Віктар Андрэевіч Корбут (нар. 21 верасня1981, Мінск) — беларускі і польскі журналіст, гісторык і экскурсавод. Член Беларускага саюза журналістаў (з 2007), Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў (з 2016), Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (з 2016).
Біяграфія
Скончыў Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа (1998), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры (2003) па спецыяльнасці «Музейная справа і ахова помнікаў гісторыі і культуры (музеязнаўства)». У 1998—2001 гадах карэспандэнт газеты «Наша ніва». У 1999—2000 гадах выдаваў газету «Радавая Беларусь». У 2001—2002 гадах карэспандэнт радыё «Рацыя». У 2002—2007, 2010—2016 гадах спецыяльны карэспандэнт газеты «Советская Белоруссия»[2]. У 2005 годзе сябар рэдкалегіі альманаха Druvis. У 2007—2009 гадах аглядальнік газеты «Туризм и отдых», у 2009—2010 — аглядальнік і рэдактар аддзела культуры «Народнай газеты». З 2018 года журналіст Польскага радыё. Супрацоўнічаў таксама з газетамі «Голас Радзімы», «Литовский курьер», «Народная Воля», The Minsk Times, часопісам «Беларусь». З 2016 года дактарант Варшаўскага ўніверсітэта[3], даследуе працэс фарміравання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў адлюстраванні віленскага беларускамоўнага пісьменства ў 1906—1918 гг.
Даследуе і папулярызуе мінуўшчыну Мінска і Вільнюса. Сярод навуковых зацікаўленняў праблемы этнагенезу беларусаў, гісторыя беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст., беларуска-літоўскія, беларуска-польскія адносіны.
Аўтар кніг «Минск. Лучший вид на этот город» (2013)[4], «Ад Мінска да Вільні. Гісторыя Беларусі ў журналісцкіх нататках» (2016)[5], «Мінск. Спадчына старога горада. 1067—1917» (сааўтар: Дзмітрый Ласько)[6], «Мінск. Спадчына сталіцы Беларусі. 1918—2018» (сааўтар: Дзмітрый Ласько)[7], камплектаў паштовак «Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі» (2015)[8], «Мінск. Минск. Minsk» (2017) (сааўтар: Дзмітрый Ласько), «Беларусь. Беларусь. Belarus» (2017) (сааўтар: Дзмітрый Ласько). Cкладае даведнік па месцах Вільнюса, звязаных з беларускай гісторыяй і культурай.
Аўтар экскурсійных маршрутаў «Мінск. Найлепшы від на гэты горад. Дзесяць стагоддзяў за тры гадзіны»[9], «Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі»[10], «Беларуская спадчына Варшавы»[11].
Суарганізатар культурнай акцыі «Беларуская культура ў панараме», арганізаванай Культурным цэнтрам Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча і кафедрай беларусазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта (2018).
Укладальнік першай кнігі пісьменніцы Югасі Каляды «Галоўная памылка Афанасія» (2005).
Прызнанне
Ганаровы дыплом Польскага інстытута ў Мінску (2004) за добрасумленнасць і ўніверсальную велічыню публіцыстыкі ў галіне культуры
Дыплом Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь (2010) за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой
Пераможца IX Рэспубліканскага турысцкага конкурсу «Пазнай Беларусь» (2011)
Дыплом Камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА (2011) за пашырэнне інфармацыі аб дзейнасці ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь
Падзяка міністра культуры Рэспублікі Беларусь (2012) за ўсебаковае асвятленне падзей культурнага жыцця і плённае супрацоўніцтва з установамі культуры і мастацтва Беларусі
Пераможца VІІІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» (2012) ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі»[12]
Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў (2013) за лепшую журналісцкую работу ў інфармацыйных і аналітычных жанрах
Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў (2015) за лепшую работу ў мастацка-публіцыстычных жанрах[13]
↑Белохвостик Н.. Минск, который мы видим, но не замечаем(руск.). Комсомольская Правда в Беларуси (12 студзеня 2017). Праверана 11-04-2019.(недаступная спасылка)
↑Криулин В.. Таким Минск видят только птицы(руск.). Комсомольская Правда в Беларуси (8 снежня 2017). Праверана 11-04-2019.(недаступная спасылка)
↑Шчарбачэвіч Н.9 нашых адрасоў у Вільні(недаступная спасылка) // «Ігуменскі тракт» № 7 (108) / «Звязда» № 35 (27893), 24 лютага 2015.