даследчык звязваў гэта з тым, што вайскоўцы ЗША і Вялікабрытаніі не ўсвядомілі, у якой ступені яны стануць залежнымі ад ПВК. Айзенберг таксама закрануў праблему карупцыі і адсутнасці кантролю[47].

Брытанскі спецыяліст аналізу рызык са спецыялізацыяй у галіне міжнародных адносін і палітыкі Клемент Тракаль лічыў Іракскую вайну «найлепшым прыкладам для апісання і ілюстрацыі рэальных роляў ПВК». Як дадаў эксперт, намаганні ЗША ў Іраку не маглі быць рэалізаваны без наёмнікаў. Амерыканскі ваенны каментатар і адстаўны палкоўнік марской пяхоты Марк Касіян падлічыў, што 113 000 прыватнікаў дазволілі амерыканскаму камандаванню не прыцягваць дадаткова ў зону баявых дзеянняў 250 000 вайскоўцаў[3].

Гісторык і ваенны карэспандэнт Іван Канавалаў адзначаў, што гэты канфлікт стаў зорнай гадзінай для кантрактнікаў. У той жа час вайна ў Іраку выразна пазначыла адмоўныя асаблівасці «прыватызацыі вайны»: фірмы дрэнна каардынавалі дзеянні паміж сабой і з войскамі кааліцыі. Часам яны не вольна перашкаджалі правядзенню вайсковых аперацый. Вайскоўцы замежных рэгулярных армій неахвотна прыходзілі на дапамогу прыватнікам[48].

Валецкі і Няелаў ступень эфектыўнасці кантрактнікаў ацанілі нізка. Многія прыватныя кампаніі ў пагоні за грашыма не надавалі належнай увагі мэтазгоднасці тых ці іншых праектаў. Прафесійная этыка і энтузіязм персаналу на практыцы тут далёка не заўсёды вітаўся. Некаторыя фірмы займаліся банальным «адмываннем грошай». Асабліва Валяцкі і Няелаў адзначылі няякасны ўзровень паслуг па навучанні іракскіх вайскоўцаў, што адгукнецца ў 2014 годзе пры наступленні ІДІЛ на поўначы Ірака[49].

Паводле Башкірава, амерыканцы не былі гатовыя да вайны ў Іраку з маштабнай апорай на прыватных падрадчыкаў, з прычыны чаго шкода ад неэфектыўнага расходавання, падману, крадзяжу, карупцыі і іншых фактараў вылічалася мільярдамі. Дзейнасць ПВК была адной з прычын негатыўнага ўспрымання ЗША сярод мірнага насельніцтва. Сцвярджалася, што кантрактнікі ўяўлялі пагрозу легітымнасці мясцовых уладаў, якія дазвалялі гэтым структурам бескантрольна дзейнічаць. Шматлікія парушэнні і злачынствы (выпадкі адкрыцця агню па цывільным асобам, здзекі над зняволенымі і іншае), якія здзяйсняліся супрацоўнікамі фірм, станавіліся фактарам эскалацыі партызанскай барацьбы і паўстанцкага руху[22].

Ахмед Алу пісаў, што прыярытэт ПВК у развіваных краінах, у тым ліку ў Іраку, вымушае супрацоўнікаў органаў бяспекі звальняцца дзеля пабудовы кар’еры ў якасці кантрактнікаў. Такім чынам, нацыянальныя сілавыя структуры страчваюць чалавечыя рэсурсы[50].

Як пісалі ў сумеснай працы спецыялісты Цэнтра міжземнаморскіх даследаванняў і факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі, дзейнасць ПВК у іракскай палітыка-эканамічнай сістэме фактычна пазбавіла краіну часткі суверэнітэту, бо аб’екты крытычнай інфраструктуры не змогуць функцыянаваць без замежных спецыялістаў. Больш таго, паўсюднае выкарыстанне ПВК пазбаўляе стымулаў развіцця ўласных сілавых структур, якія, у сваю чаргу, таксама завязаныя на ўзаемадзеянне з наёмнікамі. Пры гэтым такое становішча спраў дазваляе амерыканскім уладам уплываць на краіну без прысутнасці вялікіх вайсковых кантынгентаў[51].

Амерыканскі палітолаг Беджамін Ткач пісаў, што ў залежнасці ад наёмнікаў апынуліся не толькі іракскія, але і амерыканскія ўлады[52].

Гл. таксама

Заўвагі

  1. У заходніх крыніцах пад тэрмінам «кантрактнік» (англ.: contractor) разумецца не вайсковец кантрактнай службы, а падрадчык. Гэта можа быць шырокі спектр спецыялістаў: баец ПВК, перакладчык, рамонтнік, вадзіцель, інжынер, менеджэр і г. д.
  2. Важнасць аховы раёна заключаецца ў тым, што тут размяшчаюцца ўрадавыя будынкі і пасольства ЗША.
  3. З 2010 называлася Xe Services LLC, з 2012 — Academi.
  4. Гуркхі — добраахвотнікі брытанскай арміі, набраныя з непальцаў.

Крыніцы

  1. «ЧВК в конфликтах на Ближнем Востоке» 2023, pp. 6–7.
  2. Chan 2009, p. 6.
  3. а б в Tracol 2012, p. 5.
  4. Tracol 2012, p. 13.
  5. Коновалов 2015, p. 189.
  6. «ЧВК в конфликтах на Ближнем Востоке» 2023, p. 9.
  7. Коновалов 2015, p. 195.
  8. Коновалов 2015, p. 196.
  9. «ЧВК в конфликтах на Ближнем Востоке» 2023, p. 7.
  10. «ЧВК в конфликтах на Ближнем Востоке» 2023, p. 18.
  11. Nényei 2009, p. 13.
  12. Isenberg 2006, p. 7.
  13. «ЧВК в конфликтах на Ближнем Востоке» 2023, pp. 9–16.
  14. Isenberg 2006, pp. 6–7.
  15. а б в г Коновалов 2015, p. 190.
  16. Isenberg 2006, p. 16.
  17. Isenberg 2006, pp. 12–15.
  18. Tracol 2012, p. 10.
  19. CRS 2008, p. 4.
  20. а б в «Частные военные компании и их роль в решении локальных конфликтов» 2015, p. 4.
  21. Safaa Al-Ghadab, Badra Gaalul 2021, الجهود الوطنية لتنظيم عمل الشركات العسكرية والأمنية الخاصّة.
  22. а б в Башкиров 2013.
  23. Коновалов 2015, pp. 189–190.
  24. Валецкий и Неелов 2015, pp. 98–99.
  25. Ahmed Alu 2016, المهمات.
  26. а б Коновалов 2015, p. 194.
  27. Коновалов 2015, pp. 194–195.
  28. Ahmed Alu 2016, «بلاك ووتر BLACKWATER» أو Xe Services.
  29. Al Mayadeen 2022, "بلاك ووتر".. ما فعلته "فيديكس" لخدمة البريد.
  30. Al Mayadeen 2022, "فاغنر" الروسية.. حروب الظل.
  31. а б в CRS 2008, p. 3.
  32. а б в Isenberg 2006, p. 8.
  33. Nényei 2009, p. 7.
  34. Валецкий и Неелов 2015, pp. 100–102.
  35. Chan 2009, p. 2.
  36. CRS 2008, p. 11.
  37. а б в «Частные военные компании и их роль в решении локальных конфликтов» 2015, p. 5.
  38. а б CRS 2008, p. 5.
  39. а б «Частные военные компании и их роль в решении локальных конфликтов» 2015, p. 6.
  40. а б в г Nényei 2009, p. 18.
  41. Валецкий и Неелов 2015, p. 110.
  42. а б DCAF Backgrounder 2006, p. 3.
  43. Валецкий и Неелов 2015, pp. 103–110.
  44. Коновалов 2015, p. 193.
  45. Tracol 2012, p. 11.
  46. Isenberg 2006, p. 4.
  47. Isenberg 2006, pp. 4–5.
  48. Коновалов 2015, pp. 189, 193–194.
  49. Валецкий и Неелов 2015, pp. 112–113.
  50. Ahmed Alu 2016, بين خصخصة الأمن وازدهار الحروب.
  51. «ЧВК в конфликтах на Ближнем Востоке» 2023, p. 17.
  52. Tkach 2020, p. 10.

Літаратура

Англамоўная
Арабамоўная
Рускамоўная

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya